Книги

Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік)

22
18
20
22
24
26
28
30

Калі Канстанцін Каліноўскі быў схоплены і кінуты на час следства ў вязніцу, пчаляры спрабавалі перадаць яму мёд крывых пчолаў. Аднак гэта было забаронена асабіста Міхаілам Мураўёвым. Драўляную бутэлечку з мёдам выкінулі «в место отхожее, дабы никто не позарился либо случайно не испробовал сей чертов мед». Ёсць падставы меркаваць, што сакральныя пчаляры рыхтавалі вызваленне Каліноўскага з вязніцы або непасрэдна з месца пакарання смерцю на Лукішскім пляцы. Гэта быў сакавік 1864 г. Пчолы яшчэ спалі, таму разлічваць пчалярскім сілам даводзілася выключна на сябе і на запасы крывога мёду. Але з прычыны наводненасці краю царскімі шпікамі намеры пчаляроў сталі вядомымі ўладам. Генерал-губернатар перанёс смяротную кару Каліноўскага на іншы час, чым меркавалася спярша. Вільня і ўсе дарогі да яе былі перакрытыя. Карнікі хапалі ўсіх, хто ім здаваўся падазроным. У радыусе трох вёрст ад Лукішак жыхарам забаранялася трымаць дома ці пры сабе мёд ці прадукты на мёдзе. Не будучы перакананым да канца, што крывыя пчолы яшчэ спяць, Мураўёў загадаў падрыхтаваць каля шыбеніцы «скирды поленьев и большие охапки сена с соломой, дабы все было готово к разжиганию дымных костров для воспрепятствования вероятному налету пчел». Пчаляры так і не здолелі прабіцца ў горад, дарма што Каліноўскі перад самім павешаннем шукаў іх вачамі сярод натоўпу, які прысутнічаў падчас пакарання.[195]

Становішча, у якім апынулася Беларусь пасля задушэння паўстання 1863–1864 гг., трапна акрэсліў Аляксандр Цвікевіч (1929 г.): «Наплыўшы з глыбіні Расіі адно ў мэтах напхаць сабе кішэню і ня маючы абсолютна нічога стрымліваючага, уся гэтая арава чыноўнікаў, паліцэйскіх, пасярэднікаў, настаўнікаў, а то проста афіцэраў тых бязьлічных жандарскіх і казачых пастояў, якія хмарай пакрывалі пасьля паўстаньня «заміраную» Беларусь, унесла у край надзвычайны моральны распад, збэсьціла і спростытуявала грамадзкае жыцьцё ў самых асновах».[196] Але нават у такіх умовах сакральнае пчалярства працягвала існаваць і ўплываць на настроі часткі грамадства.

У 1868 г. у Пецярбурзе беларускія студэнты з паланізаваных і русіфікаваных сем’яў утварылі суполку «Крывіцкі вязок». Яе ўзначальваў Вайніслаў Казімір Суліма-Савіч-Заблоцкі, якому тады было ўсяго 18 гадоў.[197] Дакладна невядома, ці прайшоў ён і яго паплечнікі мядова-пчаліную ініцыяцыю. Аднак з лістоў Савіча-Заблоцкага да ўкраінскага дзеяча Міхайлы Драгаманава вядома, што ўдзельнікі «Крывіцкага вязка» планавалі «тлашчыць (друкаваць – С.Б.) беларускія букі (кнігі – С.Б.)», імкнуліся удасканаліць («ушляхціць») беларускую мову, рыхтавалі «слаўніцу», збіралі фальклор і гістарычныя сведчанні. Да пэўнага часу гэта не выклікала пярэчання з боку «правіцяльства». Аднак неўзабаве ў суполкі з’явіўся план заснавання ўласнага хутара ці нават цэлай вёскі з вялікай пасекай, васкабойнямі, сыраварнямі і іншым. Рэакцыя «правіцяльства» на гэта была маланкавай – «прыкрыла яно нас усіх». Каса разгромленай суполкі дасталася казне «на постройку церквей в Северо-Западном Крае и утверждение в нем православия».[198] Паказальна, што бацькі «вязкоўцаў» сцвярджалі, што дзеці «попали под злокозненное упадническое влияние неких великовозрастных подлецов из числа обожателей морфия и прочих непозволительных веществ». Застаецца невядомым, прыдумалі яны гэтую версію адно для таго, каб выгарадзіць сваіх дзетак, ці яшчэ і з увагаю на тое, каб адвесці падозранні ад сакральных пчаляроў. Удзельнікі «Крывіцкага вязка» знаходзіліся пад паліцэйскім наглядам рознай ступені строгасці. Сам Вайніслаў у 1875 г. быў вымушаны з’ехаць за межы Расійскай імперыі, жывучы паслядоўна ў Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі.[199]

Магчыма, што Вайніслаў Савіч-Заблоцкі нейкім чынам прычыніўся да «дыверсіі», якая адбылася 8 верасня 1878 г. на Сусветнай выставе ў Парыжы. А дзясятай раніцы да заходняга крыла павільёна Расійскай імперыі, выкананага ў псеўдарускім стылі, пад’ехала некалькі павозак. Невядомыя людзі спрытна разгрузілі 25 бочак сярэдняга памеру. Следам быў пастаўлены вялікі «цісовы стол» з карцамі, каўшамі ды іншым посудам. Над сталом усталявалі расцяжку з надпісам «Le miel de la Kryvie libre». Прадстаўнікі Расійскай імперыі палічылі, што гэта справа аднаго з купцоў, які збіраўся зладзіць частаванне наведнікаў маскоўскім квасам на казанскім мёдзе. Аднак неўзабаве адзін з двух мужчынаў, што засталіся пад расцяжкай стаў іграць на дудзе, а другі зацягнуў песню:

Крывіцкія пчолыМяне абудзілі,Агеньчык някволыЎва мне распалілі…

Гэта выклікала вялікую цікавасць гасцей і не меншую насцярожанасць працаўнікоў расійскага павільёна. Дудар і спявак налівалі ўсім ахвочым смачны мядовы напой. Ажыятаж атрымаўся страшэнны. Апоўдні ўсе бочкі апусцелі, а палац Тракадэра, дзе адбывалася выстава, нечакана напоўніўся беларускай гамонкай. Расійцы ўбачылі ў гэтым «польский сговор» і паспрабавалі звярнуцца да паліцыі, якая патрулявала выставу. Выявілася, што ніводны паліцыянт не разумеў па-французску, пачціва прамаўляючы: «Хай Вашаць прабачыць, бо нічога ў Тваёй гаворцы не цямлю». Тады расійцы рызыкнулі адправіць да расцяжкі «детинушек» з уласнае аховы. Паводзіліся «детинушки» дужа агрэсіўна, за што атрымалі ад дудара і спевака цэбрамі па галовах. Апошнія неўзабаве зніклі ў агульнай мітусні. Калі дзеянне мядовага напою нарэшце спынілася, ніхто нічога ўцямнага з нагоды сваёй часовай беларускамоўнасці сказаць не мог.[200]

Надзвычайным радыкалізмам дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ў пачатку 90-х гг. ХІХ ст. вылучаліся Багуслава Парчэўская і Клаўдыюш Барло. Абодва нарадзіліся ў 1865 г. у сем’ях, што спачувалі паўстанцам і сакральным пчалярам.[201] Навучаліся ў менскіх гімназіях, а пазней ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Насуперак русіфікатарскай палітыцы і гнятлівай атмасферы ваенна-паліцэйскага рэжыму Парчэўская і Барло ўвабралі цэлы комплекс народніцкіх ідэй, якія парадаксальным чынам спалучыліся з традыцыяналісцкімі поглядамі.

У 1890 г. на пасецы, што мясцілася недалёка ад знакамітых Барысавых камянёў яны супольна прайшлі паўнавартасны мядова-пчаліны абрад, стаўшы паводле пчалярскай традыцыі жонкай і мужам. Тады ж Богця і Клаўдусь, як яны сталі сябе называць, пакляліся змагацца за «сваявіцу». Пчаляр Валодка, што стаў міжвольным сведкам гэтай клятвы, перадаў ім частку напалеонаўскага скарбу, які са снежня 1812 г. быў прыхаваны на пасецы. Каштоўнасці яны канвертавалі ў грошы, а грошы – у зброю, коней і ўсе неабходнае для раз’ездаў па гарадах і вёсках «Северо-Западного края».

Клаўдусь з гімназічных часоў захапляўся зброевай справай. У 1890 г. ён вынайшаў спосаб змянення канструкцыі рэвальвераў, каб іх можна было выкарыстоўваць для стральбы патронамі з адмысловымі капсуламі замест куляў. Капсулы запаўняліся спецыяльным растворам з мёду крывых пчол і іх гаючага яду. Да 1892 г. Богця і Клаўдусь аб’езділі ўсе этнічна беларускія землі, карыстаючыся першымі картамі, якія на той момант склалі этнографы. Іх мішэнямі станавіліся «столоначальники и предводители дворянства, управляющие государственными имуществами и прокуроры, инспекторы врачебных управ и штатные ординаторы богоугодных заведений, депутаты дворянских собраний и священники православные и римско-католические» ды іншыя катэгорыі чыноўнікаў, вайскоўцаў, працаўнікоў адукацыйнай сферы, духавенства. Доўгі час Парчэўскай і Барло шанцавала: яны паспявалі зрабіць сваю справу і хуценька даць цягу, мінімальна затрымліваючыся ў перастрэлках з паліцыяй.

Зрэшты, раствор, які выкарыстоўваўся імі ў капсулах, спрыяў толькі частковай і часовай беларусізацыі. Зразумеўшы гэта, Богця і Клаўдусь усё адно не спынялі сваю дзейнасць. Спрабавалі расстраляць мядовымі капсуламі нават віленскага генерал-губернатара Івана Каханава, які быў адным з актыўных праваднікоў русіфікатарскай палітыкі. Паліцыя шукала Парчэўскую і Барло па ўсіх «белорусско-литовских губерниях и на смежных землях», мяркуючы спачатку, што дзейнічаюць нейкія паслядоўнікі разгромленай агульнарасійскай тэрарыстычнай арганізацыі «Народная воля». Аднак потым следчыя зразумелі, што праблема, з якой яны сутыкнуліся, значна складанейшая і больш небяспечная, бо «сии преступники поспешествуют саботажу обрусения края, производя оный посредствам заражения верных сынов Отечества нашего российского некой белорусизаторской дрянью».

Злавіць «преступников» было не так проста. Яны мелі добрыя акторскія здольнасці і ўвесь час пераўвасабляліся ў новыя вобразы (вайсковец з дамай, пара жабракоў, пілігрымы ў Жыровічы з Хацапетаўкі ды інш.). У Менску паліцыя адшукала іх супольны фотаздымак, дзе яны былі адлюстраваныя «в простонародных здешних нарядах белого колеру с красной узорчатой вышивкой, в которой привлеченные к расследованию этнографы усматривают языческое поклонение солнцу и пчелам». На жаль, гэты здымак не захаваўся, загінуўшы ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., калі адбывалася спроба рэарганізацыі паліцыі ў міліцыю.

14 траўня 1892 г. на Даўгінаўскім гасцінцы Богця і Клаўдусь трапілі ў паліцэйскую пастку. Дваццаць паліцыянтаў з двух схованак расстралялі іх двухколку, адкрыўшы перакрыжаваны агонь з рэвальвераў і вінтовак. Агулам паліцыянты выпусцілі больш за паўтары сотні куляў, трэць з якіх ператварыла «преступников» у крывавыя рэшаты. Прыстаў 1-й паліцэйскай часткі Менска Мікалай Прынцаў, які кіраваў аперацыяй, пазней успамінаў: «Выбора у нас не было: либо мы их русским свинцом, либо они нас польско-литовской мерзостью».[202] Паліцыя і мінскія ўлады доўга вырашалі, дзе пахаваць Парчэўскую і Барло, якіх у судовым парадку прызналі язычнікамі. Жахлівая пагібель барацьбітоў за «сваявіцу» узрушыла пчалярскую грамадскасць. У пчалярскім коле нарадзіўся верш-жальба, прысвечаны Богці і Клаўдусю:

Анікому не кажы,Што нас сцялі на крыжы.Не запальвай нам у памяць каганец.Мы заходзімся ад ран.Загадаў штабс-капітанКроплі мёду размяніць нам на свінец.[203]

Следства шукала саўдзельнікаў, але з незразумелай прычыны зайшло ў тупік і спынілася.

Гэта быў той самы час, калі Францішак Багушэвіч выдаў два зборнікі сваіх вершаў, а ў розных кутках колішняй Вялікай Літвы падрасталі дзеці, якія ў пачатку новага стагоддзя нечакана распачалі Беларускае Адраджэнне, што ў выніку прывяло да Нацыянальнай Рэвалюцыі 1918 г. Браты Іван і Антон Луцкевічы, якія стаялі ля вытокаў Беларускай сацыялістычнай грамады і нашаніўскага руху, навучаліся ў Менскай гімназіі, дзе доўгі час хадзілі легенды пра Клаўдуся Барло і яго сяброўку Богцю. Гэта, у сукупнасці з сямейнымі традыцыямі прыхільнасці да беларушчыны, і вызначыла іх этнакультурныя і палітычныя прыярытэты. Дакладна невядома, ці праходзілі яны, іх бліжэйшыя паплечнікі і паслядоўнікі мядова-пчаліную ініцыяцыю. Аднак, здаецца, што без яе тут не абышлося. Яшчэ ў 1868 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які падмацоўваў сваю беларушчыну толькі мёдам крывых пчолаў, зычыў Яну Баляславу Луцкевічу (бацьку гэтых слаўных братоў):

У бочках, яндоўках і ўсякай пасудзе,Каб не выбіралась гарэлка, мёд, піва,Няхай п’юць удоваль добры і злы людзе,На завісць непрыяцелям і ўсім на дзіва.[204]

Ясна, што, хаваючыся ад цэнзуры, паэт меў на ўвазе мядовую гарэлку, крывы мёд і піва на мёдзе. Частаваць гэтымі напоямі, як добрых, так і злых людзей ён зычыў, намякаючы не столькі на гасціннасць, колькі на магчымасць пашырэння кола прыхільнікаў беларушчыны. Магчыма, што Ян Баляслаў Луцкевіч усё ж меў нейкае дачыненне да сакральнага пчалярства, калі ўжо ў адрасаваным яму віншаванні Дунін-Марцінкевіч зачапіў мядовую тэму. Самі Іван і Антон Луцкевічы не пакінулі якіх-небудзь сведчанняў пра пчалярскі ўплыў на іх. Аднак ускоснае пацверджанне гэтаму ўсё ж знаходзіцца.

У 1908 г. віленскую кандытарскую краму Абрамовіча, што знаходзілася па адрасе «Завальная, 36» нечакана атакавалі пчолы. Шматтысячны пчаліны рой спачатку абсеў на вітрынах, дзвярах і вокнах. Іх шчыльнасць была такой, што наведнікі ўнутры крамы не маглі разгледзіць, што адбываецца на вуліцы. Многія з перапуду палічылі гэта зацьменнем або вынікам прылёту каметы, якой абываталі тады дужа баяліся. Адкрыццё, што цемру ў краме зрабілі пчолы, анічуць іх не ўсцешыла.

«Стаяў неверагодны гуд. Напэўна такі, калі б нехта зладзіў на вуліцы гонкі з сотняй аўтамабіляў, у якіх бы спаборнічалі польскія нацыяналісты і вялікарускія шавіністы», – успамінала пазней адна з наведніц кандытарскай Магдалена Ёдка.[205] Некаторыя сталі панікаваць. Знайшоўся малады паніч, які проста дрыжаў ад страху і імкнуўся падзяліцца ім з астатнімі, згадваючы гісторыі пра пчолаў, якія сваімі джаламі знішчалі «duch polski w również znanych i szanowanych ludzi». Дробны расійскі чыноўнік, пачуўшы гэта, зларадна сказаў: «Отличные пчелы, милостивый государь! Побольше бы таких отметили себя на поприще обрусения Западного края». Пасля прамоўленага ён смела адчыніў дзверы. Пчолы імкліва рынулі ў краму, абляпіўшы сабою з дзясятак наведнікаў і колькіх прадаўцоў.

«Мы ўсе крычалі так, быццам нас пускаюць на скураныя папругі, – згадвала Ёдка. – Боль ад пчаліных джалаў быў неймаверна жахлівым, але толькі першыя тры хвіліны. Як толькі яны мінулі, мінуў і боль. Мы стаялі аблепленыя пчоламі, не разумеючы, што з намі адбываецца. Нейкі час трымалася маўчанне. Аж нарэшце чыноўнік звярнуўся да паніча з пытаннем: «Вашаць часам не ведае, дзе можна купіць беларускай газеты?». На гэта здзіўлены паніч адказаў: «На жаль, не ведаю. Але ж ведама: хто пытае, той не блудзіць, хто шукае, той знаходзіць». І адзін, і другі гаварылі па-беларуску. Следам за імі на беларускай мове загаварылі і астатнія наведнікі крамы, у тым ліку і я. Тады пчолы, быццам па камандзе зляцелі. Гэта было другое агульнае здзіўленне, бо ўсе меркавалі, што пчолы павінны былі памерці».

Усе, хто быў уджалены пчоламі ў кандытарскай краме Абрамовіча так ці інакш далучыліся да беларускага Адраджэння. Найбольш верагодна, што пчолы прыляцелі з рэдакцыі газеты «Наша Ніва», якая месцілася амаль па суседству – у будынку на рагу вуліц Завальнай і Трокскай. Браты Луцкевічы былі негалоснымі рэдактарамі «Нашай Нівы». На старонках газеты, між іншым, змяшчаліся і каштоўныя парады для пчаляроў, што таксама нельга лічыць выпадковым.

Сакральныя пчаляры, як і дзеячы легальнага беларускага адраджэнскага руху, часцяком стараліся выкарыстоўваць хібы імперскіх механізмаў у сваіх мэтах. У 1906 г. прэм’ер-міністр Расійскай імперыі Пётр Сталыпін абвясціў аб пачатку аграрнай рэформы з планам хутарызацыі. Колы сакральнага пчалярства адразу зразумелі выгоды стварэння хутароў і водрубаў, якія давалі сельскім гаспадарам большую самастойнасць, паніжала ўзровень кантраляванасці асабістага жыцця з боку ўладаў і царквы. Многія сталі марыць пра тое, што хутарская сістэма прывядзе да значнага павелічэння колькасці крывых пасек, умацуе пазіцыі сакральнага пчалярства ў этнічных беларускіх межах, пасля чаго яно адкрыта аб’яднаецца з нацыянальна-культурным рухам на чале з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі. Нядзіўна, што тэмпы выхаду сялян на хутары ў Беларусі апынуліся больш высокімі, чым ва ўнутраных губернях Расійскай імперыі.[206]

Зрэшты, царская адміністрацыя неўзабаве зразумела непажаданы для імперскіх інтарэсаў пабочны эфект хутарызацыі ў беларускіх губернях. Бюракратычны апарат стаў усяляк замінаць пераходу на хутары тых, хто падазраваўся ў сакральным пчалярстве. Трэба з жалем зацеміць, што не ўсе тагачасныя пчаляры былі дастаткова пісьменнымі ў сэнсе геаграфіі. Значная іх колькасць слаба ўяўляла рэальную плошчу тэрыторыі Беларусі (Вялікалітвы, Крыўі) і адлегласць паміж яе крайнімі пунктамі. Расійскія ўлады не прамінулі выкарыстаць гэта ў сваіх мэтах. Яны рэкламавалі пераезд «в отдаленные богатые свободными землями районы Белоруссии». Шмат хто клюнуў на рэкламныя абяцанкі, спадзеючыся на новым месцы ўзняць сакральнае пчалярства з нуля. Вялікім шокам для іх потым стала адкрыццё, што сталыпінскія вагоны іх прывезлі ў Сібір.[207]