Книги

Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік)

22
18
20
22
24
26
28
30

Увесну 1507 г. Францішак Скарына быў ужо камандзірам невялічкага спецпадраздзялення, якому даручылі вельмі важкую місію – паспрабаваць малою крывёю адваяваць Гомельскі замак, нейтралізаваўшы Васілія Мажайскага. Доўгі час гэтая інфармацыя, будучы па праўдзе навідавоку, заставалася непрыкметнай для скарыназнаўцаў. Рэч у тым, што ў прадмове “во всю Бивлию” Скарына дакладна адзначыў, дзе трэба шукаць звесткі пра ягоную службу ў войску: “Аще ли же кохание имаши ведати о военных а о богатырских делех, чти книги Судей”.

У названым раздзеле Бібліі наш першадрукар зашыфраваў свае ўспаміны пра гомельскую аперацыю, камбінуючы методыкі “дванаццаціколавых табліцаў”, “палібіянскага квадрата” і “прамяністага кубка”. Мова дэшыфраванага тэксту значна розніцца ад традыцыйнае “скарыніцы”, набліжаючыся больш да “актавіцы” – старабеларускай мовы актавых матэрыялаў таго часу. “За росказаньем господоря великаго князя нашего Жикгимонта а теж гетмана найвызшего Астрогскаго Костянтина двадцать пятаго дня месяца юня рушили мы место Гомей здобывати”, – пачынае свой аповед Францішак Скарына. “До околиц гомейских” ён разам з групаю (на жаль, Францішак нідзе не называе сваіх падначаленых пайменна) быў дастаўлены “по воздуху за помоцъю чорнаго батяна, званаго инколи в панствах чужых фениксом”. Група дэсантавалася дзесь у абсягу сучаснага Сяльмашу і без прамаруды ўчыніла марш-кідок “в три версты литовских на полудень, игде по карти лежати мусело болото”. Гаворка тут аб балоце, якое ў пазнейшыя часы (ХІХ-ХХ стст.) было знаным як Гарэлае. “З онаго ж початок имаеть ручей, который Гомеюком рекуть а який до самаго гомейскаго замку доплываеть, у Сожу впадаючи”, – паведамляе Скарына. Падрыхтоўка ў караімаўскім лагеры не мінулі дарэмна. Група пагрузілася ў ваду Гамеюка і апрычонымі гукавымі заклёнамі замовіла тутэйшых какадрылаў (у мясцовых дыялектах – кракoдзілы), якія захоўвалі вернасць Вялікаму княству Літоўскаму. Пры іх дапамозе, “до черевьев учепившися”, караімаўцы праплылі пад вадою рэшту адлегласьці да замка. “А дыхали мы през соломку для вельшего эффекту воздушнаго”, – тлумачыць камандзір групы.

Перш, чым пайсці пад драўляныя замкавыя сцены, воі “стали на водмели вкруг, ся тримаючи за руки, абы сотворити поле сильное” для навядзення трансу на варту. Сапраўды, ужо праз хвіліну з боку вартавых вежаў “донеслося голосное хрыпенье, в спячку впалых”. Льга было ўрывацца ўнутр. Выявілася, што і за сценамі замка панавала праўдзівае царства сну. Рухаючыся да княскага двару, адзін з людзей Скарыны “на крывым мести ся спотыкнул” ды “крыкнул звонко, поминаючи роспустных жанок”, чым у момант спраставаў, наведзены на маскавітаў транс. Усчалася крывавая сеча. Сваёй нахрапістасцю ворагі не дазвалялі ні Скарыну, ні ягоным супольнікам скарыстацца чым-кольвек з іх спецрыштунку: “дудку-самагудку посекли, а з чоботов-борздобегов подметки позрывали”. Уся надзея заставалася на эксклюзіўныя срэбныя шаблі з іртутным напаўняльнікам.

Група пастанавіла, хаця б цаною собскіх жыццяў, выкінуць з Гомея Васіля Мажайскага. “Але Василька в хоромине не было, только рукописанье на дверех дубовых светчило: «Пошел в баню в Уваровичи»,” – роспачна адцеміў Скарына. Ворагі юшыліся, рвучыся ў “хоромину”. Караімаўцам здалося, што “деяние наше провалено ест”, што з сітуацыі “жаднаго выхода нетути”. Яны пачалі ўжо маліцца, калі камандзір іхны згадаў пра дрэсіраваную муху цэцэ, якую яшчэ ў студэнцкія гады прыдбаў на кракаўскім рынку. Абудзіўшы ад сну, ён выпусціў яе з адмысловае пушачкі, якая поруч з нацельным крыжыкам, і вайсковаю біркай вісела на шыі, і даў просты загад: “Куси москвичя!”. Для маскавітаў гэта было “несподеванки полные портки” і яны “горло драти зачали, от мухи моей ратунку благаючи”. Карыстаючыся з замятні, група Скарыны мусіла ўцякаць. Каб не сыходзіць з пустымі рукамі, яны прыхапілі з сабою харугву Мажайскага. Пакуль маскавіты “лахи под пахи” ад мухі бегалі, караімаўцы “спокойныя, яко слоны, але смутныя, яко зозули до ворот пошибовали”.

Група задала нырца ў сожскія хвалі і паплыла на процілеглы бераг. Маскавіты ж ушчалі “з пищалей гукати, абы ся отомстить за тую свою ганбу”. З вялікаю цяжкасцю, але “за подякаю фортуны” Скарына і яго падначаленыя выйшлі жывымі з вады. Радасці было мала – аперацыя праваленая, самі ў тыле ў ворага, ніякай помачы ніадкуль чакаць не выпадала. Дзівіла, праўда, тое, што ніхто “не стал преследы чынити”. З тым подзівам забрылі яны ў нейкае пасяленне, дзе “жоны одны одинокия мешкали”. Тамака ж караімаўцы і заначавалі “добрым а ласкавым обычаем”. Простыя беларускія бабы-ёгі, якія “тылко до чужимцев в страхотие оберталися”, насамрэч “пиенкностию и кунегою красовали”. Яны і ахвяравалі для вояў яго вялікакняскай міласці колькі лятучых сродкаў, на каторых тыя “до Менску полетели рыхло”.

Вышэйшае камандаванне было незадаволеным. Сёй-той хацеў аддаць Скарыну пад трыбунал, але прадстаўлены трафей улагодзіў справу: вораг быў зганьбаваны, дарма што і застаўся “вымытым” сядзець у Гомеі. Маскоўскі ўладар Васіль ІІІ, які толькі часткова дазнаўся пра дзёрзкую акцыю вялікалітвінаў на Гомельшчыне, неадкладна загадаў узрэзаць паўночна-усходнія межы ВКЛ і напасці на Полацк і Смаленск. Сітуацыя ў краіне ўскладнялася з прычыны закалоту, учыненага чарнакніжнікам Міхалам Глінскім (у народзе – Глінскі-Папялінскі). У гэтым тлуме, крывавым балі з адцятымі галовамі сляды Скарыны часова губляюцца.

Памяць пра тое, што Францішак Скарына быў пад Гомеем захоўвалася да пачатку ХІХ ст. З вуснаў у губы перадавалася легенда пра таямнічых “нашых рускіх салдат”, якія “ночку начавалі з бабамі нашымі”, ад таго “і мы ўсе пайшлі”. Тое пасяленне зараз уваходзіць у межы горада. Тамака і месціцца вуліца імя Скарыны, а таксама вуліца Бабушкіна (званая так, як разумееце, зусім не ў гонар расійскага рэвалюцыянера). Гомель не забывае сваіх герояў.

2003 г.

Праз дзядоўнік да зор

У афіцыйнай гісторыі беларускае касманаўтыкі першымі нашымі касманаўтамі лічацца Пётра Клімук (палёты 1973 і 1977 гг.) ды Ўладзімір Кавалёнак (палёт 1977 г.). Неафіцыйна за свайго, бо нарадзіўся на крывіцкай Смаленшчыне, сёй-той уважае Юрыя Гагарына (1961 г.). Між тым Беларусь была шчыльна знітаваная з асваеннем касмічнае прасторы задоўга да названых палётаў. Мы тут не станем запыняцца на няўдалых валюнтарысцкіх спробах ката беларускага народа гаўляйтара Вільгельма Кубэ, які ў 1942 г. хацеў стварыць касмадром на месцы катастрофы іншапланетнага касмічнага судна пад Баранавічамі. Звернемся ж мы да ведамых і малавядомых крыніцаў ХVІІІ-ХІХ стст.

У Рэчы Паспалітай, стомленай ад унутранага бязладдзя і шныпарання па яе абшарах чужаземных вайсковых кантынгентаў, з 1769 г. меўся спецыфічны анклаў. Ля рачулкі Мерачанкі ў маёнтку Паўлаў – за 28 вёрст ад Вільні – існавала буржуазная рэспубліка з аўтарытарнай дыктатурай мяккага тыпу пана Паўла Ксаверыя Берастоўскага (Бжастоўскага).

Адам Кіркор у трэцім томе “Живописной России” (1882 г.) так адлюстраваў ягоную чыннасць: “Нельзя не упомянуть […] о имении Павлов […], известном под названием Меречанско-Павловской республики. Основателем ея был владелец имения, литовский референдарий, прелат-архидиакон виленского капитула […]. В 1769 г. (10 марта) основал он маленькую республику […], отказавшись от прав вотчинника, но сделавшись гражданином республики наравне с каждым поселянином и наравне со всеми подвергаясь обязанностям, предписываемым статутом республики, учрежденным сеймовым постоновлением 4 апреля 1791 г. […]. Каждый житель был человеком свободным, владел собственною землею, мог быть избран президентом республики, а равно и в другия должности. Граждане, однако, из благодарности избрали пожизненным президентом самого Бржестовского […]. В Павлове существовали училища, больница, ломбард, были даже сеймовые собрания, на которых избирались депутаты, и дела решались по большинству голосов. Многие приезжали из отдаленных мест изучать и удивляться этому небывалому в то время устройству имения, в котором все жители были свободны, просвещенны, зажиточны”.

Нядзіўна, што рэспубліка ўвабралася ў сілачку, пераадольваючы феадальныя перажыткі ў палітычным і эканамічным жыцці, ствараючы спрыяльныя варункі для развою напраўду буржуазнага грамадства. Акурат на ўздыме буржуазнае эйфарыі, як паведамляе прыпіска ў “Магілёўскай хроніцы”, пан прэзідэнт пастанавіў “czlowieka na Miesiac otprawici”. Падрыхтоўка вялася ў глыбокай сакрэтнасці, аднак усё ж была заўважаная расійскімі шпіёнамі. “На Виленщине у деревушки Павлушкино отмечается небывалое доселе перемещенье людских и лошадиных сил. Ведется некое, не вполне вразумительное строительство. Из дерев и каменья созидается нечто навроде ступенчатой башни, назначенье коей наши знатоки утрудняются определить достоверно. Вероятно, что башня оная суть взбалмошное измышленье местнаго панка и представляет собою шкилет для будущего засыпанья солью и творенья подобия снежной горы для катания с нея на санях летом”, – увосень 1788 г. даносіў у Санкт-Пецярбург штабс-капітан Міхаіл Лер-Прыклонскі.

Між тым вежа была не абы-чым, а ракетнай шахтай. Праект распрацаваў Якуб Яленскі, які доўгі час сушыў мазгі ў Амстэрдаме і спрытна авалодаў (дарма, што не многім давалася) фундаментальнаю працай “Вялікае мастацтва артылерыі” нашага слаўнага земляка Казіміра Семяновіча. Ладныя, як з рога дастатку, грашовыя ўліванні пана Берастоўскага дапамаглі таленавітаму маладому навукоўцу не толькі удасканаліць тэарэтычныя напрацоўкі Семяновіча па стварэнні шматступеневых ракетаў, дадатковых рухавікоў, стабілізатараў (у т.л. тыпу “дэльта”), але і прыступіць да практычнага ўвасаблення праектаў. Тры тэчкі чарнавікоў, разлікаў, краслюнкаў, рысункаў і схемаў Якуба Яленскага, калі верыць былому супрацоўніку КГБ СССР Мікіту Грызун-Барклай дэ Толі, захоўваюцца цяперака ў беларускім аддзеле т. зв. “фонда сокрытия” архіва ФСБ Расійскай Федэрацыі.

Ініцыятар разам з распрацоўнікам праекту імкнуліся прадумаць усё да дробязяў. У рэестравых кнігах (запоўненыя польска-беларуска-царкоўнаславянскай трасянкай) Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі таго часу неаднакроць прыгадваюцца размаітыя рэчы, што купляліся або ў Рэчы Паспалітай, або ў краінах Еўропы. Сярод рэчаў: “butyki metalowy na abjom pa dwa karcy każnaja – 500 sztuk” (кіслародныя балоны), “990 tysiec ziercal malych Nalibockich osobliwych”, “szklo Ureckie barzo twardo” розных відаў, у т.л. “naksztalt sfer obsieczonych” (верагодна элементы для спускальнага апарату ды скафандраў). Для тых жа скафандраў былі закупленыя значныя адрэзы ядвабу, лёну, аксаміту, два мядзведжых і пяцьдзясят сабаліных футраў. Паводле дастаўленых з Італіі “widymusau” (копіяў) эскізаў Леанарда да Вінчы быў пашыты парашут (“cichopad”).

Якой выскваркі было варта будаўніцтва ракеты ды механізмаў спускальных апаратаў, сказаць з пэўнасцю немагчыма. Але ўскосна мы дазнаемся пра “карточный выигрыш пана Павла Бржестовскаго у капитана инфантерии Алексия Поклонскаго осьмидесяти пудов литовских пороха месяца июля года 1789”. Адкуль у Паўлаў завозіўся метал і што за ён – невядома. Шмат туману і з характарам ракетнага паліва, якое без тлумачэнняў у дакументах празываецца “palidlom Krasinskiego”. Верагодна, што вядзецца тут пра гомельскага старосту Мікалая Красінскага, які ў 1730 г., не даехаўшы да Вільні, памёр у Менску. Згодна са звесткамі знанага архіварыуса Адама Клакоцкага гамельчуку перад сконам заняло мову і ён папрасіў пяро з атрамантам ды паперу, на якой стаў крэмзаць “штосьці сярэдняе між літарамі, лічбамі ды музычнымі знакамі”. Хутчэй за ўсё, гэта і была формула памянёнага вышэй “palidlа”, якую Красінскі імкнуўся перадаць у рукі вышэйшых улад Вялікага княства Літоўскага. Зыходзячы з разлікаў, гэтага паліва патрабавалася ўсяго толькі дзве бочкі віленскія, то бок блізу 815 літраў ці то 1630 сучасных паўлітровых бутэлек.

Так ці інакш, але ўвесну 1790 г. усё было гатова да палёту. Ніхто, як па шчырасці, ня мог гарантаваць удаласці выніку ўсяго задуманага, бо аніякіх выпрабаванняў не праводзілася. Не дзіва, што добраахвотнікаў між грамадзян Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі на гэтую небяспечную справу, бы венікам змяло. Акурат з тых часоў паходзіць каларытная прымаўка: “Прабач, пане, Месік поперак горла стане”. Якуб Яленскі быў вымушаны ўзяць на сябе гонар стаць адным з касманаўтаў.

Другую кандыдатуру прэзідэнт збіраўся адмысловым прывілеям прызначыць з ліку сваіх падданых. Аднак, як казак з маку, у тых мясцінах з’явіўся мантач, піток, бабадур, двубойнік, прабеглы зух, каторы ў сваім жыцці не з аднае печы хлеба паспытаў, паэт-імправізатар Дамінік Валіцкі – колішні сябар праектоўцы. “Мне цяпер лепі ў морах месяцовых паплываці, ніжлі ў Птычы прэз Радзівілла ўтаплёным быці”, – заявіў ён пану Берастоўскаму, маючы наўвеце нейкія свае ростыркі з прадстаўнікамі знакамітай магнацкай фаміліі. З нагоды рашэння паляцець у космас Дамінік напісаў кароткі верш у японскім стылі:

Я адстаўлю ўбокЗ крамбамбуляй фляшу,Бо надта ж янаМне засціцьМесяц, на які лячу.

Старт ракеты “Odnorog Wolnosci”, прымеркаваны да 62-га дня народзінаў знанага астранома Марціна Пачобут-Адляніцкага, і адбыўся адпаведна 30 кастрычніка 1790 г. Расійскія шпегі былі шакаваныя, нібы каты на гарачай блясе, і збівіста-невыразна дакладалі каранаванай распусніцы Кацярыне ІІ: “У селения Павликово произошед преогромнейшей силы взрыв, кой в своем основании имает прямую связь с выпаданьем из небеси лохматой звезды малых величин. Оная звезда, вдарившись оземь, породила сей взрыв и союзно с ним полетела вновь во вселенну”. Ляцець “во вселенну” вялікалітоўскім (беларускім) героям давялося тры з паловаю месяцы. Гэта сведчыць пра тое, што таямнічае “palidlo Krasinsiego” дазволіла развіць хуткасць палёту парадку 150 кіламетраў у гадзіну. Пытанне, чым увесь гэты час і зваротную дарогу сілкаваліся нашы касманаўты, а таксама ў які спосаб здавальнялі свае прыродныя надобы, застаецца адкрытым. Да нас дайшло адно некалькі паасобных аркушаў з успамінаў Дамініка Валіцкага, пісаных па-беларуску польскаю лацінкай (падаем тутака ў кірылічнай транслітарацыі). Дык жа 17 лютага 1791 г. Якуб і Дамінік ажыццявілі пасадку на Месяц у раёне т. зв. Мора Спазнання (“мабуць гдзесь пасяродцы месікавай усмішкі прысталі”). Вось як апісаў першыя ўражанні Валіцкі: “Я піргнуў асцеражнейшым абычаем, то й праляцеў толька дзве сажні. От того мы здзецінілі саўсём да ўшчалі скакаці й блазнаваці. Якубок латво ўскочыў на волотоўку, якбы на Пацаў у Вільні палац. Я тэж не забавіўся тэго ўчыніці. А гды ся спотрэбіло піргнуць долу, так мы дужэ гловы зачэсалі: то ж ня хыхі навет і з страхі сялянскай хаты на грудок каменняў сігануці. Але, надважыўшыся, мы смела рынуліся далоўкі а ляцелі барзо плыўно, словом у Нарочы буўтырхаліся”.

Адолеўшы свае першыя эмацыйныя рэакцыі ад выйсця на нязведаную планету, беларускія (вялікалітоўскія) астранаўты сталі на ўсе вочы разглядаць асаблівасці месяцавае прыроды. “Натура Сылены была супоўна мёртвай: ні стуку, ні груку, ні побрэху сукі – адно каменныя курганы да ўзвышшы. Ані травіначкі там не было, а так хцялэм васілька якога пабачыць”, – распраўляе Валіцкі. Ландшафты Месяца выклікалі ў зямлян не самыя лепшыя ўражанні: “Які ж кеп назмышляў, што на Месіку плёскаюць морскія фалі?! Тамака ў мора камлыжныя фалі, а вадзіцы ні краплінкі нетуці. Барані, Божа, каб ня стало такого ў нас!”.

Нашыя “звездаплаўцы” (наватвор Валіцкага), пабадзяўшыся моўчкі дзве гадзіны, набралі куфэрак камянёў, а ў адным месцы закапалі і акрылі валуном свержаньскую фаянсавую “фляшу” з крамбамбуляй і “сярэбны футэралак” з запіскаю. Запіска называла імёны саміх герояў, імя фундатара, адзначала факт высадкі, а месяц абвяшчала складоваю часткай Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі. Быў час вяртацца. Канструкцыя спускальнага апарата прадугледжвала магчымасць яшчэ аднаго старту: “Ніжні члонэк караба наськага быў, бытта армата пушчалная, што ў Паўлаве засталася. Тому як Месік за Землю мнейшы, дык і члонэк той мусіў мнейшым быці. Накш мы б рызыкавалі дужэ ў планіду радзімую жахнуцься”. Такім парадкам нашы астранаўты пакінулі на спадарожніку Зямлі яшчэ адзін свой “сувенір” – гарматападобны васьмігранны слуп, аздоблены выяваю аднарога і шыльдаю з надпісам: “Odnorog. Mknu w niebo – prez dziadownik do zwiezd”.