Такія словы Дунін-Марцінкевіч прыпісваў хатняй гаспадыні. Можна меркаваць, што на больш высокіх прыступках тагачаснай сацыяльнай лесвіцы абураных і незадаволеных таксама знаходзілася нямала. Кнігі “Гапон”, “Вечарніцы”, “Купала”, зноў жа паводле сведчання самога аўтара, разыходзіліся досыць марудна. Выяўныя паланафілы, якія не разумелі, што для пана Вінцэнта польскія цноты і беларуская чэсць былі паняткамі тоеснымі, бачылі ў яго творчасці расійскую змову супроць пальшчызны.
Так Дунін-Марцінкевіч абмалёўваў настроі тагачасных ультрапаланафілаў. Верагодна, што акурат нехта з іх і надумаў зрабіць ход траянскім канём, каб яшчэ больш мінімізаваць продаж беларускамоўнай кніжнай прадукцыі, якой і без таго было нягуста. Па словах класіка на пачатку восені 1856 г. вуліцы Менску хтосьці абклеіў досыць вялікімі плакатамі, якія ўяўлялі з сябе каляндар на наступны 1857 год:
Калі давяраць пісьменніку, на фігавым лістку стаяў надпіс “Беларуская гаворка”, а ў левым верхнім куце невядомыя аўтары змясцілі расійскамоўную фразу: “Въ 1857 году я переплюну Кохановскаго”, якая мела лагічнае завяршэнне словамі, размешчанымі пад выявай аголенай постаці класіка: “И завтракъ будетъ моимъ!”. Відавочна, што ўвесь гэты лексічна-візуальны канструкт мусіў умацоўваць абываталя ў думцы аб прадажнай сутнасці творчасці пана Дуніна-Марцінкевіча.
Пісьменнік быў шакаваны, калі паліцыя выклікала яго з Люцінкі для разбіральніцтва аб паходжанні плакатаў:
Мяркуючы з чарнавіка, паліцыя не стала заводзіць справу на пана Вінцэнта, бо здолела разглядзець антымарцінкевічаўскі змест календара і палічыла неверагодным, каб сам творца выстаўляў сябе на пасмех паланафільскай публікі. На жаль, ніякімі іншымі дакументамі гэты інцыдэнт не пацвярджаецца. Даследніца Аўгіня Мернажыцкая мае аптымістычныя надзеі адшукаць асобнік згаданага календара ў архівах Літвы ці Польшчы.
З вялікай пэўнасцю нельга сказаць, колькі разоў чыніліся спробы стварыць беларускі літаратурна-эратычны каляндар у ХХ ст. Звернем увагу на вядомыя нам факты другой паловы 1920-х гг.
Гэта быў час, калі ў БССР праводзілася беларусізацыя. Адным з аванпостаў палітыкі беларусізацыі сталася створаная пасля першага ўзбуйнення Савецкай Беларусі Калінінская акруга (Калінаўшчына) з цэнтрам у Клімавічах. Акурат там беларускае грамадска-культурнае жыццё віравала не менш, чым у сталіцы. Існавалі і літаратурныя суполкі, між якіх мадэрнісцкім эпатажам вылучалася аб’яднанне “Бабровыя гоны”.
На рэгулярных паседжаннях бабрагонцаў заўжды было шматлюдна. Маладыя пісьменнікі голасна заяўлялі пра сябе не толькі творамі, але і неардынарнымі ўчынкамі. Паэт Сямён Зызыбайла, напрыклад, вызначаўся тым, што дэкламуючы ўласны вянок санетаў “Беларускае полымя пралетарскай рэвалюцыі”, трымаў руку над запаленай свечкай і не прыбіраў яе да сканчэння чытання, хаця далонь увачывідкі пачынала падгараць. Паэтка Кацярына Змоглая маланкава атрымала вядомасць пасля таго, як свой верш-енк “Нараджэнне беларуса-бальшавіка” прадэкламавала, набыўшы перад публікай характэрную позу парадзіхі.
Невыпадкова, што акурат Сямён і Кацярына першымі згадзіліся здымацца аголенымі для календара, які прымяркоўваўся да 1926/1927 працоўнага года (тагачасны савецкі каляндарны канон) і павінен быў мець назву “Бабрагонскі кругаварот”. З ініцыятывай стварэння падобнага календара выступіў адзін з акруговых чыноўнікаў, які курыраваў сферу фізічнай культуры, спорту і масавых мерапрыемстваў, і з’яўляўся зацятым прыхільнікам мадэрнісцкіх тэндэнцыяў у беларускай савецкай літаратуры. Звалі яго Панкрат Рушывоз (паслужыў прататыпам Самсона Самасуя ў вядомым рамане Андрэя Мрыя). Для рэалізацыі задумы ён не шкадаваў ні часу, ні энергіі.
Для таленавітага клімавіцкага фатографа Лявона Андрэйчыка таварыш Рушывоз здабыў найноўшую на той момант фотакамеру, якая пылілася на складзе канфіскаваных рэчаў тамтэйшага ГПУ. Чыноўнік лічыў, што галоўная задача календара з аголенай літаратарскай натурай – “засьведчыць невымоўную прыгажосьць савецкага беларуса ў любых прасторава-часавых вымярэньнях і прыродна-урбаністычных абставінах”. Меркавалася, што на кожны месяц працоўнага года будзе прыкладацца фатаграфія з крытычнай масай аголеных творцаў абодвух полаў у кантэксце выразных пейзажаў ці інтэр’ераў.
З ацалелых фрагментаў папярэдніх планавых запісаў Рушывоза можна даведацца пра задуманы змест здымкаў: “пісьменьнікі і пісьменьніцы выбеглі з лазьні і гуляюць у сьнежкі”, “пісьменьнік любуецца (натхняецца на верш) некалькімі пісьменьніцамі, ідучымі ў ваду (прыгожая рэчка ці возера) на фоне заходзячага чырвонага сонца”, “дзьве (ці можа тры) пісьменьніцы-сялянкі памагаюць пісьменьніку-кавалю змыць працоўную гразь з цела (коўшыкі, цэбрыкі – абавязкова)”, “пісьменьнікі і пісьменьніцы горача цалуюцца ў восеньскім яблыневым садзе (яблыкі буйныя і пераважна чырвоныя), а з кустоў падглядвае юная паэтка Улянка Верабейка (аголенасьць выключыць, толькі выразны захапляючы позірк)”.
Ёсць усе падставы сцвярджаць, што фотасесія была распачатая, і некаторыя з пералічаных сюжэтаў былі ўвасобленыя ў здымках. Аднак раптоўна ў творчы працэс умяшалася камісія з Менску, якая фармальна прыехала з франтальнай праверкай спартова-масавай і культурнай работы ў Калінаўшчыне. Рэальна ж меў месца данос, які, верагодней за ўсё, сыходзіў з колаў старой дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, што вырашыла скарыстацца нагодай і атрымаць легальны спосаб адпомсціць аднаму з праваднікоў беларусізацыі ў Калінінскай акрузе.
Камісія прызнала праект фотакалендара “Бабрагонскі кругаварот” “шкоднай дэкадэнцка-нацыяналістычнай выхадкай” Панкрата Рушывоза. Ён быў абвінавачаны ў “палітычнай верлавокасьці”, якая прывяла яго да “вапіючага неразуменьня новай моральнай сітуацыі” і “грубых скажэньняў рэчаіснасьці Савецкай Беларусі”. Між тым у аголенасці пісьменнікаў чальцы камісіі ўгледзелі, не толькі “пропаганду страмопісі (порнографіі)”, але і “гнюсны намёк на галечу, каторай ні ў БССР, ні ў іншых кутках Савецкага Саюзу няма”. Аднак паколькі наўпроставых заклікаў супраць савецкага ладу ў праекце календара не знайшлося, справа Рушывоза і ўсіх удзельнікаў праекта не была кваліфікавана як антысавецкая падрыўная дзейнасць. Пісьменнікі і фатограф атрымалі стродкія вымовы з занясеннем у асабістыя справы. Улянка Верабейка была адлічана з рабфаку. А самога таварыша Панкрата Рушывоза, панізіўшы ў пасадзе, адправілі ў іншы рэгіён Беларусі загадваць “асемянатарскай фермай”.
Веляслава Менская – пісьменніца Старое Беларусі
Уранні мне патэлефанаваў Якаў Пятровіч Стывенсан і агаломшыў пытаннем: «Серёжа, ты знаешь писательницу Велеславу Менскую?» Спрасоння падумалася, што гэта ўсяго толькі нядзельны жарт вядомага гомельскага калекцыянера старасветчыны, каб не даць мне адаспацца ў апошні дзень законнага адпачынку. У адказ я прамармытаў, што зараз спецыялізуюся выключна на паэтцы Бажэне Мацюк і ніякіх Веляславаў не ведаю. Спадар Стывенсан рассмяяўся і ўдакладніў, што гаворка пра пісьменніцу канца XІІ – пачатку ХІІІ стагоддзя.
Мой сон прапаў, як і не было. Я зразумеў, што Якаў Пятровіч прапануе мне чарговыя сенсацыйныя звесткі з гісторыі даўняй беларускай культуры. «Со мной связался один мой грузинский коллега, – казаў ён. – Сообщил, что отыскал доселе неизвестный средневековый документ, в котором говориться о поездке Шоты Руставели в Киев. Среди прочего там упоминается его беседа с некой менской книжницей Велеславой. Я не сумел ему ответить ничего внятного по этому поводу. Хотя вполне возможно, что в одном из моих фондов какие-то данные о Велеславе Менской и содержатся». Такім вось ненавязлівым чынам мне было прапанавана пакорпацца ў тым фондзе. Я не стаў адмаўляцца і пасля конаўкі кавы ды двух дзяжурных бутэрбродаў паляцеў чатырнаццатай маршруткай у другі канец горада.
Якаў Пятровіч сустрэў мяне на прыпынку і правёў да таемнага сховішча старажытных артэфактаў. Фонд, у якім мне давялося досыць аператыўна працаваць, складаўся з падборак аркушаў ад розных рукапісаў ХІІІ ст. Я нават прысвіснуў, прадчуваючы, як закапаюся ва ўсім гэтым шчасці з галавою. «Свистунам завтра получка будет», – паўшчуваў мяне калекцыянер і блаславіў на пошукі. Блаславёным я пачаў працу. Першыя дзве гадзіны не далі ніякага плёну, апроч узмоцненага жадання ударыцца галавой аб сценку. Аднак акурат на такі выпадак сховішча абабіта плюшам. На трэцюю гадзіну справа пайшла добра, і да вечара я здолеў назбіраць пэўную колькасць пісьмовых сведчанняў пра Веляславу Менскую. Спадар Стывенсан быў усцешаны вынікам маёй працы і дазволіў змясціць у маім блогу кароткую біяграфію старабеларускай пісьменніцы.
Дакладная дата народзінаў Веляславы Менскай навуцы невядома. У розных крыніцах годам народзінаў называюцца 1182 і 1184 гады. Пры гэтым аўтары паведамленняў падкрэсліваюць, што падчас з’яўлення будучай пісьменніцы на свет адбываліся дзіўныя праявы: «вълкы вкруг дома звучне завываше» (запіс манаха Сідара Ізяслаўльскага), «воронки и соловье с пеяньем кружаше» («Травник славен»), «жаба плигне да бычий пузырь в окне порва» («Дивосил»). Падобнымі вобразамі яны жадалі падкрэсліць неардынарнасць падзеі. Бо той жа Сідар Ізяслаўльскі яшчэ і зазначыў, што ў яе асобе «явил Господ Бог вполню протиположност Евфросиньи Полоцькой».
Мяркуючы па ўсім, Веляслава належала да княскага роду. Пра гэта ўскосна сведчыць кніжнік Архіп Смаляніч, згадваючы яе «княжи власа» і «черлены княжи уста». Зрэшты, тут мы можам мець справу не з фіксацыяй рэальнага сацыяльнага становішча, а з пэўнага кшталту паэтычным тропам. У кожным разе яна была вельмі адукаванай для свайго часу жанчынай. Зусім верагодна, што нейкі час яна адукоўвалася ў Полацку, працуючы ў бібліятэцы і скрыпторыі, заснаваным за часы Еўфрасінні. Прынамсі, на маргіналіях адной з богаслужэбных кнігаў, якая паходзіць з тагачаснай Полаччыны ўтрымліваюцца надпісы: «Велеслава взыщет славу», «Из Менеска Велеслава суть не Путятична Забава», «Язык Велеславы, яко адская лава». Хто б ні пакінуў гэтыя надпісы, з іх вынікае неадназначнасць характару пісьменніцы.
Асветнік Акінф Цвярскі паведамляе, што Веляслава Менская чытала і нават спрабавала перастварыць («кусилася толмачити») на тагачасную кніжную «рускую» мову заходнееўрапейскія эпічныя творы «Песня пра Раланда» і «Спеў пра нібелунгаў». А вось Феафраст Слуцкі сцвярджае, што яна была ў захапленні ад «Слова пра паход Ігараў» і быццам бы нават «до Чернигова хаживала», каб пабачыцца з яго аўтарам. Калі верыць Феафрасту, яна «хотяше понести» (зацяжарыць) ад аўтара «Слова», але «бывает, иже держати писало легше, нежьли зачати дитя».