Книги

Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік)

22
18
20
22
24
26
28
30

Галоўны герой гульні – водаправоднік Марыё – ператварыўся не толькі ў сімвал Nintendo, але і стаўся адным з найбольш вядомых прыдуманых персанажаў у свеце. Апошнім дагэтуль нават і блізка ня можа пахваліцца ніводны беларускі літаратурны ці кінематаграфічны герой. Не зважаючы на вялікую колькасць артыкулаў пра гісторыю і перадгісторыю распрацоўкі Super Mario Bros., з іх ясна не вынікае, хто быў аўтарам сюжэту. Сярод распрацоўнікаў фігуруюць кіраўнік праекту і дызайнер Сігеру Міямота, выканаўчы прадзюсар Хіросі Ямауці, памочнік кіраўніка Такасі Тэдзука, кампазітар Кодзы Конда і супрадзюсар для ЗША Лэслі Сўон.[222] Факт замоўчвання аўтарства гульнявога сюжэту або прыпісванне яго калектыву распрацоўнікаў мусіць насцярожваць і спараджаць пытанне: чаму так адбываецца?

Падказку ў развязанні вышэйпазначанага пытання знаходзім у артыкуле нямецкай журналісткі Марты Мэрцэнлінднэр “Эўрапейскія далягляды японскіх гульняў”. Не так даўно на старонках тыднёвіка “Düsseldorfer Verborgenheit”[223] фраў Марта абвесціла пра сенсацыйнае адкрыццё. Яна вызначыла, што сюжэты многіх кампутарных гульняў японскіх распрацоўнікаў не ёсць вынікам вылучна іх аўтарскай фантазіі. Журналістка выявіла прысутнасць у гэтых сюжэтах шматлікіх пазычанняў з гістарычна зафіксаваных здарэнняў. Японскія распрацоўнікі не шкадавалі сродкаў на паездкі па архівах і бібліятэках Еўропы ды Амерыкі. Іх цікавілі зборы дакументаў і матэрыялаў, якія ўтрымлівалі інфармацыю пра даўнія забавы ці дзівосныя выпадкі. Фраў Марта згадвае, што з асаблівым імпэтам японцы ўчашчалі ў архіў Ватыкана. Найперш іх цікавіла калекцыя пад грыфам “Homo ludens”. Менавіта адтуль яны ўзялі шмат звестак, якія склалі аснову разнастайных відэагульняў.

У гэтым сэнсе не сталася выняткам і гульня Super Mario Bros. Марта Мэрцэнлінднэр зазначае, што сюжэт апошняй грунтаваўся на “гістарычным апавяданні з сярэднявечнай Літвы”. На жаль, журналістка нідзе не спрамаглася даць удакладнення, што мела на ўвазе пад паняткам “Літва” (Litauen). Зразумела, гэта магла быць і тэрыторыя толькі сучаснай Літоўскай Рэспублікі, і абшары ўсяго колішняга Вялікага княства Літоўскага. Толькі комплекснае даследаванне фальклорных і пісьмовых крыніц самага рознага кшталту дапамагло нам высветліць месца, дзе разгортваліся падзеі памянёнага фраў Мартай “гістарычнага апавядання”. Але ж пра ўсё па парадку, як наказаў вялікі Адам Клакоцкі.

Перш чым звярнуцца наўпрост да пытання даследніцкіх росшукаў, варта сцісла нагадаць сюжэт Super Mario Bros. узору 1985 г. Галоўны герой гульні водаправоднік Марыё (ці яго брат Луіджы як персанаж для другога гульца) мусіць прайсці праз Грыбное каралеўства. У нялёгкай дарозе яму трэба застацца жывым, абмінаючы ці знішчаючы ваяроў чарапашага караля Купы (другое імя – Боўзэр), вельмі падобнага да цмока. Сярод яго вояў – грыбы, рознага кшталту чарапахі, венерчыны мухалоўкі, спруты, рыбіны, дзікабразы, вялікія жукі. Урэшце Марыё павінен пераадолець 32 узроўні, каб выратаваць прынцэсу Тоўдстул Піч, скрадзеную памянёным каралём.

Па дарозе герой разам з тым збірае манеты і бонусы: б’е галавой па адмысловых блоках, пазначаных пытальнікам, а таксама натрапляе на сакрэтныя сховы манет у цагляных мурах. Істотны бонус – памаранчавы грыб. Здолеўшы яго ўзяць, Марыё робіцца вялікім, то бок ператвараецца ў Супер-Марыё. Калі ў стане “Супер” персанаж здабывае як бонус кветку, ён робіцца Агністым Марыё і атрымлівае магчымасць кідацца вогненнымі клубкамі. Яшчэ адзін бонус – гэта зорка, якая скача наперад. Злавіўшы яе, Марыё робіцца на пэўны час непаразлівым і можа знішчаць праціўніка адным сваім дотыкам.

Небяспечная вандроўка персанажа адбываецца па зямлі, у лёхах пад зямлёй, пад вадой, па агромністых грыбах і платформах, што вісяць у паветры. На кожным чацвёртым узроўні ён трапляе ў замак, дзе даводзіцца змагацца з чарапахападобным цмокам. Шторазу, апроч апошняга ўзроўню, пасля перамогі над цмокам героя сустракае жыхар Грыбнога каралеўства, які кажа: “Дзякуй, Марыё, але наша прынцэса ў іншым замку!”.[224]

Акурат з паведамлення Марты Мэрцэнлінднэр і сюжэта гульні Super Mario Bros. нам давялося пачынаць росшукі. Каліўца да каліўца складалася ўражвальная карціна. Галоўным яе момантам сталіся доказы, што Марыё з відэагульні меў рэальнага прататыпа, які паходзіў з беларускіх земляў.

Яшчэ ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у некаторых паветах Магілёўскай губерні існавалі дзіўныя выразы “вадзіць Марымона”, “вадзіці Марыкона”, “вадзіць Мар’яна”. Дзіўныя таму, што этнографам не шчасціла выявіць іх дакладнага значэння, бо “белорусские крестьяне, употребляя сии словестные конструкции, никогда не осмеливались объяснить их истинный смысл, а лишь воровато улыбались и утверждали, что не могут вспомнить всё”.[225] Этнограф Адольф Санькоўскі быў перакананы, што ў гэтым выпадку мы сутыкаемся з сінонімам выразу “вадзіць вала”, ад якога паходзіць дзеяслоў “валаводзіць”. І тое, і другое азначае “марудзіць”. З ім пагаджаліся і Лук’ян Дазорцаў, і Андрэй Беларэцкі. Даследніку Мікіту Ракіцкаму ў гэтых фразах бачылася водгулле “древнебелорусских богатырских былин”. Ён лічыў, што “изначально сие речение имело иной вид, а именно водить Илью Муромца”.[226] Але ён не здолеў уцямна растлумачыць, які сэнс мела такая фраза. Толькі Еўдакім Раманаў, якому з дзяцінства быў вядомы выраз “вадзіць Мар’яна”, сцвярджаў, што ён мае значэнне “рызыкаваць”, “наважвацца на рызыкоўную справу”. “Выражение происходит из народной легенды о неком смелом Марьяне, изничтожившим огнедышащего змея, который к тому же метал каменные молоты”, – даў сціслы каментар Е. Раманаў.[227] Гэта вельмі цікавая для нас акалічнасць, бо кароль Купа на 24-м, 28-м і 32-м узроўнях гульні Super Mario Bros. не толькі дыхае агнём, але і шпурляе ў Марыё вялізныя молаты.

Знайсці згаданую Е. Раманавым легенду не ўдалося, а сам ён не пакінуў ніякіх спасылак на які-небудзь пашыраны яе варыянт. Аднак ускоснае падабенства да прыведзенага ім кароткага пераказу назіраецца ў шэрагу народных казак, зафіксаваных на Ўсходзе Беларусі.[228] У казцы “Марка Суччы сын” галоўны герой выпраўляецца ратаваць ад трохгаловага змея “царовых дачок”. У казцы “Іван Мар’ін сын” аб’ектам выратавальнай місіі з’яўляецца “князева жана”, якую выкраў “смок”. Герой казкі “Мірон Беларасейскі” ратуе з цмачыных капцюроў “каралеву белаліцу”. Ва ўсіх гэтых казках цэнтральныя фігуры зазнаюць звычайныя для чарадзейнага цыклу выпрабаванні, якія цяжка адназначна звязаць з сюжэтам гульні Super Mario Bros. У нейкі момант нам нават падалося, што мы пайшлі няслушнай пуцявінай і што пералічаныя казкі ёсць занадта адвольнай народнай інтэрпрэтацыяй гісторыі пра выкраданне князем Міндоўгам сястры яго памерлай жонкі. І толькі больш уважлівае прачытанне кожнай з названых казак скасавала падобныя аблуды.

Марка Суччы сын у фінальнай бітве са змеем патрапляе “пад змеева полымя, пад гадаў умалот”. Хутчэй за ўсё, слова “ўмалот” тут звязана не столькі з вобразам крывавага жніва, як можа падасца на першы погляд, а акурат з ударамі молата. Не дарма ў казцы гаворыцца, што асілак “ад гадава ўмалоту ўвярнуўся”. Іван Мар’ін сын, ваюючы са “смокам”, кідае ў ворага сваю “булдаву на дваццаць пяць пудоў”: “Шыбане Іван у смока булдаву сваю крэпкую, а варачаецца яна з тройчай сілаю”. Напэўна, маецца на ўвазе не тое, што булдава (яна можа вельмі нагадваць молат) адспружньваецца ад “таўстой скуры” пачварыны, а тое, што пачварына сама шпурляе колькі булдаў у адказ. Бітва Мірона Беларасейскага з цмокам у казцы пададзена досыць схематычна, без лішніх дэталяў (у выніку нават невядома, якой зброяй асілак перамог). Але да гэтага ў казцы ёсць эпізод, дзе Мірон прабіраецца праз дзіўнае “поле капанае”. На гэтым полі яму сустракаюцца ворагі – блізняты з’ядоткі, якіх ён без кампрамісаў вынішчае “мечам-самасечам”. У першым чытанні мы прынялі з’ядотак за нейкі варыянт дробных пачвар накшталт заходнееўрапейскіх злобных гномаў. Але пры высвятленні паходжання іх назвы адкрылася, што насамрэч гэта адно з дыялектных абазначэнняў расіцы – жамяраежнай расліны, якая належыць да аднаго сямейства з венерчынай мухалоўкай.[229] Падабенства з Super Mario Bros. проста ўражвае. Аднак гэтых перагукаў між беларускімі казкамі і японскай відэагульнёй было недастаткова, каб рабіць пэўныя гістарычныя высновы.

Паўторныя аналітычныя захады з мэтай лакалізаваць геаграфічны абсяг, на якім адбываецца дзеянне ў разгляданых намі трох казках, не даў плёну. Ніякіх адметных геаграфічных аб’ектаў у параўнанні з рознымі іншымі казкамі ў іх не сустракаецца. Толькі ў “Міроне Беларасейскім” утрымліваецца пэўная алюзія, хутчэй спароджаная заклапочанай даследніцкімі пошукамі свядомасцю, чым ад пачатку закладзеная казачнікам: “Прайшоў Мірон трошку, відзіць быстру вогненну рэку ў сажавых берагах, а на рацэ калінавы мост”, – апавядаецца ў адным з эпізодаў.[230] Толькі навуковая аб’ектыўнасць, нежаданне падганяць факты пад уласную канцэпцыю і тым самым прыпадабняцца сумнавядомаму Лаўрэнцію Абэцэдарскаму спыніла нас ад спекуляцыйных інтэрпрэтацыяў гэтага фрагменту. “Сажавы берагі” засталіся берагамі з сажы, а не ператварыліся ў берагі Сожа (Сажа). Мы ўзбіліся церабіць іншы шлях.

Усе тры казкі сваім часам публікаваліся з належнымі каментарамі. Таму нам вядома, дзе, калі і ад каго іх занатавалі этнографы. Казка “Марка Суччы сын” занатавана ў вёсцы Даўгалессе Рэчыцкага раёна Менскай губерні ў 1888 г. ад Гервасія Здольніка. Казку “Іван Мар’ін сын” у 1900 г. распавёў жыхар вёскі Данілавічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні Самсон Куторга. Казкай “Мірон Беларасейскі” збіральнікаў фальклору ў 1938 г. пацешыла вядзьмарка, камсамолка і проста красуня Вольга Громава, якая жыла ў вёсцы Насовічы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Калі зірнуць на мапу і аб’яднаць пералічаныя вёскі лініямі, то атрымаецца амаль правільны трохкутнік, у пункце перасячэння трох бісектрыс якога месціцца Гомель. Зыходзячы з гэтага, мы вылучылі працоўную версію: гістарычныя падзеі, якія склалі сюжэтны падмурак трох казак, разгортваліся ў Гомелі або яго наваколлі.

Гэтая версія дазволіла рабіць наступныя даследніцкія крокі і марш-кідкі больш мэтанакіраванымі, засяродзіцца на гістарычных матэрыялах, звязаных з гомельскім сярэднявеччам. Аднак нам па-ранейшаму не ставала невядомага дакументу з архіваў Ватыкана. На дапамогу прыйшоў інжынер Віторыё Пэльвіні – муж нашай колішняй сяброўкі, удзельнік “Таварыства аматараў гісторыі італьянскага футболу імя Умбэртына Казальскага” (Мілан). Яго задача троху спрашчалася, бо ў вялізным масіве дакументаў з архіваў Святога Пасаду трэ’ было шукаць толькі тыя, дзе згадваўся Гомель. Дзякуючы стараннай каталагізацыі назапашаных у Ватыкане гістарычных крыніц высілкі В. Пэльвіні не нагадвалі пошук іголкі ў стозе сена і ўжо на шосты дзень завершыліся неспадзяваным поспехам. Так мы атрымалі фотакопію лацінамоўнага данясення папскай выведкі, датаванага ліпенем 1451 г. з характэрнай назвай “Аб паганскіх забавах злога нораву каля замку Гомей, што ў Літве”.[231]

З дакумента “Аб паганскіх забавах” вынікае, што ў сярэдзіне XV ст. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага дзейнічала агентура папы рымскага Мікалая V. Агенты адсочвалі тагачаснае канфесійнае супрацьстаянне на ўзроўні як палітычных элітаў, гэтак і паспалітага жыхарства. У поле ўвагі папскага выведніка Антонія Адмаравіна трапілі і таямнічыя падзеі, што адбываліся недзе пад Гомелем. Дазволім сабе прытачыць досыць вялікі урывак з гэтага данясення (за дапамогу ў перакладзе вялікі дзякуй спадарыні Ліндзе Торбе).

“Непадалёк ад гомейскага замку месціцца вельмі вялікае поле. Яно ёсць цалкам паганскім свяцілішчам, якое дзейнічае з папушчэння гомейскага ўладара князя Свідрыгайлы (Svitrikella). Падтрымка адшчапенцаў для яго не навіна. Хоць сам каталік, ён нейкі час таму ўзначальваў сілы літоўскіх артадоксаў. Што да згаданага свяцілішча, дык тамтэйшыя паганцы за бога шануюць кракадзіла. Нават хрысціянскі люд тых мясцін апавядае як праўду, што на выспе пасярод возера, якое ляжыць за тым полем жыве велізарны кракадзіл. На полі вядзецца размаітая жыўнасць пякельных памераў: жукі, вожыкі, чарапахі. У пракапаных і напоўненых вадою равах плаваюць хіжыя рыбіны і медузы. Мухалоўкі ў два чалавечыя росты пільнуюць няўважлівых небарак. Атрутныя грыбы выкідаюць у паветра смурод. Зрэшты, на поле гэтае абазнаныя людзі ісці не спяшаюцца. Да ўсіх небяспек дадаецца яшчэ і тое, што там падрыхтавана мноства пастак і перашкод. На ўласныя вочы паганцаў мала хто бачыў. Відавочна, стары князь Свідрыгайла з імі ў змове. Відаць, што хрост святы не змяніў яго паганскай натуры. На яго загад у аднаго чалавека, які капаў калодзежы, а зваўся Марыён (Maryon), выкралі жонку. Служкі Свідрыгайлы перадалі яе паганцам, а тыя запраторылі бядачку на кракадзілаву выспу. Марыён у роспачы прыбег да князя патрабаваць праўды. А стары ліс Свідрыгайла сказаў, маўляў, той можа забраць сваю жонку, а яшчэ і золата ў дадатак атрымае, калі застанецца жывым пасля падарожжа праз поле. Пачцівы каталік Марыён не хацеў стаць лялькай у забавах злога нораву паганцаў, але мусіў пабегчы праз паганскае поле, бо жонку сваю любадайную кахаў вельмі. Князь Свідрыгайла глядзеў на яго шалёны бег з вышыні вялізнай драўлянай вежы на колах, якую для яго загадзя пабудавалі. Чым далей адважны Марыён прасоўваўся ў полі, тым далей колькі дзясяткаў добрых коней цягнулі колаваю вежу ўздоўж поля, каб князь мог бачыць усе прыгоды таго, хто бег. А ён у небяспечнай дарозе сваёй не меў ніякае зброі, апроч уласных ног. Адзінай дапамогай яму былі спажыўныя грыбы, якія раслі на полі сярод атрутных. З’еўшы такі грыб, Марыён рабіўся больш моцным і нішчыў сваёй моцай усе перашкоды, спаруджаныя паганцамі, адольваў усе равы з вадою, а таксама падземныя сховы. Да таго ж пасля спажывання гэтых грыбоў ён мог адрозніць сярод звычайных зёлак вогненныя кветкі, якімі адганяў чарапах і хіжых рыбінаў. Запас вогненных кветак дапамог яму ўрэшце перамагчы страшнага кракадзіла. Але перад тым на вочы Марыёна наўмысна патрапляўся нехта з паганых і з дзікунскім гергетаннем паведамляў, што жонка таго дзеліць ложак з кракадзілам. Гэта вельмі ятрыла калодзежніка, і ён урэшце абрынуў ў нябыт сустрэтую ім пачварыну, дарма што тая дыхала гарачым смуродам і адкідала ад свайго панцыра шчыткі з шыпамі, што дужа нагадвала палёт кавальскіх молатаў. Марыён не пабачыў ні сваёй жонкі, ні абяцанага золата. Паганцы схапілі і з надыходам чырвонае спёкі прынеслі яго ў ахвяру іншым сваім надуманым божышчам”.

Як бачым, стваральнікі Super Mario Bros. і сапраўды пазычылі з цытаванага дакумента ладную долю сюжэтных хадоў для гульні, хоць шмат чаго прыдумалі самі (згадайма, напрыклад, зорку непаразлівасці). Але ад самага пачатку знаёмства з ватыканскім дакументам у нас узніклі сумневы ў праўдападабенстве розных дэталяў, зафіксаваных у данясенні папскага агента. Цалкам мажліва ўявіць існаванне перакананых язычнікаў на Гомельшчыне ў сярэдзіне XV ст. Аднак суцэльнай фантастыкай выглядае наяўнасць разгалінаванай сістэмы камунікацыяў, якую Антоній Адмаравін называе свяцілішчам. Яе стварэнне каштавала б немалых высілкаў і вялікіх грошай. Ніводны тагачасны палітык, якім бы паганафілам ён ні быў у душы, не ўзяўся б спрыяць рэалізацыі такога кшталту праектаў. На перабольшванне выдаюць і будаўніцтва колавай вежы, і гвалтоўная смерць Марыёна. Імаверна, агент жадаў дадаць лішніх барваў у сваё апавяданне, аздобіць яго каліўцамі праўдзівай ілжы, каб урэшце атрымаць добрую ўзнагароду за працу ва ўмовах скрайняй небяспекі. Што тычыцца ўсяго астатняга, дык пасля выразных паралеляў з беларускімі народнымі казкамі мы не наважыліся адназначна палічыць тое прыдумкамі. Пагатоў касцюкоўскі краязнаўца Лявон Стрыкоўскі, ведаючы пра наш клопат, даслаў наступны вельмі сімптаматычны тэкст народнай песні, занатаванай ў 1946 г. ад гамяльчаніна Ананія Бязмена:

Мар’ян наш да луга стаяў,А па лузе пайшоў – заіграў.Жоўлаў[232] ганяў – грымеў,Чэраз яр скакаў – даляцеў.Пад зямлю схадзіў – не самлеў,З-пад зямлі прыйшоў – песні пеў.Да цмачыны прыйшоў – грукнуў,Пад азерца прыйшоў – гукнуў:– Адпусці, цмачына, княжну.А цмачына яму адказаў:– Некалі, Мар’яне, некалі:На Літве шмат паспела нявест,Трэба іх пашчыпаць,Да ўсіх местаў далятаць.Я паслаў бы жука, ды ён дзяўбень,Я паслаў бы грыба, ды ён парахнень.Давядзецца самому лётаць,А ты смееш спакой мой боўтаць.Атрымай жа, Мар’яне, кувалдай.[233]

Песня яшчэ раз засведчыла, што народная памяць пра нетрывіяльныя падзеі далёкага 1451 г. трывала вельмі доўга. Лагічна задацца пытаннем: няўжо ў пісьмовых крыніцах, якія паходзяць з Вялікага княства Літоўскага, пра гэтыя падзеі не засталося ані згадкі? Калі б да нашага часу захаваўся “Другі Гомейскі летапіс”, падобнае пытанне было б залішнім, бо тутэйшы летапісец ніколі б не прамінуў увагаю надзвычайнае здарэнне. А вось шырокавядомыя спісы агульнадзяржаўных летапісаў і хронік (XV–XVI стст.), дзе асвятляецца фактура азначаных часоў, не ўтрымліваюць хоць бы найменшага намёку на нешта надзвычайнае, што дзеялася каля Гомеля ў сярэдзіне XV ст. У малавядомым “Тайным летапісцы вялікіх князёў літоўскіх” ёсць толькі цьмянае паведамленне, што 20 ліпеня 1451 г. “в Гомеи покрадена была коханая внуча князя Швитрыгайлы. От той несподеванки великое множество турбот размоитых стало, понеже князь хотел, абы панну тую некто з бояр обращил а высвободил. Так ся и сдеяло. Только не през моц та розум боярския, але през силу и кемност вольного чоловека гомейского. “Я ся верну. З панной”, – обецал той и слово свое, яко сталь твердое, стримал”.[234]

Хто выкраў княскую ўнучку, хто канкрэтна і якім чынам яе выратаваў, летапісец не паведаміў. У Свідрыгайлы і папраўдзе магла быць даволі дарослая ўнучка ці нават праўнучка. Усё ж гомельскі ўладар меў на той час за плячыма, паводле адных звестак, 80, а паводле іншых – амаль 100 гадоў.

Тое, што ў дакуменце “Аб паганскіх забавах” і адпаведным фрагменце “Тайнага летапісца” вядзецца гаворка пра адны і тыя ж падзеі, сумневу не выклікала. Аднак узнікла страшная дылема: якая крыніца вартая большага даверу? Даць адназначны адказ без пашырэння крыніцавай базы было немагчыма. Росшукі працягнуліся.

Князь Свідрыгайла памёр у 1452 г. у Луцку (адным са сваіх гарадоў), і таму нашу ўвагу прыцягнулі пэўныя дакументы тамтэйшага паходжання. У фрагментах “Кнігі замка Луцкага” паведамляецца пра выезд князя ўлетку 1451 г. у Гомель. Пісар Алексій Бубен акрэсліў прычыны і вынікі паездкі наступным чынам: “На замку Гомейском ся прылучила беда. Запропала гдесь без ведома внучка князя Швитригайлы. Князь призвал мужей зацных и ку отвазе схилных, абы девицу оную знайдовали. Але помощи правдивой пан приждал только от лозоходца Мариана, который изыскал панну на лузе редкостно дивном. А дивным вышменованый луг был за тым, што розмаитыми обфитостями и зверья дикавого рожаю наполненый был. Мариан той, не злякшися моцы и хитрых фортелей животин всих, а звлаща громадной ящерицы, рушился противко них и потомчас вернулся назад у Гомей з внучкой князя Швитригайлы”.[235]