Паказальна, што палякі і паланізаваныя вярхі Вялікай Літвы не спяшаліся з выгнаннем праціўніка. Калі ж гэта паступова адбылося, на вызваленую тэрыторыю пасля войска прыязджалі «потужни окономы», бясплатна налівалі ацалелым жыхарам сядзёру мязговага, каб тыя выпілі за «звытяжство» (перамогу).[145] І чым большым быў партызанскі рух у канкрэтным рэгіёне, тым больш сядзёру туды завозілася. Гэтак меркавалася панізіць градус старабеларушчыны і братэрскага паразумення. «Кроніка Рабрынкі» захавала прызнанне аднаго з «окономов»: «Крывый мед, несмяртелныя пчолы, своевица да и всякое родное коренье – то все дурнина бестолковая. Пчоляры со своей мовой нам не указ. Мову на хлеб не намажеш и поливки з онай не зготуеш. А по сему – хто, как хотит, тот так и говорыт. И днесь, и ютро, и вовеки веков».[146] Ідэйны падмурак касмапалітычнага кансумізму ва ўсёй сваёй красе. Адэпты гэтай ідэалогіі ў Вялікім княстве Літоўскім часта даносілі яе сутнасць да масаў пры дапамозе макаранічнай паэзіі ці песень на аснове адпаведных вершаў. Яскравым прыкладам тут можа служыць верш «Рожа» з т. зв. «Шарапаўскага зборніка» (бл. 1699 г.):
Наўрад ці крывых пчолаў можна было адпудзіць вэнджаным салам. Хутчэй за ўсё невядомаму аўтару і ягоным мецэнатам падаўся гэткі вобраз удалай прапагандысцкай знаходкай. Паказальна, што верш быў напісаны ў часы, калі ішла амаль бесперапынная барацьба магнацкіх груповак за прывідны аўтарытэт у спаланізаванай дзяржаве, якая хісталася на геапалітычных вятрах, ператвараючыся паступова ў заезны двор для іншаземных армій.
Крыху раней, у 1696 г., Генеральная канфедэрацыя саслоўяў заканадаўчым актам забараніла выкарыстанне старабеларускай мовы ва ўсіх новых афіцыйных дакументах і ўзаконіла ўжыванне мовы польскай.[148] Ёсць меркаванні, што сакральныя пчаляры планавалі сарваць працу канфедэрацыі, але гэта не атрымалася. Відаць, добра даліся ў знакі непастаянства ці выключная слабасць сувязяў між пчалярамі, а таксама адсутнасць уласных вайсковых фармаванняў. Партызанскія атрады амаль адразу пасля 1667 г. былі распушчаныя не без ціску з боку паланафільскіх уладаў. Атрады самаабароны, якія з розных нагодаў спарадычна ўзнікалі апасля, ніколі не мелі агульнага камандавання і маштабнай стратэгічнай мэты. Народная легенда, зафіксаваная этнографам Ежы Стыцкоўскім у сярэдзіне ХІХ ст. на Тураўшчыне, апавядае пра «сямёх смелых дзецюкоў з роду пчаляроў», якія паехалі у Варшаву «на сходку паноў, якія хацелі ўсім мужыкам па гэты бок Буга языкі падрэзаць». Зазнаўшы ў дарозе многія выпрабаванні, «смелыя дзецюкі» сутыкнуліся пад Варшавай «з лесам ружжаў і пушчаю штыкоў», прабіцца праз які і застацца жывымі ў іх не атрымалася.[149] Верагодна, што ў легендзе захавалася народная памяць пра няўдалую пчалярскую выправу з мэтай перашкодзіць працы Генеральнай канфедэрацыі саслоўяў 1696 г. У вядомых пісьмовых крыніцах пра падобнага кшталту інцыдэнт звестак не захавалася. Цьмяны намёк ёсць хіба ў вершы Язона Цыбульскага 1706 г.:
Верагодна, што пад «канвакацыямі» паэт разумеў Варшаўскі канвакацыйны сойм, у рамках якога і адбылася памянёная Генеральная канфедэрацыя.
Так ці інакш, але драматызм сітуацыі, справакаванай пастановай 1696 г. нельга прымяншаць. Беларускі гісторык Тарас Фіялкоўскі зараз даследуе лёсы вялікалітоўскіх паслоў, што ўдзельнічалі ў заканадаўчым афармленні забароны старабеларускай мовы. Яго вельмі складаная праца яшчэ далёкая ад завершання, аднак ужо зараз вымалёўваецца карціна, якая ўзрушвае да глыбіні душы – ніводны з паслоў, чый лёс Фіялкоўскаму ўжо ўдалося прасачыць, не памёр сваёй смерцю. Нехта падаў разам з канём і разбіваўся, пад кімсьці ламаўся трывалы мост, кагосьці душыла раптоўная ліхаманка, камусьці не атрымлівалася выбрацца з полымя пажару, які ахапіў толькі яго пакой, некага знаходзілі мёртвым у ледзяной глыбе пасярод лета. У большасці выпадкаў крыніцы фіксавалі на кожным канкрэтным месцы здарэння наяўнасць графічнага ці іншага знака, які нагадваў пчалу. Фіялкоўскі мяркуе, што паслам помсцілі, і помста гэтая не была сінхроннай, а расцягнулася на доўгія гады. Многіх яна заспявала знянацку, калі здавалася, што ўсё добра і стабільна. Даследчык нават адшукаў афарызм, які паходзіць з пчалярскага асяроддзя і яскрава адлюстроўвае сутнасць тых драматычных падзеяў: «Помста – гэта той мёд, што найбольш смакуе, пракіснуўшы».[151]
Але звернем увагу на цытаваны вышэй верш 1706 г. Згодна з ім людзі ператвараюцца ў пчолаў. Гэты вобраз перагукаецца з вобразам язычніка, які асмеліўся пакпіць з Ягайлы, а потым «рассыпаўся пчоламі». Узнікае пытанне: гэта толькі мастацкі прыём або гаворка пра звышнатуральную ўласцівасць? Адказаць адназначна цяжка. Згадак пра пярэваратняў, якія абарочваліся пчоламі, у старабеларускай традыцыі вобмаль. І тым больш сімптаматычна, што шэраг рэдкіх ацалелых сведчанняў належыць шведам, якія ваявалі на беларускіх землях у час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Шведскія салдаты тут часта «ласаваліся надзвычайнай колькасцю мёду», які нават называлі па-тутэйшаму «miod».[152] Відавочна, што ім часцей за ўсё трапляўся звычайны мёд, а не мёд крывых пчолаў. Зрэшты, нельга выключаць і тое, што да паходу праз Вялікую Літву шведы адмыслова падрыхтаваліся і мелі ў сваім рыштунку нешта, што нейтралізавала ўздзеянне на іх джалаў крывых пчолаў і іхнага мёду. Даследчык Пятро Петразолін лічыць, што нейтралізацыя адбывалася, дзякуючы асаблівай шведскай гарэлцы, моцна настоенай на палыну, фенхелю і журавінах, сабраных на шведска-фінскім этнічным памежжы.[153] У кожным разе, выпадкаў пчалінай беларусізацыі шведаў у той перыяд амаль не назіралася. Магчыма, што гэта іх непадатлівасць крывым пчолам, лішні раз узмацняла перакананасць беларускіх сялян у тым, што шведы – чараўнікі. Але нават «чараўнікам» даводзілася нямала здзіўляцца, калі добраахвотныя праваднікі з ліку тутэйшага люду раптоўна ператвараліся ў пчолаў, якія зляталі прэч, пакідаючы атарапелых шведскіх жаўнераў сярод лясной глушы ці балотных купінаў. Гэта неаднойчы здаралася з імі ў розных кутках Вялікай Літвы – на Магілёўшчыне, Піншчыне, пад Смургонямі ды шмат дзе яшчэ.
Шведскі мемуарыст Густаў Адлерфэльд, апавядаючы пра старабеларускае бортніцтва, звярнуў увагу на розныя прыстасаванні, пры дапамозе якіх бортнікі адганяюць мядзведзяў. Але ён забыў згадаць пра тое, як пчаляры адганялі ласых да мёду шведаў. У лесе пад Баркулабавым знаходзілася пасека, якую 10 ліпеня 1708 г. выкрыў шведскі выведніцкі атрад. Сярод салдат быў і Свантэ Свантэсан, які пазней ва ўспамінах расказаў пра падзеі таго дня: «Знайшоўшы лясную пасеку, мы дужа ўзрадаваліся, бо нішто так з тутэйшых прадуктаў не ўздымала нам настрой, як мёд. Сустрэў нас пахмурны чалавек, якога мы адразу палічылі за пчаляра. Карлсан, што трохі ведаў мясцовую простую мову, звярнуўся да пчаляра з просьбай даць мёду. Папрасіў ён дакладна ў такой манеры, як быў навучаны раней адным гаспадаром:
Гэтыя прычыны тлумачыць беларускае народнае павер’е, згодна з якім, каб вяліся пчолы, трэба з разбітага навальніцай дуба зрабіць крыж і паставіць яго на пасецы.[155] Такі крыж выконваў абарончую функцыю, выклікаючы перуны на гора тых, хто без дазволу гаспадара пасекі спрабаваў узяць мёду ці воску. Як бачым, шведы неўпрыцям выпрабавалі гэтую функцыю на сабе. Магчыма, Свантэсан і Карлсан былі не адзінымі шведскімі жаўнерамі, што сталі сведкамі падобных дзівос. Прынамсі, захавалася шведская жаўнерская песня, якае дае падставы для такога сцвярджэння:
Застаецца незразумелым, чаму звесткі пра пчаліных пярэваратняў захаваліся толькі ў шведскіх гістарычных крыніцах. Дужа сумнеўна, што практыка абяртання чалавека ў пчолаў і назад была настолькі звычайнай для Вялікай Літвы, што ніхто не спрамогся пра гэта напісаць, пагатоў XVIII ст. было часам росквіту мемуарыстыкі. Магчыма, што на прыгадванні незвычайных пярэваратняў было накладзена вельмі жорсткае табу. Таму ні ў мемуарах, ні ў дзённіках, ні ў актавых матэрыялах пра гэтую з’яву няма і намёку. Фальклор таксама парадаксальна маўчыць.
Між тым, іншыя неверагодныя здарэнні, звязаныя з пчоламі, атрымлівалі пагалоску сярод прадстаўнікоў розных саслоўяў. У 1764 г. шмат шуму нарабіла вестка пра тое, што ў лясных гушчарах ў раёне Дукоры лоўчыя выпадкова знайшлі дзяўчынку-падлетка, якую выхавалі крывыя пчолы. Мемуарыст Ануфры Анцута пісаў: «Было той дзяўчынцы гадоў дванаццаць ад нараджэння. Па ўсім можна было сцяміць, што доўгі час яна жыла ў лесе сярод дзікіх пчолаў, ад якіх пераняла многія павадкі. Жытло сваё яна збудавала з вецця і травы ў выглядзе пчаліных сотаў. Ніхто не здолеў зразумець, чаму яно адрознівалася незвычайнай трываласцю і як у ім можна было зімаваць без ацяплення. Вопраткай, зробленай з нейкіх раслінаў, дзяўчынка нагадвала пчалу. Гэта так, каб нехта ў нас на рэдуту (маскарад – С.Б.) прыйшоў у адпаведным касцюме і машкары (масцы – С.Б.). На лоўчых, што яе знайшлі, яна спачатку злосна гула, як сапраўдная пчала. Убачыўшы ж, што тыя не забаяліся, дзяўчынка выхапіла з-за пояса доўгі добра завостраны касцяны кій і стала лаяцца беларускай гаворкай: «Не падыходзьце, сукі, а то ўджалю!». Лоўчыя былі не з баязлівых, паспрабавалі кій той адабраць, а грозную дзяўчынку скруціць. Скруцілі, але спярша кожны атрымаў па глыбокай ірванай ране. Таму ехалі дамоў, з крыві сцякаючы. А на ўездзе ў Дукоры на лоўчых наляцелі пчолы, якіх усю дарогу клікала скручаная дзяўчынка. Пчолы не сталі нікога з іх джаліць, а толькі паскідалі лоўчых з коней на зямлю. Джалы ж свае пчолы выкарысталі для таго, каб перарэзаць вяроўкі, якімі была звязаная іх выхаванка. Як што ніводная пчала пасля гэтага не памерла, значыць, былі ўсе з асаблівай пароды, пра якую захавалася шмат казак сярод простага люду. Вызваліўшыся, дзяўчынка ўскочыла на аднаго з коней і паскакала ў лес. Следам за ёй, выкручваючы ў паветры фацэтныя штучкі, паляцелі пчолы».[157]
Карчмар Ёсель Заштопнік, які стаў міжвольным сведкам інцыдэнту на ўскрайку Дукоры, запісаў у сваім дыярыушы фрагмент песні, якую, нібыта, спявала дзяўчынка, з’яжджаючы ў лес:
Здарэнне абмяркоўвалі і ў магнацкіх палацах, і пад сялянскімі стрэхамі. З прычыны спрэчак на гэтую тэму былі сарваныя некалькі павятовых соймікаў. Тэма абрастала неверагоднымі чуткамі. Казалі рознае: што дзяўчынка ўмела лётаць, і лоўчыя кідалі на яе сетку; што дзяўчынка спрабавала адбівацца ад лоўчых не кіем, а трэцім літоўскім Статутам, і той, хто атрымаў ім па галаве, неўзабаве загаварыў па-французску; што дзяўчынка ўцякла не на кані, а на лясным слане, які прыбег на яе покліч; што дзяўчынак было дзве, і адну з іх пчолы лічылі сваёй другой пчалінай маткай. Каб разабрацца ва ўсім, з Менску быў адпраўлены адмысловы атрад вершнікаў. Яны спрабавалі знайсці тую дзяўчынку, але пошукі выніку не далі. Таму на ўзроўні ваяводства, а потым на агульнадзяржаўным узроўні было абвешчана, што ніякую дзяўчынку дзікія пчолы не выхоўвалі, а ўсю гэтую гісторыю выдумалі і распаўсюдзілі расійскія агенты. У адказ на гэта расійскі пасол Мікалай Рэпнін выказаў рашучы пратэст («Неча на пчелок пенять, коль рожа крива»), а прарасійскія сілы ініцыявалі прысутнасць расійскіх войскаў на Сойме Рэчы Паспалітай 1764 г.[159]
На хвалі Асветніцтва і адноснага павелічэння ролі навукі адбылася першая і ці не адзіная спроба даследаваць феномен крывых пчолаў. З 1776 па 1778 год гэтым займаўся доктар Гуга Губерт, які працаваў ў Гарадзенскай медычнай школе пад патранажам Жана Эмануэля Жылібера. Навуковец спрабаваў высветліць некалькі рэчаў: 1) чаму крывыя пчолы, джалячы, не паміраюць? 2) якое рэчыва, што выпрацоўваюць крывыя пчолы, прымушае ўджаленых пераходзіць на беларускую мову? 3) гэтае рэчыва выпрацоўваецца незалежна ад вонкавых фактараў ці яго выпрацоўка мае сувязь з прыродна-кліматычнымі асаблівасцямі і адметнасцямі флоры рэгіёна?
Каб наблізіцца да адказаў на ўсе гэтыя пытанні Губерту давялося добра павыжыльвацца. Ён рабіў стаўку на эмпірыю, таму мусіў шукаць крывых пчолаў ці замаўляць пошукі, а тады разбіраць іх ледзьве не па «вінціках». Штораз, калі доктар клаў на стол чарговую паддоследную пчалу, на будынак медычнай школы налятала цэлая хмара пчаліных раёў. Служкам даводзілася шчыльна зачыняць усе вокны і дзверы, спадзеючыся, што ніводная пчала звонку ў школу не патрапіць. З крыніцаў вядома, што Губерт знайшоў адказы на ўсе пастаўленыя пытанні, але для паўнаты карціны вырашыў выпрабаваць джаленне на сабе, каб вывучыць і атрыбутаваць усе сімптомы, а таксама праверыць змены, якія адбываюцца ў крыві. Аднак, як толькі навуковец дазволіў некалькім крывым пчолам яго ўджаліць, даследаванні спыніліся.
Доктар асабіста вырашыў больш не займацца гэтым. Ён узяў усе запісы, якія рабіў у часе сваіх эксперыментаў (пяць важкіх рукапісных тамоў) і без шкадавання спаліў у грубцы, раструшчыўшы попел чапялою. Пасля доктар Гуга адчыніў вакно і выпусціў рэшту крывых пчолаў, якія ўтрымліваліся ў яго лабараторыі. Неўзабаве даследнік сабраў торбу толькі з самымі неабходнымі рэчамі і рушыў да выхаду. Прыдзвернік, які заўсёды цікавіўся ў Губерта пра новыя дасягненні еўрапейскіх навукоўцаў, звыкла спытаў на польска-французскай трасянцы: «Quoi de neuf na zachodzie?». У адказ доктар сумна ўсміхнуўся, прамовіў па-беларуску: «Усе брэшуць» і паспешліва пакінуў будынак школы. Больш яго ніхто ніколі ў Гародні не бачыў.[160] Хутчэй за ўсё, ён падаўся ў лес, дзе стаў слугой сакральнага пчаляра, каб выкупіць тым самым грэх знішчэння крывых пчолаў дзеля навукі.
Гуга Губерт справакаваў джаленне самога сябе для эксперымента. Памянёны ў пачатку гэтага нарыса Міхал Вінярскі-Пухоўскі (ці яго прататып) быў уджалены з-за намеру пакаштаваць мёду. А ці былі ў XVIII ст. людзі, якія свядома ішлі пад джалы крывых пчолаў, каб навярнуцца ў беларушчыну? Безумоўна, былі. Сакральныя пчаляры пад выглядам пчаляроў звычайных, а таксама святары-пчаляры, працягвалі ў гэты час праводзіць пчаліную ініцыяцыю не толькі дзяцей, але і дарослых. Сярод апошніх былі мужчыны і жанчыны розных станавых групаў.
Па ўсім відаць, ініцыяцыю прайшоў «князь Мірскі, стары, чуллівы кавалер», пра якога згадваецца ў Каятана Крашэўскага.[161] Князь бегла размаўляў па-беларуску, не здраджваў гэтаму нават у нясвіжскім замку Радзівілаў. Там ён як прыдворны «рэзідэнт» часцяком іграў на гітары, спяваючы розныя песні, у т.л. і старабеларускія. Удзельнікі вечарын любілі за ім назіраць: «кожны раз наступаў такі момант, калі князь здымаў з поясу невялічкую біклажку, адсёрбваў з яе нешта, вешаў назад і пачынаў спяваць песню, якая чамусь падабалася ўсё разнашорснай кампаніі, што збіралася ў Радзівілаў».[162] На жаль, да нашага часу дайшоў толькі пачатак гэтай песні:
Дуклан Шымбалоўскі ў сваіх мемуарах згадвае «гладкую заможную шляхцянку» Ліцынію Фядзюшку, якая ўлетку 1750 г. адправілася ў лясы каля Чашнікаў да пчаляра. Там яна «абрады таемныя язычніцкія мела і на даўнім беларусінскім дыялекце размаўляць пачала. Скажаш ёй: «Prosze pani», а яна папраўляе: «Не,
У 1771 г. да сакральных пчаляроў у лясы за Рудняй Гулевай з Гомея ўцёк мешчанін Нічыпар Кутчонак, які «выпадкова спаліў карчму Арыстарха Дайнекі, дзе бочак з сядзёрам мязговым шмат было». Да гэтага здарэння гамяянін мала чым адрозніваўся ад большасці іншых мяшчан. Сакральнаму пчалярству не спачуваў. Але абставіны змусілі ратавацца ўцёкамі ад «окономов потужних», якія за спаленую карчму хацелі пазбавіць яго жыцця. Адзіным рэальным выратавальным прытулкам былі лясныя пасекі. Пчаляры паставіліся да прыбыша з недаверам, мяркуючы, што гэта шпег царкоўнікаў ці «окономов». Але мала таго, што сам Нічыпар «слёзна прасіў іх дазволу зазнаць таемнасць старажытнага абраду», дык і «пчолы ўчынілі яму нечуваную спагаду». Іх выбару пчаляры пярэчыць не маглі. Гомейскі мешчанін быў навернуты ў «сваявіцу». Яго пераследнікі каля вёскі Галоднае (досыць блізка ад крывой пасекі) нечакана натрапілі на расійскі атрад, які палічыў тых удзельнікамі Барскай канфедэрацыі і разбіў у непрацяглым баі. Пазней, гэтыя расійскія салдаты ніяк не маглі патлумачыць ні сабе, ні сваім камандзірам, якім чынам за гадзіну апынуліся за сто вёрст ад месца сваёй асноўнай дыслакацыі, дый яшчэ на іншым беразе Сожа, хаця былі пэўнымі, што раку нідзе не пераходзілі.[165]
Здаралася, некаторыя дзеля якіхсьці сваіх выгодаў свядома хлусілі, што прайшлі праз мядова-пчаліны абрад. Так, у 1790 г. на Койданаўшчыне нехта Ежы Чаплеўскі, калі пасланцы яго крэдытора прыехалі спаганяць запазычанасць, раптоўна загаварыў па-беларуску і заявіў, што польскай мовы не ведае. Пры гэтым ён спаслаўся на тое, што «хадзіў у лес, дзе яго пчала беларуская ўджаліла». Калі ж прыехаў сам крэдытор і стаў размаўляць з Чаплеўскім на чысцюткай беларускай мове, «хітрун і паловы словаў зразумець не змог, чым выкрыў сваю сімуляцыю і мусіў аддаваць доўг з усімі належнымі працэнтамі».[166] Дарэчы, фраза «Тебя что, пчела белорусская (литовская) укусила?» доўгі час была пашыраная сярод расійскіх салдат і чыноўнікаў, якія працавалі на беларускіх землях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Звычайна, яе адрасавалі таму з расійцаў, хто знянацку дапускаў у сваёй мове ўжыванне беларускіх словаў і канструкцый ці пачынаў спачуваць розным праявам беларушчыны.[167]