У часы жорсткіх феадальных міжусобіц крывыя пчолы не здолелі перамагчы ўзаемную варажнечу князёў Старое Беларусі. Магчыма, гэта быў свядомы выбар захавальнікаў традыцый сакральнага пчалярства, і яны не дазвалялі раям крывых пчолаў умешвацца ў барацьбу, помсцячы за страту свайго ранейшага становішча. Інакш цяжка вытлумачыць, чаму пчаляры сталі спрыяць аб’яднанню нашай разарванай на шматкі Радзімы толькі з сярэдзіны ХІІІ ст. Тое, што заснавальнік Вялікага княства Літоўскага Міндоўг быў вылучэнцам сакральных пчаляроў, ускосна пацвярджаецца адной з формаў яго імя, якая сустракаецца ў першай вядомай на сёння згадцы пра яго на старонках «Галіцка-Валынскага летапісу» –
Фармаванне асновы будучага Вялікага княства Літоўскага адбывалася з выкарыстаннем крывых пчол. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх» паведамляе, што ў аб’яднаўчых выправах Міндоўга амаль заўсёды ўдзельнічалі «исполины литовские, крывские, ятвяжские, якие конно ехали, а на спинах власных мевали борти з пчолами. Пчол оных везли, абы навертать всих до уму а разуму кревности».[75] У некаторых выпадках замест «исполинов» (рэальных асілкаў, волатаў) выкарыстоўваліся фурманкі, якія складалі доўгі княскі абоз. Можна меркаваць, што крывыя пчолы значна палегчылі працэсы аб’яднання разрозненых балта-славянскіх земляў. Абрад далучэння да Вялікага княства Літоўскага спалучаў у сабе не толькі джаленне люду адмысловымі пчоламі, але і частаванне іхным мёдам. Звесткі пра гэта перажылі стагоддзі і бытавалі нават у XVIII ст. Напрыклад, у ацалелых фрагментах інтэрмедыі навучэнца Нясвіжскага езуіцкага калегіума Самуіла Беркута «За чаканнем мядоў» (1753 г.) сустракаецца наступны пасаж:
Цяжка сказаць, які сюжэт мела гэта інтэрмедыя. Але ясна, што галоўныя героі са святарным трымценнем чакалі ўдзелу ў мядова-пчаліным абрадзе.
Знаўцы і аматары гісторыі запярэчаць: а як жа крывавая барацьба Міндоўга з супернікамі? Безумоўна, была і яна. Але не варта яе перабольшваць, як гэта рабілася ў пазнейшых летапісах і хроніках. Крывавыя сутычкі адбываліся амаль выключна ў тых выпадках, калі пчалінае джаленне не давала ніякага эфекту. Рэч у тым, што сярод тагачасных эліт было модна злоўжываць сядзёрам мязговым – напоем, які гатаваўся на яблыках разладу і абавязкова настойваўся на адмысловым чарвячку марнаслаўя (летапісныя
На пачатку XIV ст. звадкі ўнутры Вялікай Літвы часова перапыніліся. Не апошнюю ролю ў гэтым сыгралі зноў жа сакральныя пчаляры. Па першым часе ім даводзілася дзейнічаць самастойна, не маючы падтрымкі ад наступнікаў Міндоўга. Многія з пчаляроў пераапраналіся ў падарожных старцаў і рушылі ў розныя канцы краіны, тэрыторыя якой тады толькі афармлялася. Кожны з такіх старцаў, а іх было недзе 333 чалавекі, вёў з сабою па адным маленькім рою крывых пчол. Дарогай пчолы збіралі нектар, а начавалі ў мініяцюрнай борці, якую пераапрануты пчаляр выдаваў за музычны інструмент. Дакладней, гэта і быў спецыфічны музычны інструмент, у якім даводзілася жыць пчолам. Паводле адных крыніц ён меў назву «гудьбарска колода», а паводле іншых «короб певничский». У сваіх выправах сакральныя пчаляры ладзілі выступы перад простым людам і, калі атрымлівалася, перад баярамі. Яны гралі на сваіх калодах (якім чынам, невядома) і спявалі.[79] Фрагмент такой песні захаваўся ў падарожных нататках венгерскага авантурыста таго часу Дзьёрдзя Міека:
Пчаляры рашуча крытыкавалі спажыўцоў сядзёра. Гэта была сапраўдная ідэалагічная барацьба. Таму «старцы» за свае песні іншым разам апыналіся ў лёхах удзельных князькоў, якія любілі пабалавацца сядзёрчыкам. У такіх выпадках не дапамагалі нават пчолы, якія ў пчалярскія выправы браліся з вядомай мэтай – вярнуць заблудных да «своевицы». Не зважаючы на цяжкасці, сакральныя пчаляры здолелі многае зрабіць. Нездарма ў часы вялікага князя Гедзіміна адзначаецца пашырэнне старабеларускай мовы.
Зрэшты, і самога Гедзіміна спачатку даводзілася пераконваць у слушнасці абранага шляху. Ускосным сведчаннем яго ўзаемадзеяння з пчалярамі з’яўляецца варыянт знакамітай легенды пра заснаванне Вільні. Згодна з ім Гедзімін прысніў, што на гары, якую называлі Крывая (ці Лысая), стаіць не вялікі жалезны воўк з выццём сотні ваўкоў унутры, а агромністы вулей, у якім гула «тысяча тысяч» пчол.[81] Магчыма, што ў даўнейшыя часы на Крывой гары знаходзіўся сакральны пчальнік. Краязнавец Цімур Нарбут, траюрадны пляменнік знакамітага гісторыка Тэадора Нарбута, увогуле сцвярджаў, што назва Вільні паходзіць не ад назвы ракі Вілія (Вялля), а ад слова «вулей» і мусіла б гучаць як Вульня.[82] Так ці інакш, але перыяд валадарання Гедзіміна звязаны з аднаўленнем легальнага становішча сакральных пчаляроў, што цалкам стасуецца з тагачаснай палітыкай верацярпімасці. Праўда, апошнюю варта разумець найперш як раўнавагу паміж хрысціянскай царквой і сакральным пчалярствам.
Такая раўнавага з пэўнымі агаворкамі трымалася і пасля смерці Гедзіміна ў 1341 г., нягледзячы на ўнутрыпалітычны неспакой, звязаны з адсутнасцю легітымнасці вялікага князя Яўнута, які быў прыхільнікам сядзёра мязговага і добра паддаваўся маскоўскім уплывам, дарма што Масква на той час была ў жорсткай данніцкай залежнасці ад Залатой Арды. Калі ўлада ў Вялікай Літве перайшла да дуумвірату Альгерда і Кейстута, Яўнут спрабаваў хавацца ў Маскве. Гедзімінавічы мусілі адправіць адмысловую групу воінаў-пчаляроў, каб вырваць адтуль свайго нядбалага брата і вярнуць да «родных мядоў».
Пра гэтую выправу даволі падрабязна паведаміў маскоўскі летапісец па мянушцы Конь Дзялок: «До терема, там же беглый князько литовский Евнутько постоем стоял, приходили дивны люди от его стороны. Сказали, иже дар оному пресладкий принесли. Уведов то, Евнутько бежал в дальнюю светлицу и укрылся пацталом. Но люди оныя проникли дотуд, разбросав стражу всю по углам и каморам. Беглец литовский боялся зело гостей, бился чолом о сруб светлицы, восхохотамши под лавкою. А то ради лицедейства скоморошьего, абы гости онага Явнутьку юродивым и долбоклюем болезным вызнали. Но те не уверовали хитростям лицедейским. Приткнули Явнутьку к стенке, залили онаму в горло злаго меду литовского и нахлобучили на голову колоду с пщелами. «По Явнутьке и шапка», – рекл главен с пришлых дивных людей литовских. По тому всему Явнутька борзо переменился и возалкал страстно ко Литве своей повернуться. «Во змроку зиходкая зрада завабить клусней у виры. Ажиргаем и лататы», – молвил по-литовски оный и поторопился за пределы западныя бежати, князя московского за кров и хлеба кусок не взблагодаривши».[83]
Вялікі князь Альгерд рупліва працягваў працу па пераадоленню раздробленасці. Відаць, што ў гэтай працы выкарыстоўваўся багаты досвед міндоўгавых часоў. Прынамсі асобныя дакументы сведчаць, што паходнай кнігай Альгерда быў трактат «Як борздо и пліонно зъединочити размоитыя панствы удельныя», аўтарства якога прыпісваецца Міндоўгу.[84] Кніга вельмі дапамагла. Акрылены поспехамі вялікалітоўскі гаспадар, нават не заўважыў, што ў сваіх мядова-пчаліных паходах выйшаў за межы Старое Беларусі. Калі ж апамятаўся, то было позна – вялікая частка украінскіх земляў і пэўная частка абшараў прылеглых да Паўночна-Ўсходняй Русі загаварыла па-беларуску. Гэта факт, засведчаны многімі помнікамі пісьменства, якія паходзяць з тых рэгіёнаў. Дарэчы, і першую, і другую з жонак Альгерда клікалі Ульянамі – Марыя Ульяна Яраслаўна Віцебская і Ульяна Аляксандраўна Цвярская, што было сугучна са словам «улей», якое стала для гаспадара сэрцу мілым.
Крывых пчолаў Альгерд выкарыстоўваў і падчас паходаў на Маскву 1368 г., 1370 г., 1372 г. Гэтыя падзеі ў Маскоўскім княстве атрымалі назву «Литовщина». Маскавіты, шмат начуўшыся пра літоўскіх пчол, панічна баяліся быць уджаленымі. Фармальна паходы Альгерда ажыццяўляліся ў падтрымку цвярскіх князёў, але рэальна вялікі князь літоўскі меў на мэце абеларусіць Маскву. Невыпадкова сярод баявых песняў вялікалітоўскіх ваяроў была і песня з наступнымі радкамі:
Маскоўскі князь Дзмітры Іванавіч (будучы Дзмітры Данской) і аналітыкі з яго баярскага атачэння добра ўсведамлялі, чым можа скончыцца прыбыццё ў Маскву літоўскіх борцяў ці вулляў. Таму падчас кожнага паходу даводзілася нешта прыдумляць, каб выратаваць сябе ад крывых пчол. Калі адбываўся першы паход Альгерда, усе вёскі, што стаялі абапал дарогі на Маскву, загадам князя былі адселеныя. Іх жыхары, а таксама адмыслова прыгнаныя людзі з іншых маскоўскіх валасцей мусілі займацца тым, каб вакол дарогі на многія дзясяткі вёрст не засталося ніводнае кветачкі. Разлік быў такі, што крывым пчолам не ўдасца назбіраць нектару, новага мёду не будзе, стары мёд будуць вымушаныя спажыць самі ваяры, а пчолы проста памруць у пустэльных палях пад Масквой. Гэты план атрымаўся, крывыя пчолы сапраўды не змаглі дацягнуць да Масквы. Але яго здзяйсненне каштавала маскоўскаму двару немалых грошай. Гэта пры тым, што трэба было сплачваць даніну Залатой Ардзе. Таму падчас наступных паходаў Альгерда маскавіты выбіралі больш танныя спосабы процідзеяння.
У 1370 г. вялікалітоўскаму войску давялося прабірацца да Масквы праз дымную смугу – за два гады вакол дарогі нарасло шмат дзядоўніку, які людзі Дзмітрыя Іванавіча і падпалілі. Таксама вялікія лаўжы дзядоўніку дыміліся і за сценамі Крамля. Крывыя пчолы, як і іх звычайныя пабрацімы, вельмі кепска рэагавалі на горкі дым, што зноў выратавала маскоўскі рэжым ад беларусізацыі. Як сведчыць летапісец, акурат тады князь Дзмітры Іванавіч з палёгкай уздыхнуў і прамовіў фразу, што значна пазней стала класічнай: «И дым отечества нам сладок и приятен».[86] З тых жа часоў паходзіць дзеяслоў «ерепениться» (пачатковы варыянт – «репейниться» ад слова «репейник», то бок «дзядоўнік») у значэнні «сярдзіта ўпарціцца, пярэчыць».[87]
У 1372 г. маскавіты збіраліся паўторна скарыстацца тактыкай «задымленай зямлі», аднак не ўлічылі, што літвіны да гэтага падрыхтаваліся. У трэцім паходзе Альгерда на Маскву крывых пчол везлі ў адмыслова дапрацаваных борцях з «сеткою рябою», якая магла фільтраваць дым. Да таго ж разам з вершнікамі рухалася некалькі спецыяльна пабудаваных крытых фурманак з зямлёй, дзе раслі кветкі. Даведаўшыся пра гэта, маскоўскія палітычныя эліты мусілі паспешліва шукаць іншы спосаб вырашэння праблемы. Дзмітры Іванавіч не пагрэбаваў звярнуцца па дапамогу да вядзьмаркі Сабачыхі Кусачай, якую тэрмінова прывезлі з мурамскіх лясоў, каб тая выклікала дождж. Невядома, якім чынам яе ўгаворвалі, але выкліканы ёю дождж атрымаўся такім моцным, што дарогі да Масквы жахліва раскулешыла, а ў раёне Любуцка, куды ўсё ж дабралася войска Вялікай Літвы, нават утварылася глыбачэзная ярына. Але крывых пчолаў ад дажджу ўдалося ўратаваць. Факт надта напалохаў маскоўскае войска, якое стаяла на процілеглым баку ярыны, што поўнілася бруднай вадой. Як толькі літвіны выпусцілі пчолаў на маскавітаў, апошнія ўлучна са сваім князем скочылі ў ярыну, каб толькі не быць уджаленымі. Тры дні ім давялося плёскацца ў бруднай вадзе, пакуль не пайшоў натуральны, нікім не замоўлены дождж. Войску Альгерда давялося адправіцца дахаты, а сам князь вырашыў адкласці беларусізацыю Масквы на няпэўны час.[88]
У пчалярска-інтэграцыйнай працы не абыходзілася і без кур’ёзаў. Вялікі князь Альгерд ніяк не мог далучыць Калодзінскую воласць – княства без адміністрацыйнага цэнтра, якое знаходзілася ў вярхоўі Акі на левым яе беразе. Бераг з захаду быў адасоблены непралазнымі амшарамі, якія прынамсі двойчы спынялі Альгерда. Пра дзяржаўны лад Калодзінскай воласці ніхто нічога толкам не ведаў, бо там мала хто бываў. Нават узімку прабіцца туды было немагчыма з прычыны шматлікіх таросаў. Не ведаючы гэтага, Альгерд у адну са снежных зімаў паставіў сваё войска на «ірты» (лыжы) і паспрабаваў уварвацца туды. Ваяры ледзь «концы» (рукі і ногі) сабе не паламалі і толькі цудам не паразбівалі бочачкі з мёдам крывых пчолаў. Крыўдна было яшчэ і з-за таго, што пасярод таросаў стаяла пад сотню снегавікоў («балванов снежных») з намаляванымі нахабнымі ўсмешкамі.[89]
Непрыступнасць Калодзінскай воласці стала прадметам многіх гутарак між Альгердам і Кейстутам. Апошні ўспрымаў няўдачу брата з гумарам і перыядычна падсмейваўся, дарма што сам фармальна ўдзелу ў пашырэнні тэрыторыі дзяржавы не браў, займаючыся больш абаронай ад крыжацкай агрэсіі. Але у 1374 годзе ля муроў замка ў Троках, які быў рэзідэнцыяй Кейстута, з’явіўся адзінокі коннік у прасцяцкай вопратцы і пастукаў у браму. «Вой з охороны замковой испросил у прыбыша, чего той хотел. Прыбыш молвил, дей хотел бы с князем Кестутием говеный ряд докончати (заключыць дамову – С.Б.). Вой за словы таковыя ся угневал, прыбыша одураю сраки поменовал и волал, абы той от греха дале восвояси поскокал, пуги тугой на князевых стайнях не одержавши. Прыбыш не змилкнул, але вказал, што не по пуги тугия и языки охороны дурния прискакал суть, але говеный ряд у сим говняцким замку докончати. Вой со други свои от гневу превеликого выбегли за браму замковую, набити того прыбыша дерзкого возжелавши. «Зараз ты з замковым конюшим ряд докончаеш», – крычали вои. «До сраки кобылы сивой оного конюшего и вас з тым суполно! Мне надобно говняный ряд докончати!» – крычал прыбыш навзаем, зрынаючы охорону булдавой потужной у замковый ров. Часом тым по двору сам князь Кестутий ишол, крыки-волания усчул, за браму глянул да испросил: «Што за лихо?». «Не лихо, але староста волости не якой там суто Говнинской, але барзо славетной Колодинской, где сто пятнадзесят тысящ ульев пчол крэвских есть, приехал до сего зговняного замку, абы говеный ряд на долученя до Великого князства Литовского без серливой одволоки докончати», – поведал прыбыш. «И оныя дристуны не впустили сего зацнаго пана до брамы?» – з усмишкою молвил Кестутий, урозумевши свою вдачу».[90] Пасля гэтага смешнага інцыдэнту Калодзінская воласць на асаблівых умовах добраахвотна далучылася да Вялікай Літвы і доўгі час потым пастаўляла крывых пчол ды іх мёд на патрэбы гаспадарскага дома. Праўда, Альгерд быў трошкі незадаволены, што калодзінскі староста звярнуўся па заключэнне саюзу не да яго, а да Кейстута.
Здавалася, што Альгерд з дапамогаю крывых пчолаў здолеў пашырыць дзяржаву і кансалідаваць грамадства вакол старабеларускай мовы. Але гэта быў толькі частковы поспех, а перамога не вызначалася канчатковасцю. Сур’ёзная палітычная барацьба шуганула сінім полымем пасля Альгердавай смерці. Немалую ролю ў гэтым сыгралі добрыя ўраджаі яблык разладу, якія ішлі на выраб сядзёра мязговага. Селіван Дуравіцкі пісаў пра гэта ў сваёй лацінамоўнай паэме «Песні славы і няславы» (XVI ст.):
Альгердаў пераемнік князь Ягайла не змагаўся з сакральным пчалярствам, але вызначыўся тым, што ўвёў традыцыю мяшаць мёд крывых пчолаў з сядзёрам мязговым. «Ёрш Ягайлы», як назвалі гэтую мяшанку летапісцы, прыводзіў да цяжкіх наступстваў. Усе, хто спажываў «ёрш Ягайлы», пачыналі паводзіць сябе вельмі супярэчліва, кідаліся з адной крайнасці ў другую, плявалі на крэўнасць, размаўлялі на трасянцы, шукалі добрых сяброў там, дзе іх быць не магло. Акурат так паводзіў сябе сам Ягайла, гэтак жа паводзіліся і многія жыхары Вялікай Літвы. Яскравым прыкладам сярод апошніх можна назваць войта вёскі Гудзілавічы Менскай зямлі Яўсея Іграстага.
Паводле сведчанняў гістарычных крыніц Яўсей, пачаўшы ўжываць «ёрш Ягайлы», перастаў выконваць абяцанні, мог у літаральным сэнсе паставіць падножку любому аднавяскоўцу, нават цяжарнай жанчыне. Аднойчы са сваімі памагатымі ён разагнаў вяселле, спаслаўшыся на «претяжкий зовнутрешний стан» дзяржавы. Насамрэч становішча ў дзяржаве яго мала турбавала. Неяк з Менску па службовай лініі яму даслалі ліст, укладзены на тагачаснай беларускай мове. Яўсей той ліст парваў і сказаў ганцу: «Знай напшед, шчо я бэндю читати сии письмена, егда их складатимуть на истено руцким ензыку, како ув летописех князя Ярислейфа Мондрого».[92]
Войт спрабаваў завязаць добрыя адносіны з нячыстай сілай. Калі гэта не атрымалася, ён заявіў, што яму перашкодзіў пчаляр, і хацеў учыніць над ім расправу. Амаль уся вёска стала на абарону пчаляра. Вяскоўцы схапілі Яўсея, паскідалі з яго вопратку, абмазалі яго з галавы да пят мёдам і «меж домков пчолиных ускинули». Пчолы наджалілі яго так, ажно «шкура ся пуздырила», і ён прасіў ва ўсіх прабачэння. Але ўначы «лихаго седра мязковаго дунул крепко», ачуняў і падаўся ў пушчу. Там ён адшукаў «диких людей лесных, облику зверынаго з молотами и секирами каменными» (ці не ацалелых неандэртальцаў?) і прывёў у вёску, каб «свой лад устатковати». Пчаляр, які акурат вяртаўся ад сваёй дзяўчыны, трапіў «под роздыч» першым. «Дикия люди лесныя» забілі яго сваімі «прыладамі працы». Над вёскай навісла пагроза жудаснай масакры. Аднак пчолы, адчуўшы смерць пчаляра, хутка выбраліся з вулляў і імкліва паляцелі да месца злачынства. Разам з тым яны нейкім невядомым чынам сталі склікаць пчолаў «целой земли Менской». Перад Яўсеем і яго новаспечанымі сябрукамі паўстала шматмільённая пчаліная армада. «Дикия люди» спрабавалі біць сякерамі і малаткамі, але пасля аднаго ўдару тыя ператварыліся ў труху. «Пчол великое множство подняло оного нечистивого дешпота Евсея и лихих подлабузников пушчанских, абы занести всих у виры на колы», – паведамляе гістарычная крыніца.[93] Болей Яўсея Іграстага і яго хеўру ніхто не бачыў.