Аднак паход за «рубы литовския» не атрымаўся. Калі горад Вялікія Лукі здаўся сам, то Пскоў упарта супраціўляўся, і нават крывыя пчолы нічога з гэтым зрабіць не змаглі. Вышэйшыя колы Вялікага княства Літоўскага вырашылі адмовіцца ад новых тэрытарыяльных набыткаў, але не маглі ў той час голасна заявіць пра гэта. Таму ўвосень 1581 г. імі быў справакаваны лёгкі голад сярод ваяроў Сцяпана Батуры – разам з урэзаным аб’ёмам правіянту пад Пскоў было дастаўлена шмат «фасак» (бочак) з сядзёрам мязговым. Разлік апраўдаў сябе – войска стала моцна наракаць, і уладар пастанавіў павярнуць назад у Вялікае княства Літоўскае.[129] У 1586 г. Батура памёр пры загадкавых абставінах. Хутчэй за ўсё, ён быў атручаны на загад спаланізаваных вярхоў. Для іх іншаземны манарх, які сімпатызаваў беларушчыне і быў гатовы пад гудзенне крывых пчолаў асабіста ісці ў бой з джальніцкім мячом, выглядаў непрымальным дзікунствам.
Новы ўладар Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза быў зацятым каталіком. Ён не толькі заахвоціў контррэфармацыю, але і скіраваў намаганні на выкараненне «паганскіх перажыткаў». Пад апошняе паняцце, безумоўна ж, падпадала і сакральнае пчалярства. Каб пазбегнуць імаверных татальных рэпрэсій, бальшыня сакральных пчаляроў легалізавалася, далучыўшыся да т. зв. «народнага хрысціянства». Гэтак у праўладных сілаў выбівалася з-пад ног падстава для пераследу. Зразумела, што ў праваднікоў рэпрэсіўнай палітыкі маглі быць і запасныя варыянты дзеяння. Можна было абрынуцца на ўсіх пчаляроў, што выйшлі з лесу, абвесціць іх хрост ілжывым, абвінаваціць у чараўніцтве і пакараць. У аднаго з дарадцаў Жыгімонта Вазы быў падобны план. Аднак, калі праблему сталі вывучаць з розных бакоў, то выявілася, што ў народзе ўсе сто працэнтаў пчаляроў лічацца чараўнікамі. Іх знішчэнне немінуча падаравала б эканоміку Вялікага княства Літоўскага, бо пчалярства давала не толькі мёд, але і каштоўную стратэгічную сыравіну – воск, які пастаўляўся ў Заходнюю Еўропу. «Потужни окономы» хутчэй задушыліся б, чым спынілі бы прыток прыбыткаў ва ўласныя кішэні.
Але нельга сказаць, што легалізаваныя сакральныя пчаляры зусім уніклі пераследу. На працягу ўсяго часу ўладарання Жыгімонта Вазы сям-там узнікалі «агмяні напружанасці», у цэнтры якіх апыналіся нядаўнія лясныя пчаляры ці іх нашчадкі. Так, у 1625 г. у вёсцы Свяцілавічы Чачэрскага староства адбыліся хваляванні панцырнага баярства з нагоды спробы «жолнеров гармизона, што прыбыл з Чочерску, схватити пчоляра Кирея Асеіонка, котрый пасеку промеж Святиловичами а Железниками держал».[130]
Кірэй Асяёнак быў абвінавачаны ў «чародействах языческих» і «вижованьи для корысти цесарства московского». Жаўнеры збіраліся завезці яго ў чачэрскую вязніцу, але дарогу ім заступілі жыхары Свяцілавічаў «з шабелями, мушектами, ручницами и коликами от огорожей повытянутыми». Яны патрабавалі вызваліць пчаляра, «на чесность а щирость онаго прысягаючы». Але ў жаўнераў быў вельмі рашучы настрой – процістаянне магло скончыцца крывавай сутычкай, у якой не абышлося б без загіблых. Пчаляр хутка ацаніў, у якім кірунку коціцца справа, і папрасіў сваіх абаронцаў «клопоту а турботы о той речи не задавати», вяртацца дадому, бо «облудность виновайства паны у Чочерску побачать невомнози». Панцырныя баяры яго паслухаліся, а жаўнеры завезлі «злачынцу» у цэнтр староства.
Цэлы тыдзень «на хлебе черствым а гнилой воде» Кірэй сядзеў у вязніцы, бо суддзя з’ехаў у сваты «некудысь за Гомей». Жыхары Свяцілавічаў чакалі ў прытоеным абурэнні. Калі ж разгляд судовай справы нарэшце адбыўся, то вырак быў такім, што Асяёнку пагражала «горла стятье». Даведаўшыся пра гэта, панцырныя баяры «збройным обычаем» рушылі на Чачэрск. Туды ж паляцелі ўсе пчолы Асяёнкавай пасекі. І суд, і выканаўцы «розсудку» (судовага рашэння) нямала здзівіліся, пабачыўшы на месцы меркаванай «страты» (смяротнага пакарання) узброеных людзей і мноства пчолаў. Частка пчолаў захінула сабою свайго гаспадара. Іншая частка памкнулася на суддзю, «удчалившы онаго». Суддзя «кгвалту крычал а волал о ратованю», але ніхто яму не дапамог. Варта пабаялася правакаваць сутыкненне. Суддзя ж пасля джалення адразу прызнаўся, што яму «гостинца дали, абы оный суд несправедливым учинил». Высветлілася, што яго падкупіў нейкі прыезджы шляхціц, які хацеў «лживым обычаем» атрымаць землі Асяёнкавай пасекі, каб збудаваць там вінакурню па вытворчасці сядзёра мязговага. Вырак быў скасаваны, пчаляр разам з пчоламі і баярамі адправіўся дадому. Суддзя пастрыгся ў манахі. Прыезджы шляхціц з’ехаў.
Магчыма, што гэтыя падзеі сталі асновай для народнай балады «Чачэрская цямніца». Прынамсі, наступныя радкі дазваляюць так меркаваць:
Жыгімонт Ваза на хваляванне свяцілавіцкіх панцырных баяраў паглядзеў скрозь пальцы. Жыхары Свяцілавічаў і суседніх вёсак выконвалі важную для дзяржавы ролю – былі пагранічнай вартай.[132] Караць памежную баярскую вёску было б верхам стратэгічнай бязглуздасці.
Царкоўнікі розных канфесій і пісьменныя «радетели веры» доўгі час скарадзіліся духоўным і свецкім уладам на тое, што просты люд, дробная шляхта, а часам нават ніжэйшае духавенства шануюць пчолаў і трымаюцца адпаведнай абраднасці. Так, «волный чоловек, котрому за хрестянство болить» Станіслаў Аніська напісаў у 1630 г. ліст да уніяцкага мітрапаліта Іосіфа Вельяміна Руцкага, дзе скардзіўся на настроі жыхароў вёскі Дакудава Лідскага павета. Аніська сцвярджаў, што сяляне «языцтва ся держуть, Коляду, яко и Купалу, чтуть, деток малых медом мастять и пчолам под хоботы ондають».[133]
У 1646 г. з мястэчка Мядзведзевічы, што на Ляхавіччыне, нехта, хто падпісаўся як «служка церковный Циприян Анонимус», даслаў ліст біскупу віленскаму Юрыю Скуміну-Тышкевічу. У лісце паведамлялася пра «речи прикрые а блюзнерские, же в окронге местечковой ся почваряють». Ён падаваў досыць працяглы (на 150 пунктаў) «реестр гжехув», дзе не знайшлося месца хіба толькі грэху садомскаму. Многія грахі і праступкі, здаецца, былі проста ўзятыя з Бібліі і спраекцыяваныя на канкрэтных асобаў. Гэта некалькі паніжае узровень даверу яго ліста як факталагічнай крыніцы. Аднак сведчанне пра тое, што некаторыя местачкоўцы і жыхары прылеглых да Мядзведзевічаў вёсак «пшчолкають» (трымаюцца пчалінага культу), выглядае ў яго самым жывым.
У прыватнасці Цыпрыян зацеміў: «Теж хтял бы мулвити, же велькае чысло местечковекго и докольнекго люду пшчолкають безбожно. То ест шатаньске шануване певного рожаю пшчол пшез тлумливе а ганебне зебранне на пасеках не тылко для мяду вытяганя, но странных и вжасных обрядов для. А то вшистко не хыхи, кгды менщизны и женщызны од мала и до веля за руки ся держать, петли вкул вульев кронжать, песни о пшчолах возносять, мнемаючы, же выженають сим духов злых да и иных инсект, ктурых ворогами пшчол поменовывають. И теды од пасеки чутен крык дябольский: «Мув, йо ос?!». То нехто един з тых петель корогодных пытаеть, ест на пасеке осы чыли немае оных. Потым несуть деток малых албо ведуть дурней вельких, што сами всхотяли пшез руй пшчолиный итти. Пшчолы лятуць, чикають оных малых и вельких. Тыя чики пшчолиныя ся вважають одстемпниками вяры за сигнатуру боскую. Но ведомо, же бог оных одстемпникув ест фалчивый вдрызг, ибо не можеть правдивый бог давати людям надхнене, жебы тыя мувили ензыком простым, яко ензыком свентых ксионг».[134] Цыпрыян прасіў тэрмінова правесці праверку па ўсіх фактах і пакараць літаральна, хто спрычыніўся да грахоўных з’яваў. Зрэшты, ён выказаў сумнеў, што люд перастане «пшчолкать», бо «еднокго пшчоляра збэйсаеш, а юж три новых коло ворот стоять».
Але больш страшнымі для рознага кшталту «горливцув вяры» былі выпадкі, калі вясковымі святарамі станавіліся сакральныя пчаляры. Па сутнасці, гэта азначала перамогу і панаванне на месцах «народнага хрысціянства», якое нівелявала бальшыню канфесійных адрозненняў, маючы цвёрды традыцыяналісцкі (этнічны) стрыжань. Нехта Таўдал Блінскі ў 1652 г. пісаў ажно ў Рым, скардзячыся на ўніяцкага святара вёскі Пугачы Нюськавіцкага павета Акіма Кудаса. Згодна са скаргай святар вызначаўся «нечуванымі збачэннямі ад веры»: «у час хрышчэння акрапляе немаўлятаў мёдам, які ўласнаручна збірае з вулляў пастаўленых ім вакол царквы; часцяком расчыняе ў храме вокны ды дзверы і іграе на валынцы пад перагуд пчолаў, якія ўюцца паблізу; казані прамаўляе так, што на пяць цытатаў з Бібліі прыходзіцца дзесяць сумнеўных народных афарызмаў; іконы малюе сам ці замаўляе ў іншых аблудных людзей, адлюстроўваючы на дошках, апроч належных Вобразаў, шмат вулляў, борцяў, пчолаў, сотаў, пчаляроў, ажно ўвесь іканастас ужо ў гэтакага кшталту блюзнерскіх выявах; пастаянна ўдзельнічае ў наўмысна ладжаных на вёсцы кулачных баях і практыкаваннях са зброяй, што можна, напэўна, дараваць святару, азіраючыся на агульнае неспакойнае становішча ў Вялікім княстве Літоўскім і сумежных краях».[135]
Такіх святароў на старабеларускіх землях было вельмі штат. Адданасць старажытным традыцыям у спалучэнні з хрысціянствам выклікала ў асноўнай масе народа паважлівае стаўленне да такіх святароў. Зрэшты, гэта не ўбяспечыла іх ад тых нягодаў, што неслі ваенна-палітычныя канфлікты. У часы казацка-сялянскай вайны 1648–1651 гг. мноства святароў-пчаляроў пацярпела як ад казакоў і паказачаных сялян, так часткова і ад урадавых войскаў. Гэтым тлумачыцца тое, што Блінскі ў сваім лісце назваў даравальнай баявую падрыхтоўку святара Кудаса.
Палітычныя эліты Вялікай Літвы пасля паходаў Сцяпана Батуры на доўгі час адмовіліся ад дапамогі сакральных пчаляроў у ваенных справах. Верагодна, вярхі ім не давяралі, асцерагаючыся, што пчаляры не дазволяць рэалізаваць знешнепалітычныя праекты Рэчы Паспалітай ў паланафільскім рэчышчы. Нават тыя, хто на вышэйшым узроўні рупіўся пра старабеларускую мову (напрыклад, Леў Сапега), панічна баяліся беларусізацыі Маскоўскай дзяржавы, якая магла б адбыцца пры ўдзеле ў ваеннай інтэрвенцыі пчалярскіх добраахвотнікаў. Таму на Маскву ішлі войскі, укамплектаваныя праверанымі людзьмі, якія не мелі шчырых сімпатыяў да пчалінай абраднасці. Натуральна, многія з іх на роўні з польскай мовай вольна размаўлялі па-старабеларуску, але мэты прынесці беларушчыну на маскоўскія землі яны не ставілі. Маскавіты з палёгкай уздыхнулі, калі даведаліся, што інтэрвенты не хацелі зрабіць з імі тое, чаго ў свой час дамагаўся вялікі князь літоўскі Альгерд. «Ждали литовских пчел, да трутень полуляшский пришел», – сталі казаць у Масковіі з гэтай нагоды.[136]
У вайне Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай (а фактычна супраць Вялікай Літвы) 1654–1667 гг. сакральныя пчаляры самі ўзяліся за зброю, не чакаючы заклікаў зверху. Менавіта яны сталі першымі арганізатарамі партызанскіх атрадаў супраць маскоўскіх інтэрвентаў. За тое, што супраціўленцы ў баях з захопнікамі выкарыстоўвалі пчолаў, маскавіты сталі іх называць «джиджи» (гукаімітацыя пчалінага гуду). Пазней гэтая назва трансфармавалася ў «шиши».[137] Партызанаў пад кіраўніцтвам сакральных пчаляроў «царския люди» баяліся найбольш. І чым болей адзначалася выпадкаў пераходу маскоўскіх стральцоў на «сторону литовскую», тым большай рабілася занепакоенасць іхных ваяводаў.
Так, ваявода баярын Фёдар Хварасцін незадоўга перад пагібеллю сігналіў у Маскву: «Намедни от нас отпало два десятка ратных людей. Сии люди престрашно искусаны были литовскими пчелами, что и места живаго на телесах их не изыскалось даже. Иные служилые люди по дури своей бросили оных, не мысля с покойниками возиться. А покойники весьма нежданно возстали и адово ударили по тылам тех служилых людей, изрекая белорусские словеса, преисполненные ненависти ко всему сущему, а к российским государевым людям наипаче: «Стойте, долбни дурния, воронами загуменными уведзгонние!». Благо, подоспели наши рейтеры и оных возставших покойников искусали саблями похлеще вышеуказанных литовских пчел».[138]
Праз некалькі дзён Хварасцін загінуў, упаўшы з падпаленай ім сасны. Ён трапіў у пчаліную засаду, марна спрабаваў уцячы і ў стане афекту вырашыў ратавацца на дрэве, падпаліўшы яго ніжнюю частку, каб дымам адпудзіць пчолаў. Пчолы паляцелі прэч, а ваявода, не жадаючы згарэць, скочыў долу і пабіўся насмерць.[139] Трэба сказаць, што ў Маскве на звесткі пра падобныя здарэнні рэагавалі як на штось экзатычнае і забаўнае, бо генеральная лінія палітыкі цара Аляксея Міхайлавіча заключалася ў прапагандзе непазбежнасці перамогі «российского оружия в битвах за Русь Белокурую и Литовскую». Нездарма гісторыі пра «возставших покойников», уджаленых «литовскими пчелами», сталі тыражавацца на лубочных выявах. А маскоўскім ваяводам, што спрабавалі трымаць пад сваёй уладай практычна ўсю Вялікую Літву, ад гасудара ішлі адпаведнага кшталту пасланні: «Меньше пить, больше ворогов бить, а то головы не сносить».[140] Вершаванасць царскіх наказаў не павінна бянтэжыць. Тут яўна заўважаецца ўплыў Сімяона Полацкага, які ў 1656 г. падчас візіту Аляксея Міхайлавіча ў Полацак асабіста ўручыў яму прывітальныя «Метры» ўласнага аўтарства.
Між іншым, Сімяон Полацкі адмоўна ставіўся да сакральнага пчалярства і яго сінтэзам з хрысціянствам. Гэта давала яму лішнюю нагоду цешыцца прыходу на старабеларускія землі «россыйских освободителей». Лічыцца, што менавіта ягонаму пяру належыць верш «Утешение государевой лаской», дзе ёсць такія радкі:
Цікава, што ў час сустрэчы з маскоўскім царом Сімяон выпіваў нейкі «крепкий яблочный сок с мякотью», што амаль бясспрэчна можна асацыяваць з сумнавядомым сядзёрам мязговым.
Тое, што Аляксей Міхайлавіч з новай царскай дынастыі Раманавых скептычна рэагаваў на сведчанні пра пчаліныя напады і беларусізацыю сваіх салдат, яскрава дэманструе каласальны разрыў з традыцыямі папярэдняй дынастыі. Цар лічыў, што такімі «льстивыми сказками» ваяводы спрабуюць выцягнуць з казны больш грошай. Нядзіўна, што маскоўскія ратнікі не атрымлівалі з «большой земли» ніякай дапамогі для барацьбы з
Прыкладам, каля Старога Лепеля ў 1658 г. схапілі старога селяніна Ярмола Белага. Былі падазрэнні, што ён валодае адпаведнымі ведамі. Маскавіты «звязали онага по руках а ногах, покинули босым, але не для того, што на абуток ся поквапили. Прывели тыя московчыки козу, и лизала она селянину ступни, а тот ся заходил от смеха аж до з розуму схоженя и поведал реч таемную, которую жолнеры московския ся доведать страстно алкали».[143] Гэты змучаны казытаннем стары выдаў маскавітам архаічнае павер’е пра спосаб згубы пчолаў – выліванне ў пчальнік вады, якой абмывалі мерцвяка.[144] «Слуги государевы» не прамінулі адразу ж скарыстацца гэтым метадам утаймавання крывых пчолаў. З таго часу большасць маскоўскіх атрадаў ішла ў бой ці на карную аперацыю, маючы пры сабе вёдры ці бочкі з «мярцвяцкай вадой». Яе выкарыстанне супраць крывых пчолаў дало станоўчы эфект. Гэта стала адной з прычын таго, што вайна працягвалася доўга і была вельмі шчодрай на «разлияния крови».