На тле войта Яўсея вялікі князь Ягайла глядзіцца больш узважаным, нягледзячы на масу самых супярэчлівых дзеянняў. Калі ў звязку з Крэўскай уніяй паўстала пытанне пра пераезд у Кракаў, Ягайла прыхапіў з сабою некалькі борцяў з крывымі пчоламі, якія загадаў паставіць на тэрыторыі Вавеля. Менавіта адсюль і паходзіць часовая беларусізацыя польскага каралеўскага двара, пра якую так часта пішуць нашы сучасныя даследчыкі. Менавіта пасля знаёмства з крывымі пчоламі каралева Ядзвіга стала часцяком спяваць «Купалінку», а на рэдкія польскамоўныя звароты свайго мужа казала: «Ты поклич мя, позови».[94]
Польскія палітычныя эліты былі незадаволеныя. Яны зрабілі ўсё, каб крывая пасека з Вавелю ўрэшце знікла. Яны ж дамагаліся, каб Ягайла правёў хрысціянізацыю тых мясцінаў Вялікай Літвы, дзе на той час язычніцтва адкрыта пераважала. На загад Ягайлы былі высечаныя святыя гаі пад Вільняй, але сакральным пчалярам далі магчымасць правесці эвакуацыю борцяў яшчэ да пачатку высечкі. Разам з тым Ягайла часткова сам узначальваў місіянерскі аб’езд па язычніцкіх мясцінах. І як у свой час Міндоўг вёз у абозе крывых пчолаў і іх мёд, так следам за Ягайлам ехалі фурманкі з падарункамі для неафітаў. Сярод падарункаў былі не толькі белыя суконныя світкі, скураныя боты і грошы, але і бочкі з сядзёрам мязговым.
Людзі па-рознаму сустракалі Ягайлу і яго лекцыі аб сутнасці хрысціянскае веры. У адной з такіх выправаў знайшоўся адважны чалавек, які сказаў: «Міласцівы кароль, я асабіста згодзен з тым, што ўсе мы ўваскрэснем, але, убачыш, толку з гэтага аніякага не будзе». Гэта фраза стала амаль хрэстаматыйнай, але яе заўсёды падавалі вырванай з кантэксту, бо насамрэч смяльчак на тым не закончыў сваю прамову, а заявіў: «Князь Міндоўг падымецца і першым дасць кухталёў міласціваму каралю і за каншахты з ляхамі, і за мязговы сядзёр». Ягайла загадаў «адтрактаваць балбатлівага паганца» бізунамі, але той «рассыпаўся пчоламі», якія зляцелі прэч пад здзіўленыя позіркі манарха і ягонай світы.[95] Ясна, што такое «паганскае дзіва» у афіцыйных дакументах асабліва не афішавалася. Не афішаваліся і факты стыхійнага пратэсту супраць пашырэння сядзёру. Тым не менш, вядома, што ў 1402 годзе недалёка ад Маладзечна быў здзейснены напад на даўжэзны абоз, які вёз у Вільню бочкі з гэтым напоем. У выніку ўвесь груз быў знішчаны.
Відавочна, што ў сельскай мясцовасці сакральнае пчалярства працягвала трымаць вельмі моцныя пазіцыі. Да таго ж недасведчанаму воку было цяжка адрозніць крывыя борці і вуллі ад звычайных. Між іншым многія вёскі, звязаныя з захаваннем традыцый сакральнага пчалярства, мелі пэўныя асаблівасці планіроўкі. Размяшчэнне дамоў і гаспадарчых пабудоваў у вёсках здавалася бессістэмным толькі на першы погляд. Насамрэч планіроўка мела сістэму – з вышыні птушынага палёту вёска нагадвала пчаліныя соты, каля якіх віўся рой. Дый самі назвы вёсак гаварылі за сябе: Свята-Бортнікі, Крыўскія Борцічы, Мядоўка Наская, Старыя Мядовічы, Пчаліныя Крывічы ды іншыя. На жаль, за доўгі час бальшыня гэтых вёсак знікла, а тыя рэдкія, што захаваліся да нашага часу, даўно маюць вулічную планіроўку і саветызаваныя назвы.
У часы княжання Вітаўта фармальна назіралася панаванне каталіцкай царквы, якая кіравалася з Польшчы. Але рэальная карціна была больш стракатай, бо ў кожным намесніцтве, утвораным замест колішніх удзельных княстваў, абавязкова ствараліся пасекі крывых пчолаў. Нездарма Мікола Гусоўскі ў сваёй знакамітай паэме «Песня пра зубра» называў эпоху ўладарання Вітаўта «залатым векам». Сакральнае пчалярства, існуючы, па сутнасці, у паралельнай культурна-ідэалагічнай прасторы, не зазнавала пераследу і ўціску. У многіх мясцінах нашай тагачаснай краіны сталі амаль адкрыта спраўляць старажытны абрад пчалінай ініцыяцыі, як немаўлятаў, так і дарослых людзей. Іншым разам гэты абрад пракудлівым чынам спалучаўся з абрадам хрышчэння. Дапаўшы да беларушчыны, людзі зазнавалі праўдзівае шчасце. У гонар Вітаўта, які ўсталяваў такі парадак рэчаў, складаліся песні і хвалебныя оды:
Або:
У апошнім разе, відавочна, маюцца на ўвазе балотныя купіны, то бок робіцца намёк на вымушанае паўпадпольнае існаванне сакральнага пчалярства ў ранейшыя часы.
Калі Вітаўт збіраўся каранавацца і прывячаў шматлікіх гасцей, ён меркаваў навярнуць многіх з іх у беларушчыну. Каб пераканацца ў гэтым, варта толькі зазірнуць у меню каранацыйнай гасціны, якое захавалася ў «Кроніцы Быхаўца»: «Y koli tyie hosty u welikoho kniazia Witolta byli, y kniaź weliki Witolt dostatok dawał im weliki, y wychożywało na nich obrokow na kożdy deń: medu syczenoho sem sot boczok, okrom muszkatel y win y małmazey, y innych pitey rozmaitych; a jałowic sem sot, baranow, weprow sem sot, żubrey po szestdesiat, łosey po stu, krome innych rozmaitych zweryn i innych mnohich mias y domowych potreb».[97] Пэўна ж нездарма ў пераліку напояў і страваў на першым месцы згадваецца «мёд сычоны». Але каранацыя з вядомых прычын так і не адбылася. Тыя, хто за час гасцявання паспеў абеларусіцца, раз’ехаліся па дамах, дзе без новай падпіткі беларушчына неўзабаве вычхнулася з іх.
Пасля смерці Вітаўта ў краіне насталі цяжкія часы. З 1432 па 1439 год палыхала вайна, якую гісторыкі называюць феадальнай грамадзянскай вайной. Часцей за ўсё яе характарызуюць як дынастыйную з істотнай прысутнасцю канфесійнага чынніка, вылучаюцца два бакі канфлікту – феадалы-каталікі на чале з Жыгімонтам Кейстутавічам і праваслаўныя феадалы на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам, які сам быў каталіком. Аднак такую трактоўку вайны 1432–1439 гг. варта прызнаць павярхоўнай, касабокай і кульгавай. Ужо ў сярэдзіне XV ст. з гісторыі гэтай вайны была выкраслена трэцяя сіла – войска вялікага пчаляра Някраса.
Някрас збіраўся ўтаймаваць федальна-канфесійныя «ростыркі» і аб’яднаць Вялікую Літву пад сваёй уладай, усталяваўшы традыцыяналісцкі рэжым з апірышчам на сакральнае пчалярства. Яго ваяры, якіх ворагі празвалі джальнікамі, здзяйснялі раптоўныя напады на хаўруснікаў і Жыгімонта, і Свідрыгайлы. Але напады рабіліся не дзеля таго, каб забіць, а дзеля таго, каб вярнуць да «своевицы». Таму і ўзбраенне ў джальнікаў было незвычайным. Яны выкарыстоўвалі полыя мячы адмысловай канструкцыі, якія запаўняліся мёдам крывых пчолаў. Лязо такога мяча, удараючыся аб цела праціўніка, рабіла балючы, але не смяротны надрэз. Спрацоўваў хітры механізм, дзякуючы якому, у свежую крывавую рану трапляў мёд, і праціўнік імкліва страчваў разуменне каштоўнасці мэты сваёй барацьбы, пераходзячы на бок джальнікаў. Частыя выпадкі такіх пераходаў прымушалі ваяроў Жыгімонта і Свідрыгайлы шукаць спосабы ўмацавання даспехаў, каб пазбегнуць «заразы пчолиной», як гэта паміж іх называлася.[98]
Прапагандысты абодвух князёў распускалі сярод свайго воінства чуткі, быццам удар джальніцкага мяча спрычыняецца да цяжкай немачы, калі пчолы ператвараюць цела параненага чалавека ў вулей. Гэта многіх страшыла, і ў сутычках з джальнікамі яны дэманстравалі выключную жорсткасць. Зрэшты, джальнікаў гэта не спыняла. У многія баі яны выходзілі не толькі з «мядовымі» мячамі, але і ў суправаджэнні крывых пчолаў. Так было пад Ашмянай, Наваградкам, Вільняй, Полацкам, Амсціславам і іншымі старабеларускімі гарадамі. Што Жыгімонт, што Свідрыгайла вельмі непакоіліся з прычыны гэтай усюдыіснасці трэцяй сілы ў грамадзянскай вайне. Пераймаліся яны і з-за ўласнай бяспекі. Ёсць звесткі, што ў абодвух князёў было па некалькі двайнікоў, каб заблытаць найперш джальнікаў. Самі ж князі апраналіся так, каб крый божа ніводная пчала не здолела дакрануцца да іх цела. Даходзіла да таго, што і адзін, і другі абмазваў свой твар глінай, днюючы і начуючы ў цяжкіх даспехах, улучна з шаломам на галаве. У 1435 годзе нехта з майстроў вынайшаў адмысловае паўпразрыстае забрала з адмыслова апрацаванага «бычога пуздыря», што трохі палегчыла ваенны быт варагуючых князёў.[99]
У часе грамадзянскай вайны паказала сябе і чацвёртая сіла – «потужни окономы» ці, як іх больш канкрэтна называюць тагачасныя дакументы, «трункари хытроумния». Яны амаль не ваявалі і адкрыта не займалі пазіцыю кагось з удзельнікаў унутрыдзяржаўнага канфлікту. Сваёй задачай у вайне яны бачылі толькі ўласнае абагачэнне. Таму бессаромна за немалыя грошы яны пастаўлялі сядзёр мязговы войскам, як Жыгімонта, гэтак і Свідрыгайлы. Трунакарам было выгодна, каб вайна цягнулася і далей. За гэта іх вельмі каралі джальнікі. У пераважнай бальшыні выпадкаў на трункароў не дзейнічалі ні мёд крывых пчол, ні самі пчолы. Таму па першым часе яны не баяліся сутычак з джальнікамі і чынілі тым зацяты супраціў. Калі джальнікі рабілі конны напад на абоз, якім перавозіўся сядзёр, трункары выпраўлялі групу сваіх найбольш падрыхтаваных і спрытных людзей, якія вешаліся коням на шыю ды залівалі ім у храпы той самы напой. Коні ад гэтага шалелі і імкліва скакалі прэч, адносячы сваіх наезнікаў, якія нічога зрабіць не маглі. Праз такі хітрык шмат джальнікаў загінула. У адказ на гэта вялікі пчаляр Някрас загадаў свайму войску змяніць тактыку. Напады на трункарскія абозы сталі рабіць або пешыя ваяры, або вершнікі, коні якіх мелі на храпах спецыяльную аснаду, што не дазваляла староннім людзям імі маніпуляваць. Да таго ж Някрас на пахаванні чарговых ахвяр трункароў заявіў: «Никоторой литости сидерастем тым!».[100] Пасля гэтага закліку джальнікі сталі не проста знішчаць бочкі з сядзёрам, як было і да таго, але абрынулі свой смертаносны гнеў і на саміх трункароў. Даволі часта апошніх папросту тапілі ў бочках з ненавідным напоем. За гэта іх Жыгімонт і Свідрыгайла па чарзе абвясцілі «выступцами панствовыми», то бок дзяржаўнымі злачынцамі.
Зрэшты, супольная непрыязь да джальнікаў не прымусіла князёў аб’яднацца. 1 верасня 1435 г. яны сышліся ў страшнай бітве пад Вількамірам. Туды ж паспяшаўся са сваім войскам і Някрас, мяркуючы раптоўна зрабіць выратавальны пчаліна-мядовы ўдар і спыніць бітву агульным замірэннем. Разрозненыя атрады джальнікаў праз сістэму пчалінага апавяшчэння атрымалі загад на агульны збор. Яны паспяхова аб’ядналіся ў раёне Наваградка і рушылі да Вількаміра. На падыходах да поля бітвы пачаліся няўдачы. Манеўруючы паміж вайсковымі станамі Жыгімонта і Свідрыгайлы, войска Някраса выбрала шлях «през бодюли кромешныя» (праз нізкія густыя зараснікі), у якіх яны не пазналі баршчэўнік. Людзі і коні, дакрануўшыся да лістоў баршчэўніку атрымалі неймаверныя апёкі скуры, пакрыліся пухірамі і былі выведзеныя з бітвы яшчэ да пачатку ўдзелу ў ёй.[101] Ворагі потым кпілі з гэтай прычыны і нават прыдумалі прыказку: «Пад’елі баршчу, як пчаляры пад Вількамірам».[102] Некалькім джальніцкім групам у абароннай вопратцы давялося вычышчаць дарогу ад небяспекі.
Тым часам пачаўся першы бой паміж варагуючымі князямі. Някрас хацеў умяшацца, як мага хутчэй, і павёў рэшту свайго войска праз поплаў пры рацэ Святой. Праваднік з мясцовых павінен быў паказаць брод. Калі джальнікі апынуліся зусім блізка ад ракі, тая раптоўна выйшла з берагоў і заліла поплаў. Гэта не было выпадковым збегам абставін. Гэта была пастка, якую Жыгімонт пачаткова падрыхтаваў для войскаў Свідрыгайлы. На вузкім участку рэчышча прыгнанае жыгімонтаўцамі цывільнае жыхарства скінула ў ваду 500 пудоў камення з руінаў даўняй крыжацкай вежы. Войска вялікага пчаляра апынулася ў вадзе. Коні мітусіліся. Джальнікі падалі. Разам з імі падалі пераносныя калоды з крывымі пчоламі. Бачачы гэта, свідрыгайлаўскія лучнікі пачалі метадычны абстрэл поплаву. Шмат джальнікаў загінула, не маючы трывалых даспехаў. Свідрыгайла загадаў свайму войску ісці ў атаку. Але адначасова з гэтым Жыгімонт наказаў частцы свайго войска сесці ў баявыя чоўны і рушыць на іх праз заліты поплаў, каб затрымаць атаку свідрыгайлаўцаў, а заадно дабіць джальнікаў. Гэты план быў паспяхова рэалізаваны. Рэшту пчалярскага войска жыгімонтаўцы «адправілі ў вырай», наступ войска Свідрыгайлы спынілі і трымаліся да прыхода асноўных сілаў.
У часе перахода праз поплаў ваяры Жыгімонта страцілі толькі адзін човен. Жыгімонт Кейстутавіч атрымаў у бітве пад Вількамірам перамогу. Свідрыгайла уцёк «на 30 конях» у Полацк. Някраса пасля бітвы знайшлі сярод загіблых. Князь-пераможца парупіўся пахаваць забітага ворага з асаблівай пашанаю як чалавека да канца адданага сваім поглядам і ідэалам. «Егды б кождый з вас воевал не токмо за пенези и здобыч, а перш за великую цель, то ж и стало бы войско наше пятикрот моцным», – падчас пахавання звярнуўся Жыгімонт да сваіх ваяроў, ставячы Някраса і джальнікаў за прыклад.[103]
Параза джальнікаў пад Вількамірам мела ледзьве не катастрафічныя наступствы. Колькасць сакральных пчаляроў у краіне скарацілася на 90 %. Крывыя пчолы заставаліся без клапатлівага нагляду. Кінутыя пасекі, калі ўлады падазравалі іх у крывасці, знішчаліся. Той жа лёс напаткаў і кінутыя лясныя борці. Плёнам грамадзянскай вайны пераможцу карыстацца не давялося – яго неўзабаве забілі польскія агенты. Вайна расчысціла дарогу на велікакняжацкі трон сыну Ягайлы Казіміру. З аднаго боку ён фармальна падтрымліваў дзяржаўны статус старабеларускае мовы, але з іншага – не бачыў нічога дрэннага ў пашырэнні пальшчызны і паціху спрыяў гэтаму працэсу. Радыкальную апазіцыю Казімір Ягайлавіч імкнуўся знішчыць. Так было з прыхільнікамі Свідрыгайлы, што паднялі паўстанне ў Смаленску (1440 г.), так было і з тымі нешматлікімі сакральнымі пчалярамі, што мусілі хавацца па лясах і балотах, ратуючыся ад пераследу карнікаў.
Калі Казімір быў абраны каралём Польшчы, ён яшчэ больш праявіў сваё паланафільскае нутро: большасць часу бавіўся ў Кракаве. Гэткія паводзіны выклікалі абурэнне ў пэўных колах Вялікага княства Літоўскага. Асабліва былі незадаволенымі слуцкія князі, якія цягам другой паловы XV ст. сталі таемнымі апекунамі сакральнага пчалярства. Пад крыло князёў Алелькавічаў з усіх куткоў зямлі старабеларускай спяшаліся недабітыя карнікамі пчаляры, ведучы за сабой нешматлікія роі крывых пчолаў. Нездарма горад Слуцак на доўгія стагоддзі стаў сапраўднай апорай беларушчыны. Нездарма ў Слуцку выспела задума Пчаліна-мядовай змовы супраць Казіміра Ягайлавіча.
У 1481 г. слуцкі князь Міхаіл Алелькавіч разам з князямі Хведарам Бельскім, Юрыем Гальшанскім і Іванам Глінскім склалі адпаведны план. Меркавалася, што на вяселлі Хведара Бельскага і Ганны Кобрынскай, дзе меўся прысутнічаць Казімір, з напояў будзе падавацца толькі мёд крывых пчолаў, а ў час кульмінацыі свята манарху паднясуць збан з пчаліным роем, каб тыя ўджалілі яго. Але змову выкрылі на стадыі падрыхтоўкі. 30 жніўня 1481 г. у Вільні Міхаілу Алелькавічу і Івану Гальшанскаму прылюдна ўцялі галовы, а трункары бясплатна раздавалі публіцы сядзёр мязговы.[104] Глінскаму і Бельскаму падчас сутычкі адбілі мазгі і тыя замест Слуцка збеглі ў Маскву. Зрэшты, паводле іншай версіі маскоўскі шлях яны выбралі наўмысна, каб адвесці удар ад сакральных пчаляроў.
Калі пра змову на чале з Міхаілам Алелькавічам, хаця і ў перакручаным выглядзе, але ўсё ж гавораць многія даследчыкі, то Пчаліная змова 1515 г. супраць вялікага князя Жыгімонта Старога і радных паноў забытая ўвогуле. Паводле адных звестак у ліпені, паводле іншых у верасні 1515 г. група змоўнікаў па «листах лживых» (фальшывых дакументах) даставіла ў сутарэнні віленскага Дольнага замка 33 пчаліныя вуллі, якія былі замаскіраваныя пад бочкі з віном. Выканаўцам задумы змоўнікаў павінен быў стаць нехта Гвідон Ліс (у іншых крыніцах – Лес). Ён добра ведаў вентыляцыйную сістэму Дольнага замку, таму яму і даручылі «довести пчол» да залы, дзе меркавалася пашыранае паседжанне велікакняжацкай рады. Спачатку ўсё ішло добра. Гвідон удала выдаваў сябе за чалядніка з ліку тых, хто выконваў рамонтныя работы. За гэты час ён здолеў зрабіць у вентыляцыі з дзясятак мядовых кропак так, каб крывыя пчолы ведалі, куды ім ляцець у часіну «Х». Але ўрэшце адна са служанак стала за ім сачыць – «албо з подозрейня небезпеки, албо з мыслями аморными». Убачыўшы, што Ліс у сутарэннях размаўляе з бочкамі, яна тэрмінова паскардзілася службе аховы. Ліс быў схоплены.
Калі кіраўніцтву аховы стала ясна, што ў бочках пчолы, яны з дазволу вялікага князя вырашылі затапіць сутарэнні. «Згамованый» (арыштаваны) Гвідон Ліс «достался катованям», пры якіх прысутнічаў сам Жыгімонт Стары. З Гвідона спрабавалі выбіць «сведоцтвы» пра іншых змоўнікаў. Вялікаму князю і яго памочнікам спачатку здавалася, што за змовай праглядаецца рука Масквы. Аднак потым стала зразумела, што змову склалі ўнутраныя сілы. «Был на меду, облил медам бороду», – адзінае, што сказаў Ліс сваім катам. Праз некалькі месяцаў ён быў пакараны смерцю перад нешматлікай публікай, бо сам факт змовы замоўчваўся.[105]