Думаеш, ты добра ведаеш беларускую гісторыю? Скажы тады, у якіх стагоддзях птушка фенікс і аднарогі насялялі наш край? Што маляваў Францішак Скарына ў сваім дэмбельскім альбоме? Як адзначалі літвіны-беларусы сваё вяртанне з Месяца? Каля якога беларускага горада адбыліся падзеі, што сталі асновай для сюжэта відэагульні пра Супер-Марыё?
Калі не маеш што адказаць на ўсе гэтыя пытанні, дык найлепшым дарадцам для цябе будзе кніга Сяргея Балахонава “Зямля пад крыламі Фенікса. Нарысы з паралельнай гісторыі Беларусі”. Мноства неверагодных фактаў, сенсацыйных адкрыццяў і парадаксальных высноваў знойдзеш на старонках гэтае кнігі.
Чытай! Здзіўляйся! Спрачайся!
v 1.0
Сяргей Балахонаў
Зямля пад крыламі Фенікса
© Балахонаў, С., 2012
© I. П. Логвінаў, 2012
© Распаўсюджанне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Аднарогі Беларусі
Улетку 1928 г., падчас раскопак гарадзішча Банцараўшчына у ваколіцах Менску, археолаг Сяргей Дубінскі між іншага выявіў рог даўжынёю 1,9 м. Знаходка тады была ідэнтыфікавана як рог валдайскае казы і здадзена ў архіў. У 1935 г. прыбіральшчыца, выводзячы мыш’яком (As) архіўных пацукоў, выпадкова сыпнула крыху атруты на рог. Той нечакана змяніў колер, зрабіўшыся з шэрага бледна-ружовым. Тэрмінова выкліканы Дубінскі адразу зразумеў, што мае справу з рогам не валдайскае казы, але аднарога – вымерлай траваеднай непарнакапытнай жывёліны, чый лабавы рагавы нараст мог, паводле сярэднявечных крыніцаў, змяняць колер пад уздзеяннем атрутных рэчываў. Аднак археолаг ясна здаваў сабе справу з таго, што бальшавіцкая ўлада, якая адмаўляе Бога, будзе адмаўляць і аднарога. Адкрыццё Дубінскага абмяркоўвалася ў навуковых колах БССР кулуарна, паўшэптам. А ў 1937 г. ён быў арыштаваны і расстраляны як польскі шпіён, бо меў сваякоў у Заходняй Беларусі. Рог праходзіў па справе ў якасці рэчавага доказу, а пасля знік у спецсховах, як мноства іншых рэліквіяў беларускага народу.
Наша сённяшняя навука, згодна з савецкай традыцыяй, упарта заплюшчвае вочы на шматлікія пацверджанні існавання аднарогаў. Таму і фігуруе гэтая жывёліна ў энцыклапедыях прыдуманых і звышнатуральных істотаў. Тым часам першыя згадкі пра аднарога сустракаюцца у гімнах “Атхарва Веды” – там ён зваўся аднарогай антылопай, хоць насамрэч быў больш падобны да статнага белага каня з доўгім рогам у лобе. Аднарогаў згадвалі Ктэсій, Пліній, грэцкі “Фізіёлаг” ды іншыя крыніцы. Алегорыі, звязаныя з гэтай жывёлінай, сустракаюцца ў Бібліі. Апісанні аднарога ва ўсіх гэтых крыніцах розняцца, бо мала хто меў шчасце бачыць яго.
На тэрыторыі Беларусі аднарогі з’явіліся недзе ў сярэдзіне мезаліту. У часы Полацкага княства яны былі неад’емнай часткай беларускае фаўны. На так званай Равэнсбурскай мапе свету (Нямеччына, ХІІІ ст.), побач з гарадамі
Таму аднарогаў рэдка прыручалі, часцей на іх проста палявалі. У сярэднявеччы лічылася, што злавіць аднарога можна толькі адным спосабам: “панну цнатлівую прывесці ў лес, абы звер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасці, зызволіў прыйсці голаў свой пакласці ёй на ўлонне, аддаючыся у цянёты лоўчых”. Пасля паходу на полацкія землі (1084 г.), кіеўскі князь Уладзімір Манамах пісаў: “И на осень идохом с черниговци и с половци, с читьевичи к Меньску: изъехахом город, и не оставихом у него ни челедина, ни скотины, там то ж убихом трех инорогов» (гл. праўдзівы спіс “Павучанняў Манамаха”). Якім чынам князь упаляваў іх – не паведамляецца. Відаць у палоне, які ён вёў у Кіеў, былі цнатлівыя дзяўчаты, што сталіся прынадаю. У няволі звер хутка паміраў, спяваючы перад сконам надта жаласную песню.
Беларусаў заўжды ўражвала нечаканасць, з якой аднарог з’яўляўся, і хуткасць ягоных перамяшчэнняў. Не дзіва, што ён лічыўся гаспадаром беларускіх нетраў, якому вядомыя таемныя падзямельныя шляхі:
Гэтыя радкі ўзятыя з архаічнага народнага верша, занатаванага у сярэдзіне ХІХ ст. на Магілёўшчыне Фердынандам Онкельбартам.
Беларускі эміграцыйны даследчык К.Рывіч, са спасылкаю на Альберта Віюка-Каяловіча (XVІI ст.) даводзіў, што герб “Пагоня” на мяжы XIII–XІV ст. меў варыянт, на якім замест каня быў адлюстраваны аднарог. Увогуле ў беларускай геральдыцы гэты вобраз быў распаўсюджаны вельмі шырока. Герб з ягонай выяваю (“Боньча”) мелі 40 шляхецкіх фаміліяў ВКЛ, сярод якіх Асмалоўскія, Букоўскія, Булаты, Грахоўскія, Куніцкія, Раманоўскія, Шушкевічы, Яблонскія…
Ян Хрызастом Адынец (верагодна, сваяк філамата Антона Эдварда Адынца) да свайго артыкулу, прысвечанага жывёльнаму свету ВКЛ, прытачыў колькі цытатаў з неапублікаванай на той час (1815 г.) “Кронікі Быхаўца”. Між іх ёсць і такая: “… dubrowy roskoszny y rozmaitoie użytosty napołnennych, wo zwerech rożnoho rożaju, to jest nayperwey turow, żubrow, jedinorohow, łosey, oleney, sarn, rysey, kunic, lisic, biełok, hornostajew i innych rozmaitych rożajew.”. З усіх публікацыяў “Кронікі” згадкі пра аднарогаў былі выкінуты.
Паляванне на аднарога без ведамай прынады было вельмі небяспечным для жыцця паляўнічага. Таму рэлігійны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак пра кожную безвыходную сітуацыю гаварыў: “Toe чынити, яко без девы еднорожца ловити – реч слиозная и крвавая”. Між тым, існавалі яшчэ сама мала чатыры спосабы палявання на гэтага звера. Мікола Гусоўскі падрабязна апісаў кожны з іх у сваёй невядомай паэме “Спеў пра аднарога”, рукапіс якой захоўваўся у бібліятэцы Ватыкану да 1942 г., а потым бясследна знік. Мяркуючы па бібліяграфічным апісанні, паэма апавядала пра княжанне Свідрыгайлы і грамадзянскую вайну ў ВКЛ 1432–1439 гг..
Апісанне ж дзікага палявання на аднарога знаходзім у “Дыярыюшы” менскага пісара Гаўрылы Асташковіча (канец ХVІ ст.). Напісаны па-старабеларуску арыгінал страчаны, захаваўся толькі пераклад на ідыш, які зрабіў невядомы рупліўца з менскае сінагогі. Апублікаваны ён быў у паўцыркулярных “Дополнениях к еврейскому архиву” (1896, Т.24, отд. 11). Звернемся да цікавага нам эпізоду дыярыюша ад 4 лістапада 1582 г.: “Мы адправілі напярэдадні віжоў, якія далажылі дакладна, у якіх гушчарах бавіцца той звер. Назаўтра мы рушылі да той мясціны, абы ўзяць аднарога ў аблогу. Сяляне з траскаталкамі і бразгаталкамі ішлі. Мноства чаляднікаў з сеткамі, а мы – бальшынёю конна – са стрэльбамі. Ніхто не хаваў жадання забіць звера дзеля яго чароўнага рога. Неўзабаве ён завіднеўся яўна зляканы і мітуслівы, кідаўся прэч, але натыркаўся на чаляднікаў з цянётамі і каламі. Хтосьці з іх усё ж накінуў на звера сетку. А мы, узрушаныя і захопленыя азартам, стрэлілі супольна. Звер стаў шалёна трапятацца, чапляючы на рог усіх, хто апынаўся побач, і так уцячы імкнуўся, чаго мы ніяк прызволіць не маглі. Для таго, паўтарыўшы стрэлы, змярцвілі звера адчайнага. Толькі трудна сказаць, ці займелі мы з таго радасці”.
У актавых кнігах “замку госпадарскаго Пинскаго” ёсць дакумент, датаваны лютым 1624 г., у якім возны пінскага павету Павал Высоцкі скардзіўся на Крыштофа Быкоўскага, арандатара земляў князя Юр’я Чартарыйскага за сваволю: “Быковский той кгвалтомоцью на имене его наехал а узял дочку его, якая стан девичский мевала, а то для таго, жебы инорожца на землях пана Высоцкаго побити”. Дакумент быў апублікаваны у 1899 г. з відавочнай памылкай: заміж “инорожца” надрукавана “инородца”.