Книги

Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік)

22
18
20
22
24
26
28
30

Першая сусветная вайна і наступныя расійскія рэвалюцыі, здавалася, перакрэслілі ідэю хутарызацыі. Аднак у 1920-я гг. яна стала рэалізоўвацца ў новых умовах – умовах Савецкай Беларусі. Народны камісар земляробства Зміцер Прышчэпаў лічыў хутарызацыю зарукай беларусізацыі. Паводле яго далёкасяжных планаў літаральна кожны хутар Беларусі павінен быў мець пры сабе пасеку з «пчоламі тутэйшай пароды».[208] Ідэю падтрымалі нацыянальныя палітычныя і культурныя дзеячы. Янка Купала яшчэ ў 1918 г. напісаў верш «Пчолы», які стаў сапраўдным маніфестам сакральнага пчалярства:

Мой сад калодамі абведзен мёдных пчол,Што гаманяць, як неўгамонныя музыкі;Іх з лета ў лета звоняць звончастыя зыкіІ далятаюць да блізкіх і дальніх сёл.[209]

Вацлаў Ластоўскі, які ў 1927 г. вярнуўся ў Беларусь і стаў працаваць у Інбелкульце, меў на той час шмат матэрыялаў з гісторыі сакральнага пчалярства. Ён нават прапаноўваў стварыць асобную навуковую ўстанову – Інстытут пчалярства.[210] У Заходняй Беларусі, якая ў 1921 г. апынулася пад уладай адноўленай Польшчы, таксама заўважалася цікавасць да вывучэння і папулярызацыі тутэйшых пчалярскіх традыцый. У Вільні з ініцыятывы Людвікі Сівіцкай-Войцік (Зоська Верас) было заснаванае таварыства «Пчала», якое выдавала часопіс «Беларуская борць» і прадавала мёд крывых пчол.[211] Партызаны і кантрабандысты, што да канца 1920-х гг. шасталі туды-сюды праз «беларуска-беларускую мяжу», спявалі песню наступнага зместу:

К чорту межы з нашай зямліАбскубантаў ўсіх к чорту з нашай зямлі.Я хачу, каб тут кветкі раслі. Я хачу так,Каб тут пчолкі нашы гулі,Каб тут пчолкі нашы гулі.Я хачу знішчыць межы! Я хачу знішчыць межы![212]

Падтрымка беларускімі дзеячамі стварэння Савецкай Беларусі была тактычным ходам, калі цягам 1918 г. стала зразумела, што Беларуская Народная Рэспубліка не выстаіць пад націскам шматлікіх вонкавых пагрозаў. Супраціўленне грозаўскіх пчаляроў на Случчыне ўвосень 1920 г. не змагло вырашыць пытанне аб захаванні беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР. Таму ў 1920-я гг. многія беларускія дзеячы рабілі ўсё магчымае, каб умацаваць этнічную свядомасць жыхароў БССР і вярнуць мірным шляхам землі, якія ў 1919 г. адышлі да Савецкай Расіі. На вернутых у выніку т. зв. «узбуйненняў» (1924 і 1926 гг.) землях адразу распачыналася беларусізацыя і хутарызацыя, а па сутнасці – пчалярызацыя.

Меркавалася, што ў 1928 г. адбудзецца трэцяе «узбуйненне» з вяртаннем Смаленшчыны і Браншчыны, дзе адпаведныя працэсы планавалася пераважна скончыць у 1930 г. Паводле планаў беларускіх дзеячаў 1930 г. павінен быў стаць пераломным. Яны збіраліся правесці арышты ўсіх, хто быў прызначаны на кіраўнічыя пасады БССР з іншых саюзных рэспублік, і адначасова пчалінымі заставамі закрыць граніцы з Савецкай Расіяй і Савецкай Украінай. Сінхронна з гэтым партызаны, пчалярскія групы і заангажаваная ў беларускасць частка жыхарства Заходняй Беларусі павінны былі падняць паўстанне супраць польскага панавання. Укамплектаваныя за часы беларусізацыі тутэйшымі ўраджэнцамі і ўзмоцненыя пчалярскімі дывізіямі вайсковыя часці Чырвонай Арміі ў той жа дзень перайшлі б ненавідную граніцу ўзору 1921 г., усталёўваючы беларускую ўладу і дасягаючы тым самым этнічнага адзінства і незалежнасці Беларусі (Крывіі). Такі план быў распрацаваны ў пачатку 1927 г. і акурат з разлікам на перспектывы трэцяга «узбуйнення». Галоўным распрацоўшчыкам плана пад кодавай назвай «Пчолачкі гудуць» быў памянёны вышэй наркамзем Зміцер Прышчэпаў, які паходзіў са старажытнага пчалярскага роду. Яго падтрымлівалі Аляксандр Адамовіч, Антон Баліцкі, Вацлаў Ластоўскі і іншыя дзеячы.[213]

Аднак у 1928 г. трэцяга «узбуйнення» БССР так і не адбылося. Рэалізацыя плана ў такіх умовах «правісала». Інфармацыя пра яго трапіла ў ГПУ, а адтуль да саюзнага кіраўніцтва і персанальна да Іосіфа Сталіна. Рэакцыя была бліскавічнай – пайшлі загады на згортванне беларусізацыі і хутарызацыі, пачалася барацьба з «нацдэмаўшчынай». Масква дасылала ў Савецкую Беларусь усё больш сваіх прызначэнцаў, якія сталі праваднікамі магутнай русіфікатарскай хвалі ці, гаворачы словамі паэта Алеся Дудара, былі «баюнамі Северо-Западного края». Сельскія гаспадары, найперш пчаляры, гвалтам заганяліся ў калгасы, а пазней патраплялі пад «раскулачванне». Пасекі перадаваліся ў рукі дзяржаве і фактычна пераставалі існаваць з прычыны адсутнасці руплівага гаспадарскага нагляду. Зміцер Прышчэпаў і прыхільнікі яго плана былі кінутыя за краты, а ў часе другой хвалі рэпрэсій – расстраляныя. Афіцыйная прапаганда трубіла аб іх сувязі з польскай ды іншымі замежнымі спецслужбамі. Іх ідэі абвяшчаліся шкоднымі і непрымальнымі для «працоўнага беларускага народа». Адзін з тагачасных бальшавіцкіх публіцыстаў пісаў: «Нацдэмаўская «Крывія» – гэта фашысцкая сімуляцыя Беларусі. «Вольная Крывія» адбудоўвалася ў канцэлярыях ахранак і дэфензіў тых дзяржаў, якія горача жадалі адарваць Беларусь ад Совецкага Саюза. Міністры «зямлі крывічанскай», вярнуўшыся ў БССР, па загаду імперыялістычных дзяржаў і на іх жа грошы «адбудоўвалі» з апорай на тутэйшых апартуністаў і шалёны кулацкі элемент «пчалярскую Крывію», шкодзячы соцыялістычнаму будаўніцтву. «Крывія» – гэта рэстаўраваная БНР: краіна шыбеніц, язычніцка-пчалярскага цемрашальства, галечы для пралетарыята і працоўнага сялянства».[214] Сакральнае пчалярства ў Савецкай Беларусі было разгромлена, а маскоўскія бальшавікі выношвалі планы пераўтварэння БССР у «Западнорусскую Автономную Советскую Социалистическую Республику» у складзе РСФСР. І толькі наяўнасць Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы спыніла «крамлёўскага горца» ад такога кроку. Разгром заходнебеларускага сакральнага пчалярства, распачаты польскім ўрадам у 1927 г. забаронай масавай легальнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады, не быў такім татальным, як у БССР. Але ўсё ж варта канстатаваць, што на пачатак 1940 г. крыўскага сакральнага пчалярства фактычна не існавала. Цікава заўважыць, што першымі прадпрыемствамі, якія ўзводзіла савецкая ўлада на далучаных увосень заходнебеларускіх землях, былі віна-гарэлачныя заводы.

Крывыя пчолы, калі і засталіся недзе, то амаль выключна ў дзікім выглядзе. Яны спарадычна нападалі на людзей, прышчапляючы ім беларускасць. Іншым разам іх напады здзяйсняліся з мэтай абароны беларускіх абшараў ад ліхіх сілаў. На жаль, шматлікія звесткі пра напады і аднаго, і другога тыпаў застаюцца дагэтуль засакрэчанымі. Пэўная факталогія ўтрымліваецца ў кнізе Дзяніса Караблёва – афіцэра КДБ БССР, які ў свой час меў доступ да адпаведных сакрэтных матэрыялаў, а ў 1980 г. уцёк на Захад. Кніга «Засакрэчаныя пчолы чырвонай Беларусі» вытрымана ў цалкам аб’ектыўным рэчышчы, таму вартая даверу.

У канцы жніўня 1941 г. два шматтысячныя роі крывых пчолаў здзейснілі напад на Адольфа Гітлера і Беніта Мусаліні, якія прыляцелі ў Берасце (Брэст). Асаблівае трывожнае гудзенне сведчыла, што пчолы не збіраліся беларусізаваць прыхадняў, а былі гатовыя заджаліць тых да смерці. Аднак пры падлёце да фюрэра і дучэ пчолаў раптоўна ахапіў калектыўны паморак. Пчолы, быццам кроплі імгненнага дажджу, упалі долу. Абодва дыктатара, якія нават не паспелі спужацца, сталі танчыць на покрыве, што ўтварылася з пчаліных трупаў. Берасцейцы ведалі пра гэтае здарэнне. Сярод іх хадзіла гнеўная прыпеўка:

Скачуць Гітляр з МусалініНа цялах памёршых пчол.Хай і той, і гэты згіне,Абхапіўшы с[рака]й кол.[215]

Пра адраджэнне сакральнага пчалярства ў гады Другой сусветнай не магло ісці і гаворкі. У знішчальнай вогненнай віхуры барацьбы ўсіх супраць усіх пракаветнай традыцыі папросту не было месца.

У пасляваенны час саюзнае кіраўніцтва працягвала падмяняць даўнія беларускія традыцыі пэўнымі эрзацамі. Замест сакральнага пчалярства беларусы атрымалі эксперыментальнае бульбаводства. Беларуская дуда амаль загінула пад цымбаламі, якія навязвалі маскоўскія таварышы. Але нават такіх захадаў па змене этнакультурных кодаў камуністам было мала. Яны запачаткавалі і правялі жудасную меліярацыю, знішчаючы жыццёва важную для крывых пчолаў экалагічную нішу. Акрамя таго, тысячы беларускіх вёсак трапілі пад хітрае азначэнне «бесперспектыўныя». У сваёй бальшыні гэта былі вёскі, якія месціліся на значнай адлегласці ад цэнтраў мадэрнізацыі. Гэткія агмяні захавання архаічных традыцый дужа мулялі вока камуністычнаму рэжыму, які бачыў у іх патэнцыйную небяспеку адраджэння сакральнага пчалярства. Маскве выгодней было мець на заходніх рубяжах СССР бульбашоў-цымбалістаў, чым пчаляроў-дудароў. Таму і рабілася ўсё магчымае, каб занядбаць тыя вёскі, дзе маглі б з’явіцца новыя сакральныя пчаляры.

Іншым разам не абыходзілася без грубай сілы. У 1965 г. інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Пасекі (зараз не існуе) Тураўскага раёна. Тутэйшы сельскі гаспадар Зосім Бортнік, які адмовіўся перасяляцца і прызнаваць сваю родную вёску бесперспектыўнай, заняўся пчалярствам. Ён прыручыў асаблівую пароду дзікіх пчолаў, з дзядоўскіх паданняў ведаючы пра тое, носьбітамі якой уласцівасці яны з’яўляюцца. Бортнік паспеў зладзіць вялікі пчальнік амаль на сотню вулляў. 30 чэрвеня, калі пчаляр займаўся звычайным для сябе доглядам пчолаў, у «бесперспектыўную» вёску ўвайшлі тры роты дэсантнікаў. Салдаты былі ў процігазах і спецыяльных касцюмах хімабароны. Іх суправаджала некалькі бронетранспарцёраў. Ад камандавання Беларускай ваеннай акругі дэсантнікі мелі загад затрымаць Зосіма Бортніка, а пчальнік і рэшту пустой вёскі знішчыць. Меркавалася, што ўсё адбудзецца вельмі хутка.

Але крывыя пчолы, як толькі дэсантнікі наблізіліся да вулляў, абляпілі сабой усе аўтаматы і кулямёты на бронетранспарцёрах. Меншая колькасць пчолаў утварыла шчыт паміж гаспадаром і вайскоўцамі. Апошнія загадалі пчаляру здавацца, а пчолаў сваіх адклікаць. Той адмовіўся. Інструкцыя прадпісвала ў такім разе выкарыстоўваць зброю. Дэсантнікі адкрылі агонь. Дакладней – паспрабавалі адкрыць. Пчолы падхоплівалі кулі, адносілі іх на сухі лес і вярталіся назад. Пасля часовага здранцвення афіцэры загадалі сваім падначаленым перайсці ў рукапашную. Лішне казаць, што ім давялося адольваць супраціўленне пчолаў. Невядома, чым бы процістаянне скончылася, калі б не прапаршчык Жматко, які на ўсялякі выпадак прыхапіў з сабой некалькі дымавых гранатаў. Едкі дым нейтралізаваў пчолаў. Зосім Бортнік быў схоплены, а ў далейшым апынуўся ў кіпцюрах карнай савецкай псіхіятрыі. Пчальнік і вёска Пасекі дасталіся полымю і канулі ўнівеч.[216] У «дэмбельскіх блакнотах» удзельнікаў тых падзей захаваліся песенныя радкі:

Автомат в руке, грусть свою в себе носим мы,День идет за днём, но мы помним пчёл Зосима.[217]

Пчаляр Зосім Бортнік быў рэдкім выключэннем з сотняў тысяч беларускіх вяскоўцаў, што пад уздзеяннем камуністычнай прапаганды і за адсутнасцю «пчалінай прышчэпкі» кінуліся ў «лабараторыі русіфікацыі», як гісторык Захар Шыбека назваў тагачасныя гарады БССР. Дзікія крывыя пчолы амаль ніколі не выжывалі ў гарадах. Калі ж выжывалі, то гублялі свае ўласцівасці. Рэч у тым, што практычна ў кожным горадзе меліся сістэмы пастаноўкі радыёперашкод, якія выкарыстоўваліся для глушэння «варожых галасоў». Аднак шуматрон (генератар на лямпе беглай хвалі з запозненай зваротнай сувяззю), які ляжаў у аснове такіх сістэм, не толькі падаўляў замежныя радыётрансляцыі, але і знішчальна адбіваўся на здароўі крывых пчолаў.[218] Зрэшты, без увагі на гэта крывыя пчолы заляталі ў гарады, каб дапамагчы «аблудным дзецям» зямлі беларускай.

22 чэрвеня 1970 г. на мінскім стадыёне «Дынама» адбываўся матч паміж аднайменнымі футбольнымі камандамі з Мінска і Кіева. На стадыёне прысутнічала 30 тысяч гледачоў. У сярэдзіне другога тайма наляцела неверагодная колькасць пчолаў. Іх лік ішоў нават не на мільёны, а на мільярды, калі ўвогуле не на трыльёны. Так ці інакш, але пчолы літаральна на 3–4 секунды ўтварылі над стадыёнам вельмі шчыльную і тоўстую столь. Потым пачуўся нягучны пляскат, і пчолы імкліва разляцеліся. Сям-там на стадыён упалі невялічкія жменькі пяску. Пазней высветлілася, што проста ў цэнтр стадыёна ляцеў вялізны метэарыт. Калі б ён сутыкнуўся з зямлёй, то ўтварылася б варонка радыусам не менш за 25 кіламетраў. Катастрофа суправаджалася б моцным землятрусам і пажарамі, у выніку якіх Мінск быў бы ўшчэнт знішчаны. Крывыя пчолы прадухілілі трагедыю, перахапіўшы метэарыт і стачыўшы яго ў пясок сваімі джаламі. Большую частку атрыманага метэарытнага пяску яны забралі з сабой. Тое, што ўпала на стадыён, было толькі мізэрнай часткай ад агульнай колькасці.[219]

Здарэнне на стадыёне «Дынама» абмяркоўвалася ў ЦК Камуністычнай партыі Беларусі. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў нават завагаўся, абдумваючы варыянты выкарыстання крывых пчолаў для народнагаспадарчых патрэбаў. Але ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць», ён палічыў, што гэта будзе надта небяспечным і «сорвет процесс еще большего сближения белорусского народа с братским русским народом в рамках новой исторической общности – советский народ с великим русским языком как языком интернационального общения». Гэта быў лагічны і прадказальны працяг палітыкі вытручвання кожных праяваў беларускага традыцыяналізму.

У рэчышчы гэтай палітыкі кіраўніцтва БССР забараніла правядзенне міжнароднай канферэнцыі «Этнагенез беларусаў», якая павінна была адбыцца 3–6 снежня 1973 г. у Мінску. Камуністычную вершаліну страшыла імавернасць падняцця навукоўцамі пытання аб уплыве крывых пчолаў на этнічную гісторыю беларусаў. Пагатоў КДБ мела інфармацыю, што адзін з удзельнікаў канферэнцыі быў не гісторыкам, археолагам, этнографам ці лінгвістам, а пчаляром са Смаленскай вобласці РСФСР. Ён збіраўся не толькі прачытаць даклад на тэму «Бортничество и пчеловодство у смоленских и полоцких кривичей: сравнительный анализ», але пачаставаць прысутную навуковую грамаду мёдам. У выніку канферэнцыю забаранілі.[220]

Нават у неспрыяльных умовах працягвалі з’яўляцца людзі, які шанавалі беларускую мову, цікавіліся этнічнымі вытокамі і традыцыямі. Ёсць усе падставы меркаваць, што большая іх частка на тым ці іншым этапе жыцця мела досвед пчалінага джалення. Хочацца спадзявацца, што калі-небудзь кожны з іх успомніць падобны эпізод, і мы будзем мець поўную карціну беларусізатарскай дзейнасці крывых пчолаў. Падобна, што пераважная колькасць удзельнікаў адраджэнскай хвалі 1980-х гг. ніяк не звязвалі сваё самаўсведамленне беларусамі з тым, што іх джалілі пчолы. Кволыя галасы дасведчаных людзей патанулі ў эйфарыі гарбачоўскай «перабудовы», «галоснасці» і станаўлення суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Распачатая ў пачатку 1990-х гадоў беларусізацыя праводзілася пераважна адміністрацыйнымі метадамі пры поўнай адсутнасці ўдзелу ў гэтым працэсе крывых пчолаў. Без іх джалаў беларусізацыя захлынулася. Паказальна, што адначасова з гэтым была зведзена да мінімуму колькасць фермерскіх гаспадарак, якія патэнцыяльна маглі б стаць плацдармам для масавага адраджэння сакральнага пчалярства.

Як і сотні гадоў таму, рэй вядуць «потужни окономы». Сядзёр мязговы змяніўся незлічонымі «гатункамі» пладова-ягадных «вінаў» памножаных на «зомбіскрыні» і маскультурную жуйку штодзённага ўжытку, падсаладзіць якую башкірскім і алтайскім мёдам прапануюць зыркія рэкламы. Аднак насуперак усяму і ў нашы дні аднекуль бяруцца маладыя людзі, якія пачынаюць размаўляць, спяваць, пісаць па-беларуску. Крывыя пчолы, колькі б іх зараз не засталося, працягваюць сваю важную для беларускага этнасу справу. Калі ў будучыні, нехта захоча правесці новую беларусізацыю, ён абавязкова павінен азнаёміцца з гісторыяй крыўскага (беларускага) сакральнага пчалярства і зрабіць слушныя высновы. Без крывых пчолаў не абысціся. Бог так захацеў.

2009–2011 гг.

Наша Амерыка

Бадай што ад самай марской вандроўкі Хрыстафора Калумба 1492 года да “берагоў усходніх індыйскіх” (г. зн. Амерыкі) існуюць версіі, якія адмаўляюць слыннаму мараплаўцу ў лаўровым вянку першаадкрывальніка. Хаця яшчэ і сёння Калумб з’яўляецца сімвалам адкрыцця Амерыкі, навука гэтую сімвалічнасць ладным чынам карэктуе. Мы паважна ставімся да існых версіяў нашых братоў ірландцаў і ўкраінцаў, але яны падаюцца малаімавернымі. Наступае час, калі трэба ўрэшце адкінуць усе сумневы і голасна заявіць, што насамрэч першаадкрывальнікамі Амерыкі былі прашчуры беларусаў.

Гэты гістарычны чын здзейснілі нашы далёкія продкі – грамадзяне гіпатэтычнай “Банцараўскай дзяржавы”. Назва, дастаткова ўмоўная, паходзіць ад наймення археалагічнае культуры VI–VIII стст. н. э. (Банцараўшчына – гарадзішча пад Менскам). Яна абыймала абшары Верхняга Падняпроўя, Верхняга Панямоння, Падзвіння (паўночна-заходняя, ці ўласна банцараўская група) і гомельскага ды магілёўскага Падняпроўя, ніжняй плыні Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром (паўднёва-ўсходняя, ці калочынская група). Выйсця да мора ў банцараўцаў было сама мала два. Па-першае, водны шлях па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора. Менавіта банцараўцы шмат раней за крыжакоў-фальсіфікатараў заклалі ў вусці гэтай ракі паселішча Рыга (яшчэ Вацлаў Ластоўскі згадваў пра беларускую этымалогію гэтае назвы). Па-другое, банцараўцы мелі сваё сезоннае мора – т. зв. “Мора Герадота”. Яно станавіла сабою сістэму азёр ў басейне ракі Прыпяць, якія ўвесну ядналіся ў вялізны водны арганізм, захопліваючы нават частку разліванага таксама Буга ў акрэсе паміж сучаснымі Влодавым і Бярэсцем (Брэстам). Дзякуючы гэтаму ўтвараўся маршрут Мора Герадота – Буг – Вісла – Балтыйскае мора. Безумоўна тут лоб у лоб сутыкаліся інтарэсы нашых продкаў з інтарэсамі продкаў палякаў. Але апошнія папросту не ўмелі так па-майстэрску знацца ў зорках.