“І ўсё ж няясна, навошта Парыжу Сталін”, – падумалі ўсе.
Вось і я не стрымаўся і выказаўся.
“У мяне ад гэтай назвы таксама нейкі мароз па скуры. Але ня думаю, што парыжане мусяць расплачвацца за чужыя гістарычныя памылкі і пераймяноўваць вуліцы толькі таму, што да кагосьці дзесьці там далёка на ўсходзе штосьці кепска даходзіць. Кантэкст быў такі, паваенны… Слова было ва ўсіх на вуснах (мабыць, усім падавалася, што яно гучыць прыгожа і горда). А наогул, самая вялікая памылка – ганарыцца бітвамі; сваімі ці чужымі, неістотна. Гераізм – гэта міт”.
Здаецца, такі адказ задаволіў усіх. А значыць, ён быў няправільны. Правільных адказаў наогул не існуе.
Таму факту, што ў Парыжы ёсьць вуліца і плошча Сталінград, зь беларускіх пісьменьнікаў больш за ўсё парадаваўся Пімен Панчанка. У сваёй паэме “Патрыятычная песьня” паэт так шчыра і напісаў:
Гэта ён з Парыжам на “ты” – наш народны паэт.
“Патрыятычная песьня” была апублікаваная Панчанкам у 1959 – і атрымала Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы. Гэты даўгі тэкст – апісаньне Панчанкавых падарожжаў, ягоных “хаджэньняў за тры моры”. А можа, і не за тры, зараз палічым. Панчанка апісвае Пецярбург (былы Ленінград), Хэльсынкі, Кільскі канал, Паўночнае мора, Бэльгію, Парыж, Гібральтар, Нэапаль, Капры, Грэцыю, Турцыю… Мораў выходзіць чатыры – Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Чорнае, плюс крышку акіяну.
Для кожнага пабачанага краю, калі ён не савецкі, Панчанка знаходзіць пару ласкавых словаў і парачку гнеўных. Але ніхто не абыдзены паэтавай увагай. Ніхто і нішто.
Падарожжа пачынаецца з гістэрыкі. Ясная рэч, яна здараецца з Панчанкам у Ленінградзе. “Ня будзе мне ні праўды, ні натхненьня, – захлынаецца паэт, б’ючы паклоны, – Пакуль я не прайду па месцах тых, дзе жыў, тварыў, гарэў вялікі Ленін, каб разагнаць стагодзьдзяў змрок густы”.
На цеплаходзе “Грузія” беларускага паэта нарэшце супакойваюць. Але наперадзе Хэльсынкі. Небясьпечнае месца: Фінляндыя чамусьці асацыюецца ў Панчанкі выключна зь Фінляндзкім вакзалам. Тут, у Хэльсынкі, прыступ паўтараецца:
Як вы думаеце, у чым прычына гэтай нечаканай радасьці? Правільна:
А мы думалі…
Далей паэт робіцца крыху спакайнейшы. Ня буду варушыць старых ранаў, вырашае ён дабрадушна, трапляючы на Кільскі канал. Але куды там. Праплываючы па Заходняй Нямеччыне, цеплаход Панчанкі робіцца ахвярай ідэалягічных дывэрсій: на яго абрынаецца дождж з антысавецкіх улётак. Паэт з таварышамі скідваюць іх у ваду – нагамі, нагамі, нагамі! Не пасьпелі скінуць – дык зь берага нейкі ацалелы і прыгрэты бонскім урадам калябарацыяніст расейскімі мацюкамі лаецца на савецкую творчую інтэлігенцыю. Няйнакш брахлівы супрацоўнік Радыё Свабода, што акапалася ў Мюнхене, быў пасланы на поўнач сваімі заакіянскімі гаспадарамі, каб сапсаваць уражаньне гасьцей ад мірнай Нямеччыны. Вось тая скаціна крычыць нешта зь берага, блытаючы ангельскія і нямецкія словы, а лаецца, гадзюка, па-расейску. Ня ўсю гэтую навалач у вайну пастралялі, з сумам канстатуе паэт…
Нягледзячы на такія неспадзяванкі, Панчанка знаходзіць некалькі словаў, каб пахваліць нямецкі парадак: люд працавіты, як у нас на Палесьсі.
У неспакойным Паўночным моры Панчанка прыгадвае Сьвіслач і чабарок, а ў Бэльгіі ідзе наўпрост у музэй Бэльгійскага Конга – сарамліва замоўчваючы той факт, што ён таксама жыхар калёніі. І, ухваляючы ў сваіх кніжках палітыку мэтраполіі, ёсьць звычайным паслугачом імпэрыялізму, што праўда, не бэльгійскага – расейскага. Але такія простыя ісьціны ленінградзкаму патрыёту Панчанку не па плячы…
Ля гішпанскіх берагоў, дзе валадарыць Франка і куды савецкім паэтам уваход закрыты, ён згадвае Лорку, у Нэапалі – Горкага, у Грэцыі – старажытную Эладу і фашыстаў, на Басфоры заўважае адну турэцкую салдатню. І вось нарэшце – Савецкая Радзіма! І зноў з Панчанкам адбываецца гістэрыка, хай і загадзя заплянаваная:
Свае апошнія клятвы і прызнаньні паэт выкрыквае стуардэсам, седзячы ў самалёце Адэса-Масква. Але нас гэта ўжо не цікавіць. Панчанка піша, што ён “Эўропу абняў” – і дзякуй богу, што справа далей за абдымкі не пайшла. Нас больш цікавіць, што Панчанка напісаў пра Парыж – а разьдзел, прысьвечаны гэтаму прыпынку ў ягонай вандроўцы, сапраўды даволі падрабязны.
Як і кожны паэт, незалежна ад таленту, Панчанка – дзіця Парыжу. І нават пішучы пра Парыж “ён”, беларускі вершатворац робіць гэта зь вялікай літары (пра тое, што ён Парыжу ўвесь час тыкае, мы ўжо згадвалі).
Парыж у Панчанкі прыгожы і каляровы – адчуваецца, што сустрэчы зь ім Панчанка чакаў з моцным хваляваньнем. Паэт на Кільскім канале – усяго толькі пасажыр цеплахода, а паэт у Парыжы – як дома… Трэба сказаць, файныя колеры выбраў для яго Панчанка, дакладныя: