Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30

Урублеўскі: Даруйце, цяжка / Вачам згадзіцца… Не! Вы не манашка / Для іх… А незабыўная радзіма, / Якой да твару не пасуе схіма. / Даруйце… І расказвайце хутчэй, / Ну як там Нёман наш?.. Як і раней, / Ён у Балтыйскае ўпадае мора?

Марыська: Сама хацела б ведаць… Я ня ўчора / Прыехала сюды з манастыром / Візітанцінскім. Ён цяпер – мой дом, / Мой край, мой Нёман.

Урублеўскі: Што на барыкады / Марыську прывяло?

Марыська (гледзячы на камунараў): Трывожным сном / Сьпяць перад новым боем фэдэраты, / 3 рук стрэльб не выпускаючы сваіх. / Я Кастуся шукаю сярод іх. / Ён, пэўна, тут? Даведацца прыйшла…”

Не, яго тут няма, Марыська, ідзі дамоў, чарнаброва, гасподзь з табой. Хопіць швэндацца па барыкадах. У вайны не жаночае аблічча. А ў беларускай паэзіі – не парыскае. Беларусы нават у Парыжы будуць гаварыць пра Нёман і шукаць сваіх герояў – чым я, уласна кажучы, і займаюся.

У нас чамусьці вельмі палюбілі фразу, кінутую сто пяцьдзясят гадоў таму Флябэрам: “Бавары – гэта я”. Гюстаў Флябэр, дарма што быў у складаных стасунках са сваімі каханкамі, не пабаяўся сказаць, што атаясамлівае сябе з жаночым пэрсанажам, з жанчынай. Цікава: ці змог бы хтосьці з нашых слаўных літаратараў сказаць, што ягоны жаночы пэрсанаж – гэта ён сам? Ці ўсё ж баяліся за ўзровень тэстастэрону і сэксуальную арыентацыю?

Скажам, Янка Купала: “Паўлінка – гэта я”.

А за ім усе іншыя:

Аркадзь Куляшоў: “Я – Алеся! Я смуглявая і каханая”.

Іван Мележ: “А я – Ганна Чарнушка. Я цьвіў, як тая рабіна!”

Васіль Быкаў (змрочна, стомлена, мудра): “Сьцепаніда – гэта я! Жыве Беларусь”.

Вядома, што Гюстаў Флябэр Парыскую камуну не прыняў, сказаўшы, што яна прынясе Францыі барбарства. Аднак і праціўнікі Камуны не выклікалі ў яго сымпатыі. Часы Камуны – часы франка-прускай вайны, і Флябэр надзявае лейтэнанцкі мундзір. Ён гатовы паміраць за Францыю, але не за французаў, не за гэтае буржуазнае грамадзтва, якое насамрэч нічым ня лепшае за народжаных ім рэвалюцыянэраў, ён ня любіць ні Парыж, ні Руан, ні славу, ні грошы. Ён – мадам Бавары, гэты зьедлівы, нешчасьлівы, таленавіты і паталягічна працавіты, хворы на пранцы, адданы сваёй маці мужчына (які ўсё жыцьцё лечыць пранцы ртуцьцю, падбіраючы выпалыя валасы – і адмаўляецца заводзіць сям’ю, але не адмаўляецца ад выпадковых і невыпадковых сувязяў і бардэляў).

У Парыжы сканцэнтраванае ўсё ненавіснае Флябэру зло. Ён гоніць Парыж са сваёй творчасьці, як надакучлівага шантажыста. Гэтыя ягоныя цытаты паўтараць ня надта любяць:

“Атыла, калі ты вернешся, каб спапяліць гэтую Францыю, краіну сьцелек і падцяжак, пачні з Парыжу, а заадно з Руану!”

“Подых жыцьця, кажаш ты, маючы на ўвазе Парыж. Па-мойму, гэты подых жыцьця патыхае гнілымі зубамі. Ляўры, якія зрываюць у Парыжы, запэцканыя гаўном. Вядома, у Парыжы можна нешта прыдбаць – нахабства, напрыклад, але там губляеш шэвэлюру…” (зь ліста Максіму Дзюкану).

Хто зь беларускіх пісьменьнікаў, якія Так Любяць Флябэра, здолеў бы сказаць пра сваю дарагую радзіму: краіна сьцелек і падцяжак? Яе нават Краінай Хобітаў нельга назваць – хор гнілых зубоў адразу скажа: рукі прэч ад Радзімы!

Хвароба мучыла яго тым больш зацята, чым легкадумней ён да яе ставіўся. Падчас ягоных падарожжаў на Ўсход прастытуткі патрабавалі паказаць ім чэлес перад тым, як легчы ў ложак – і ён ускокваў у шаленстве і выбягаў, лічачы свае язвы: было дзевяць, засталося дзьве, яны зьліліся ў адну, але вялікую… Флябэр фізіялягічны. Флябэр, які сказаў бацьку ў адказ на сумневы таго ў важнасьці літаратуры: “Ты ведаеш, для чаго ў чалавека селязёнка? І ніхто ня ведае. А яна важная! Так і літаратура ёсьць селязёнкай для душы…”

Руанец Флябэр жыў у Парыжы часта, але час ад часу. Ягоныя парыскія месцы: гатэль на rue Le Peletier, дзе ён спыніўся ў 1842, прыехаўшы сюды ўпершыню паступаць ва ўнівэрсытэт і вучыцца на юрыста. Ах, Пары, Пары… “Мяне не раздавіў амнібус і вочы ня вылезьлі з арбіт,” – піша ён раздражнёна бацькам адразу па прыезьдзе: ужо тады ён ставіцца да Парыжу, як Анатоль Зэкаў. Rue du Helder, дзе да яго ў гатэль прыходзіла самая знакамітая з каханак, Люіза Кале. Boulevard du Temple, дзе ён працаваў над кнігамі і прымаў гасьцей. Rue Murillo. Але самае флябэраўскае месца ў Парыжы для мяне – гэта, вядома, Палац Юстыцыі.

Менавіта тут 29 студзеня 1857 году пачаўся судовы працэс супраць аўтара, рэдактара і друкара раману “Мадам Бавары”. Абвінавачаньне было суворае – але і адказ абаронцы ня менш моцны: адвакат спасылаўся на клясыкаў, на тых самых барадачоў, якіх ведае ўвесь сьвет, нават калі ён не бываў у Парыжы. 7 лютага суд, памахаўшы для прыстойнасьці пальчыкам, апраўдаў кнігу і самога Флябэра, а заадно і рэдактара з друкаром.

“У паліцыі цягалі маю кнігу за валасы, як апошнюю прастытутку!..” – пісаў разьюшаны, але задаволены вынікам працэсу Флябэр. Ён ведаў, пра што кажа. І пра кнігу, і пра апошнюю прастытутку, і пра тое, як цяжка быць пісьменьнікам у Краіне Асілкаў, дзе кожны ведае, як і пра што табе трэба пісаць.