Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30
“Раскінуўся ты, бэзавы і чорны,Падпёршы вежай сіні небасхіл,Спрадвеку трапяткі і непакорны,I стомлены, і поўны сьвежых сіл.Табе пра гэта столькі ўжо казаліШмат розных улюбёных дзівакоў,Што ты зусім папросту на вакзалеСустрэў і на бульвары нас павёў…”

Так хочацца быць у Парыжы арыгінальным, і каб цябе таксама прынялі ва ўлюбёныя дзівакі… Але не бяруць. Сустракаюць на вакзале зь перакладчыкам і вязуць у гатэль. А далей культурная праграма:

“За трое сутак змалаціў я ногі,Хваліў бы лепш, ды, знаць, ня ўмею лепш;Зьбіў туфлі аб музэйныя парогі,Ад розных цудаў ледзьве не асьлеп”.

Хочацца напісаць штосьці гэткае, каб на вякі, бо ці ж гэта жарт: у самім Парыжы пабываў! Але – “ня ўмею лепш”. І ня трэба, што тут напішаш за трое сутак: сьняданак, музэі, абед, музэі, таварыства савецка-францускай дружбы, вячэра, сон. Культурная праграма для савецкіх пісацелей. Але і трох дзён хапіла, каб Панчанка закахаўся ў Сталіцу сьвету. Ён сам у гэта ня верыць, але – закахаўся. З такой пакорай і такой пяшчотай ён ня піша ні пра адзін горад у сьвеце – гэта вам не Ленінград, строгі, як камісар, гэта – Парыж. Панчанка інспэктуе яго славутасьці, правярае Віктара Гюго на самаробным дэтэктары ілжы – і не расчароўваецца:

“Так, класікі старыя не хлусілі:Усё на месцы – Луўр і Нотр-Дам.Тваёй красе, тваёй чароўнай сілеЯшчэ ня раз паклон, відаць, аддам”.

Напэўна, беларускі паэт баяўся, што Нотр-Дам зь Люўрам французы да ягонага прыезду адмыслова прыбяруць і схаваюць дзесьці ў Булёнскім лесе. Але не пасьпелі – беларускі паэт усё пабачыў і паўсюль пабываў. А каб ніхто не падумаў, што ён занадта захапіўся чужой сталіцай, Панчанка ўстаўляе ў паэму крыху настальгіі па доме.

“Мне пра цябе дачка сыграе ТаняУ родным Мінску,I, відаць, ня разЯ згадваць буду цёмныя каштаныI ўспамінаць, сябры мае, пра вас…Я езьдзіў ад Манмартра да Вэрсаля,Глядзеў, марнеў, зусім нядужым стаў.Каб з Рэнуарам зноў пабыць у зале,Я Мулен-руж старанна абмінаў…”

У Мулен-Руж хацелася нясьцерпна – і Панчанка гэтага амаль не хавае. Цяжкі выбар: Рэнуар або Мулен Руж. Амаль экзыстэнцыйны. Рэнуар уратаваў паэта ад Мулен-Ружу – слава парыскім музэям і іх багатым фундатарам.

Легендарнае кабарэ з канканам і стрыптызам, што месьціцца на boulevard de Clichy недалёка ад place Pigalle, у 50-я гады перажывала свой новы росквіт. На каляровых фота Люміса Дзіна, зробленых у сярэдзіне 50-х, можна пабачыць танцорак канкану ў такіх позах, якія маглі маральна разлажыць увесь Саюз пісьменьнікаў СССР, ня тое што беднага аўтара “Патрыятычнай песьні”. На гэтых здымках цёмныя грымёркі, ногі, задраныя да апошняй рысы, вымучаныя ўсьмешкі, каленкі, дэкальтэ… дарагія, за сантым не пабачыш, голыя грудзі, рудыя валасы… панчохі, паненкі, потная апантанасьць разгулам. Чуецца ў радках Панчанкі нейкае клятвеннае апраўданьне і ў той самы час гідкае падміргваньне мужычка на службе: не падумайце, старанна абмінаў, за кілямэтр абыходзіў. Белоруссо поэто, обліко морале. Але хто ж ведае, як там было насамрэч. Неўзабаве пасьля ад’езду Панчанкі ў “Мулен Руж” паставілі вялікі акварыюм з голымі жанчынамі. Ці абмінуў бы? Ці адолеў бы спакусу? Ці пакінуў бы ў гатэлі сьпінінг? Пра Тулюз-Лятрэка Панчанка ня згадвае: хаця абмінуць “Мулен Руж”, не абмінуўшы творчасьць гэтага ня самага маральнага мастака, немагчыма. Рэнуар больш бясьпечны і маральна ўстойлівы.

Шкадуючы пачуцьці свайго Парыжу, Панчанка прымушае сябе да ня надта правільных як для камуніста рэчаў. Напрыклад, да маўчаньня пра язвы імпэрыялізму. Праўда, маўчаць усё роўна неяк не выходзіць, парыж мне друг, но партбілет дарожа:

“Я гаварыць ня буду аб Алжыры,Дзе сьцелецца забойцаў дымны сьлед;Я ўспамінаць ня буду аб ілжывыхСтаронках розных кніжак і газет;Ня буду бічаваць амерыканцаў,Зьдзіўляцца бессаромнасьці афіш;Да Шпейдэля ня буду дакранацца,Каб ран тваіх не растраўляць, Парыж”.

Што за Шпэйдэль такі і чаму да яго ня трэба дакранацца? Відавочна, Панчанка мае на ўвазе гітлераўскага служаку, а потым чэснага нямецкага генэрала Ганса Шпайдэля, які ў часы напісаньня паэмы кіраваў цэлай арміяй, са штаб-кватэры НАТО недалёка ад францускай сталіцы. У 1944 Шпайдэль арыштоўваўся за ўдзел у змове супраць Гітлера, быў вызвалены саюзьнікамі, выкладаў гісторыю ва ўнівэрсытэце, атрымаў генэральскі чын. А ў гэты час ГДР і Савецкі Саюз абвінавачвалі яго ў забойствах мірных людзей падчас вайны і іншых жудасных рэчах. Ці быў генэрал і праўда вінаваты, так і засталося незразумелым. Але ў канцы 50-х ягонае імя было на слыху – і Панчанка сьмела засунуў Шпайдэля ў паэму: актуальней будзе.

Любові і марам Панчанкі гер Шпайдэль, так ці інакш, не перашкодзіў:

“I я адчуў любоў тваю і мары.Журбу і славу вечную тваю…Каля Сьцяны бясьсьмертных Камунараў,Усклаўшы кветкі, ціха я стаю”.

Вось ён, Пімен Панчанка – беларускі паэт-патрыёт, інспэктар Жуў нашай літаратуры і яе камуністычны манах, адважны вандроўнік па бульварах і сэнтымэнтальны пасажыр цеплахода “Грузія”. Ціхі чалавек у зьбітых туфлях, замерлы пасярод Пэр-Ляшэз у пачцівай позе. Зводдаль на Панчанку пазірае Нестар Махно. Зь неба на Панчанку глядзіць Бог. З-за сьпіны выглядвае маленькі Тулюз-Лятрэк. Але Панчанка не зьвяртае на іх увагі. Ён асьлеп ад парыскіх цудаў. Ён кахае гэты горад.

18. Немцы. Кебабы. Чорны

Кебабніца “Бэшыкташ” на нашай франка-арабска-пакістанска-бангладэска-беларускай вуліцы – гэта, ясная рэч, турэцкае месца. Ледзьве не адзінае тут, Парыж – не Бэрлін. Сьцены аздобленыя ў чорна-белых танах знакамітага стамбульскага клюбу, які трэніравалі ў розныя часы такія зоркі, як Мэацца, Лучэску, валіец Тошак і нават Вісэнтэ дэль Боске! Усё тут нагадвае, што чорныя арлы, Kara Kartallar, гэта найлепшая каманда сьвету, і сумнявацца ў гэтым можа толькі той, хто народжаны поўзаць. Мы не спрачаемся. Мы чакаем на свае дзёнэры – найлепшыя дзёнэры ў Эўропе. Бо ў кожнай кебабніцы скажуць, што смачнейшых за іхныя дзёнэры не знайсьці. Гэта як з прэміяй “Кніга году”: галасаваць трэба за сябе, бо інакш нашто ты пішаш? Кебабы пахнуць так, што хочацца выць ад голаду. Сьвятлявы турак прыслухоўваецца да нашых размоваў, прытанцоўвае з нажом у руках, любоўна і спрытна рэжа мяса – як садоўнік раўняе куст.

Па стаўленьні беларусаў да кебабаў можна здагадацца, як далёка сягае іхная геаграфія. Тыя, хто расхвальвае варшаўскія кебабы, ніколі ня елі нямецкіх – значна смачнейшых і шчадрэйшых. Той, хто хваліць нямецкія – ніколі не каштаваў стамбульскіх. Аматар менскіх кебабаў – наогул чалавек заможны, бо ў Менску кебаб сабе можа дазволіць ня кожны.

У Парыжы неяк цяжка звыкнуцца з тым, што Нямеччына – на Ўсходзе. Быццам мапа сьвету ляжыць неяк ня так, хочацца паправіць, перакласьці правільным бокам. Такія вось усходнеэўрапейскія комплексы. Што рабіць: у Парыжы кебаб зноў робіцца варшаўскім. Няхай жыве польска-француская дружба, няхай жыве “Бэшыкташ” і жыве Беларусь.

У кебабніцы “Бэшыкташ” нас з табой прынялі за немцаў. Вось, аказваецца, як мы з табой выглядаем пасярод Парыжу. “Дойчлянд?” – я ня стаў спрачацца. Як сказаў адзін менскі мастак, усе людзі дзеляцца на немцаў і марсіянаў. У Івана Навуменкі ёсьць такое апавяданьне: “А немцы ў Парыжы” – пра нас пісаў дзядзька, далібог пра нас…

Неяк даўным-даўно, у Крыме, мясцовыя міліцыянты прынялі мяне за чачэнца і хацелі арыштаваць. Калі я ўпершыню трапіў у Аўстрыю, мне сказалі, што твар у мяне, як у расейца. Потым, у Гамбургу, мяне ня раз прымалі за паляка. Адзін наш знаёмы менскі паэт сказаў, што мы з табой – тыповая татарва. За палякаў нас з табой прыняла летась у Вільні прадавачка вакзальных чабурэкаў. І вось – немцы ў Парыжы. Вянец кар’еры, можна сказаць. За беларусаў нас не прымае ніхто. І ня толькі нас, і ня толькі за мяжой… Ня тое каб гэта ўспрымалася намі як трагедыя. Хутчэй як чарговы ўсходнеэўрапейскі жарт – жыцьцё беларуса, дзе б ён ні атайбаваўся, мінае паміж такімі жартамі і расейскімі расісцкімі анэкдотамі.

Калі беларускага пісьменьніка Кузьму Чорнага прынялі за француза, яму было не да сьмеху. Сам вінаваты: ужо сама назва ягонай аповесьці “Лявон Бушмар” патыхае нейкай Францыяй – Léon Bouchemard мог бы жыць і ў Ліёне, і ў Руане, і ў Парыжы. Аповесьць Чорнага выйшла ў 1929 у часопісе “Ўзвышша”, а неўзабаве ў “Маладняку” пралетарскі крытык Алесь Кучар апублікаваў на яе рэцэнзію, якую так і назваў: “Пра адну рэакцыйную аповесьць”. Тэкст Чорнага таленавіты, прызнаваў крытык, але па сутнасьці сваёй рэакцыйны: аўтар раўняецца на французаў-натуралістаў, на літаратурны біялягізм! То бок усё на той самы Парыж… Алесь Кучар лічыў, што разгадаў падступныя пляны Чорнага, ягоную добра замаскаваную літаратурную арыентацыю.

«Чорнаўскi «фiзіялягiчны жывiзм» ня толькi нiчога агульнага ня мае са змаганьнем пралетарскай лiтаратуры за жывога, клясавага чалавека, а наадварот, пралетарская лiтаратура павiнна ўзброiцца на змаганьне супраць творчых асноў К.Чорнага», – піша Кучар. Аповесьць Чорнага – гэта «ідэалiстычна замкнуты псыхалягiзм i груба-матэрыялiстычны фiзіялягiзм», гэта «правая небясьпека ў нашай лiтаратуры, i на яе павiнен быць накiраваны самы моцны агонь нашага змаганьня!”

На каго ж арыентаваўся Чорны?

Францускія пісьменьнікі-натуралісты, якія абвясьцілі біялягізм асновай свайго творчага мэтаду, даўно ўжо ляжалі ў магіле. Натуралістамі лічыліся браты Ганкуры, у нейкай ступені Флябэр, Бальзак, а таксама, вядома ж, Эміль Заля. Яны сыходзілі з таго, што чалавек па сваёй сутнасьці – істота біялягічная, разумная жывёла, і ягоныя ўчынкі абумоўленыя фізіялёгіяй. Так і трэба пісаць пра людзей – як пра апантаных інстынктамі жывёл. “Я проста дасьледую целы, як хірург прэпаруе трупы”, – казаў Заля ў прадмове да свайго супэрпапулярнага раману “Тэрэза Ракен”. Крытыкі абураліся, Флябэр высьмейваў натуралізм як плынь, на што Бальзак адказваў: “Мне самому сьмешнае гэтае слова, але рэчам трэба даваць назвы, каб публіка іх запамінала”.

Відавочна, што Чорны і праўда быў пад іхным уплывам: Лявон Бушмар у яго чысты француз і апісаны таксама рыхтык як жывёла, як цела, як жывы труп, які рухаецца толькі дзякуючы дрымучым і магутным інстынктам. Чорнаму вельмі хацелася пісаць ня проста беларускую прозу, але такую, каб на сусьветным узроўні, каб ня горш, чым у Заля. Тое, што ў самой Францыі ў модзе былі ўжо зусім іншыя гульні, яму, зачараванаму францускімі раманамі ХІХ стагодзьдзя, неяк не прыходзіла ў галаву. А сонейка Алесь Кучар ня мог зьмірыцца з тым, што немагчыма выкінуць Парыж зь беларускай літаратуры. Здавалася б, навокал новая савецкая рэальнасьць, сацыялістычнае будаўніцтва, змычка гораду і вёскі, калектывізацыя, пошук героя новай фармацыі – а тут зноў гэтыя французы…