Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30

“Пастаўлю, гадам буду, а пастаўлю”, – сказаў нехта і рашуча чхнуў.

Давялося абысьці доўгі рад кустоўя і пачакаць, пакуль голас не азавецца зноў.

“Ракам усіх пастаўлю, а будзе памятнік!” – пачулася зусім блізка. Ён кінуўся на рэха і выйшаў на невялікую паляну, быццам бы расчышчаную некім ад склепаў і камянёў. Паляну, поўную простых, непрыкметных магілаў. Вакол адной зь іх, шчыльна абступіўшы нізкі, укапаны ў зямлю драўляны столік, стаялі мужчыны і жанчыны і, здавалася, грэліся каля нейкага агмяню.

“Што стаіш? Давай сюды”, – кінуў яму, абярнуўшыся, адзін з мужчын. На століку распаўзалася ва ўсе бакі ежа, а яны прытрымлівалі яе каленямі, запясьцямі, далонямі. Сала, вараныя яйкі, празрыстыя балотнага колеру агуркі, парэзаны махнатымі лустамі батон. Гарчыца ў плястмасавай накрыўцы. Ён падышоў, разьвязаў для чагосьці шалік. Нібыта тут і праўда было цёпла і ад століка ішоў гарачы, пячны дух чалавечага жытла.

“Ну што, усе ў зборы?” – сказала маленькая жанчына, якая ўвесь час падміргвала, і таму здавалася, што зараз адбудзецца нешта сьмешнае, нейкі вясёлы сюрпрыз. – “Ну вот, Папаня, цяпер усе мы тут, усе твае дзеці… Усе дабраліся, усе да цябе сёньня, усе…”

“А Ромка? – зласьліва сказаў высокі мужчына і нядобра бліснуў вачыма. – Не кажы “ўсе”, не падманвай Папаню”.

“Ціха ты, – зашыпелі на яго жанчыны. – Не сказаў бы, дык Папачка бы і не заўважыў. Неабязацельна яму пра Ромку знаць”.

“Дуры вы, – спакойна адказаў мужчына і накрыў шырокай далоняй парэзанае сала. – Вот Папаня вас за гэта і наказаў. Бо манілі яму ўвесь час. І цяпер маніце”.

“А цябе не наказаў? Цябе не наказаў? – заквахтала жанчына. – Сам з вусам”.

“А божачкі! – усклікнула яе суседка. – А дзяцей жа пазавіце! Як жа гэта мы, як гэта Папанька на ўнукаў і не паглядзіць”.

Пачалі клікаць нейкіх дзяцей. І праўда, неўзабаве з кустоў неахвотна вылезьлі хлопчык і дзяўчынка, у абаіх у руках па засохлым чорным букеце, якія яны відавочна сьцягнулі зь нейкай магілы. Патармасіўшы, іх паставілі побач са столікам, дзеці бліскучымі вачыма пазіралі на гурбу зямлі, а ногі іхныя разьяжджаліся, быццам невядомая сіла цягнула іх прэч.

Папаня. Ці не самога папашу Ляшэза яны маюць на ўвазе? Вядома, трэба было перапрасіць і пайсьці сваёй дарогай, але ён стаяў разам з усімі, падпіраючы каленам маленькі столік, дакранаючыся да яго бруднага рога, зь якога было так многа, і думаючы пра ежу, пра тое, што зараз можна будзе выпіць, сагрэцца, тыцнуць кавалкам сала ў застылую карычняватую гарчыцу.

Нехта і праўда сунуў яму ў руку плястыкавы кілішак, поўны, да краёў.

“У э… – прамармытаў ён. – У э Нэстар Махно?”

На яго паглядзелі скоса, з дакорам. Ну добра, d’accord, маўчу.

“Вось, Папаня, усе мы цяпер тут, твае дзеці і ўнукі, – зноў загаварыла жанчына, якая ўвесь час міргала. – Ромкі толькі няма, але ты ўжо прасьці яму, дураку”.

“Вып’ем ужо, – нецярпліва сказаў яго сусед, – За цябе, Папа”. – і ўсе не сьпяшаючыся, са смакам, выпілі. Вочы наліліся крывёй, пусьцілі сьлязу, і людзі вакол століка пачалі змахваць яе, па чарзе, нібы сьляза была адна на ўсіх. Слава – агульная сьляза, кропля, якая падае з магільнай агароджы.

Ён неяк імгненна ап’янеў, пацягнуўся да слоіка па агурок, але жанчына, што стаяла насупраць, нечакана хвостка і акуратна пляснула яго па руцэ, і ён разгублена схаваў чырвоныя пальцы ў кішэнь.

“Куды ты? Рана яшчэ, – мякка сказала тая, якая зь цікам. – Сальца вазьмі”.

Яны пастаялі, жуючы сала, на могілках рабілася ўсё цямней.