Адкуль гэтая пагарда і варожасьць? Вядома, яна ёсьць вынікам нянавісьці да сапраўднай жывой культуры, якую адчуваюць носьбіты савецкай псэўдакультуры. Парыж у вачах Тараса – усё яшчэ гняздо белагвардзейшчыны, Парыж – гэта беспрацоўныя і жабракі, гэта багема, фармалізм, логава усяго фальшывага, прадажнага і тупіковага, ад мастацкага авангарду да эратычнага кіно, ад глянцавых вокладак да тэатру абсурду. Але як жа так: Парыж – гэта ж яшчэ і горад Камуны і Вялікай Францускай рэвалюцыі? Як жа “рабочіе предместья” і “советско-французская дружба”? Рэч у тым, што апошняе ніяк ня можа асацыявацца з парыскімі кавярнямі. “Рабочіе не сідят в кафе” і ў рэстараны ня ходзяць! Паводле Тараса, культура і кавярня ня маюць паміж сабой нічога агульнага.
Напэўна, калі б Тарасік жыў у пачатку васьмідзясятых, ён бы вырываў у мяне з рук маю алюміневую шпагу і ламаў бы яе, гнуў, пакуль ня трэсьне. Мармытаў бы, пабліскваючы сваім значком: “У Парыж хочацца? На табе Парыж! На!” Але страшна ня гэта. Страшна, што патугі Тарасіка зразумець Парыж і цяпер лічацца ў Беларусі ўзорам тонкага шамякінскага псыхалягізму!
Далей у рамане інтэлектуал Славік працягвае свой парыскі бунт, а Тарас усё больш прасякаецца непрыязнасьцю да свайго прыяцеля:
І г. д. Былі б перакананьні – можна было б спрачацца з гэтым паскудам Славікам, а тут эклектыка адна. Пра што гаварыць…
Перачытваючы гэтае месца ў рамане, я міжволі падумаў пра суд над Бродзкім: да таго таксама ня ставіліся ўсур’ёз, судзілі, фактычна, за “эклектыку”, за “моду”, за “чужыя думкі”, за ўсё, што можна абагульніць як “высакалобае дармаедзтва”. Быў бы сур’ёзны вораг – паспрабавалі б змагацца, а так паэцішка нейкі бяздарны, да таго ж яўрэйчык: растаптаць і дзялоў.
Але, плюючы з вышыні на Тараса і на самога таварыша аўтара, Парыж паўстае з гэтага дыялёгу месцам, дзе адны людзі “крытыкуюць” іншых людзей і чужыя ідэі ў кавярнях і рэстарацыях. І ніхто не хапае іх за рукаў: бач, чаго захацелі!.. Вось гэтага Тарас ня можа дараваць Парыжу – свабоды, эклектыкі, прэтэнзіі, моды, гульні. Усяго таго, з чаго пачынаюцца парыскія флёр і флірт, а таксама мадэрнізм, постмадэрнізм і іншыя сучасныя штукі. Не, Шамякін зь ягонымі зробленымі з дубу героямі ўсё ж актуальны. Ягоны пастарэлы Тарасік і цяпер жывейшы за ўсіх жывых, ён кіруе краінай. Тарас сур’ёзны, як бервяно, ён цьвёрда ведае: рэстараны – для сур’ёзных людзей. Когда я ем, я глух і нем, поел – убері за собой. Паход у рэстаран ужо сам па сабе – мінімальны грэх, які можа сабе дазволіць правільны савецкі маладзён. Мінімальны парыж грэшніка-камсамольца… Які давядзецца замольваць на спэцыяльна прыдуманай імшы ў ленінскім кутку – пакуль аўтар замочвае ганарар у найлепшых рэстарацыях беларускай сталіцы. Якіх, як высьветлілася, усяго тры на ўвесь горад.
15. Могілкі. Помнікі. Спакуса