Бо гэта ня панскі маёнтак з каменнымі львамі на ганку і жывымі людзьмі ўнутры паляць даведзеныя да адчаю беларускія мужыкі. Гэта Зьмітрок Бядуля рукамі сваіх герояў паліць Парыж. Чужое, далёкае, варожае яму места, дзе ён ніколі не пабывае – але куды так марыў патрапіць, у кампанію да Шагала і Суціна, да паэтаў і кляшараў, у вольны сьвет, які б вызваліў беднага Самуіла Плаўніка ад яго ролі ў гэтым бясконцым прыгонным тэатры.
13. Вежа. Бярозы. Фройд
Зрэшты, прыехаць – яшчэ не азначае ўратавацца.
У 1927 годзе беларускія літаратары Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі і Міхась Чарот выправіліся ў даўгую замежную камандзіроўку па лініі Наркамасьветы: Латвія, Чэхаславаччына, Нямеччына, Францыя. На ўсё пайшло два месяцы: неблагі тэрмін для савецкага чалавека, можна прыняць рашэньне, і не адно. Жыць у гатэлях, сядзець у піўніцах, весьці асьцярожныя размовы, з намёкамі, паўжартамі, уздыхамі, лаянкай… Вырашыць не вяртацца – і ўначы перадумаць. І зноў наважыцца на ўцёкі – і паслухацца страху, адагнаць рукой дурныя намеры, як папяросны дым. Піць, курыць, думаць. Узважваць усе за і супраць. Карацей, “удыхаць на поўныя грудзі паветра свабоды” – як сказала рыба, злоўленая на кручок.
Пабывалі і ў Парыжы. Цішка Гартны напісаў пасьля тэкст пад назвай “За аглядам Парыжу”. Залез з калегамі на Эйфэлеву вежу і падзяліўся ўражаньнямі:
“Кожны, хто прыяжджае ў Парыж…” – гэта Цішка Гартны і праўда пасьпяшыў. Мы вось з табой пакуль так і не наважыліся ўзьлезьці матухне на галаву. Дый навошта? А яна выглядвае з-за муроў, пазірае здалёк, упэўненая сталёвая літара, падобная да гмахаў лініі электраперадач дзесьці у Зялёным Лузе. Што ж, з Манмартру ў сонечны дзень Парыж таксама выглядае няблага: няясны, як будучыня, у смутнай смузе жаданьняў, блакітна-шэры, як нашыя душы, якія самі ня ведаюць, чаго хочуць ад гэтага гораду і гэтай зімы.
У лёгкім паветры ўсё губляе сваю грунтоўнасьць – а асабліва ідэі.
Вось яны ўглядаюцца ў Парыж зь вежы, маладыя і наіўныя, вераць у рэвалюцыю, ня вераць у рэвалюцыю, і зноў вераць, і зноў сумняваюцца. Вера – гэта чарада сумневаў, злучаных паміж сабой надзейным ланцугом. Усім тром: Цішку Гартнаму, Міхасю Чароту і Міхасю Зарэцкаму застаецца жыць каля дзесяці гадоў. Першы будзе арыштаваны і памрэ ў Магілёўскім шпіталі для псыхічна хворых, ці то скончыўшы жыцьцё самагубствам, ці то ад хваробаў і безнадзейнасьці. Двое другіх будуць расстраляныя.
Хто сказаў гэтае растыражаванае ў СССР глупства: “пабачыць Парыж і памерці”?
Гэта сказаў Ілья Эрэнбург, які дастаткова пражыў у Парыжы, каб аддаць там канцы, але памёр чамусьці ў Маскве ў 1967, прызнаным савецкім клясыкам і ўлюбёнцам уладаў. У трыццатыя ён вандраваў па Эўропе, быў карэспандэнтам “Ізвестій” на вайне ў Гішпаніі. Ён наогул кідаўся афарызмамі, як тухлымі яйкамі: “Забі немца!” – гэта ягоны знакаміты заклік часоў другой сусьветнай, які палохаў гуманістаў і інтэлектуалаў, але палюбіўся савецкаму народу. Ты ўжо забіў сёньня немца? – пытаўся ён у савецкага салдата. – Яшчэ не? Дык што ты сядзіш? Забі! Памерці! Сьмерць! – гэта ня тая мэлянхалічная садова-паркавая нэкрафілія, гэта не нябыт блышыных рынкаў, гэта – сур’ёзна. Здаровая нэкрафілія здаровага савецкага парыжаніна. Ён ненавідзеў бошаў усімі сваімі іпастасямі: як парыжанін, як яўрэй, як пісьменьнік, як камуніст. Пасьля нямецкай акупацыі Парыжу ён папрасіўся ў савецкую амбасаду – яго выратавалі, кадр быў каштоўны. Ня ўсіх яўрэяў савецкая амбасада гатовая была прыняць. Але для Саветаў ён быў свой, карысны яўрэй.
Пабачыць Парыж і памерці. Да гэтай парады прыслухаецца іншы беларускі пісьменьнік, цяпер забыты – Усевалад Краўчанка. Тацяна Шамякіна расказвае ў сваёй кнізе, як група беларускіх пісьменьнікаў выправілася ў Францыю па турыстычных пуцёўках. І той самы Краўчанка, знакаміты тым, што быў мужам сястры Пімена Панчанкі, выкінуўся з акна гатэлю ў Ніцы. Выкінуўся, пасьпеўшы-такі пабываць у Парыжы! Існуюць розныя вэрсіі, чаму ён гэта зрабіў, хто-ніхто падазрае нават забойства. Але ня выключана, што сама Сталіца сьвету так закахала ў сябе літаратара.
Краўчанку, бацьку траіх дзяцей, было сорак пяць гадоў. Магчыма, ён хацеў памерці, скінуўшыся з Эйфэлевай вежы, але ўжо тады гэта было праблематычна. Ахвотных хапала, і Парыжу яны надакучылі. А Ніцы – не.
За пару гадоў да таго, як Гартны-Жылуновіч з таварышамі падняўся на самую верхатуру, каб агледзець Парыж, Эйфэлеву вежу намаляваў вядомы мастак Рабэр Дэлянэ: на ягонай карціне, вытрыманай у апэльсінава-хлебных танах, Вежа выглядае нібыта вясёлай і сьвяточнай… але варта пастаяць крыху перад гэтым творам, як скрозь нядзельную бесклапотнасьць праступае злавеснасьць і млоснасьць. Дэлянэ намаляваў яе зьнізу – яна вабіць чалавека ўгару, быццам бы для забавы, а сама гатовая нагадаць яму пра ягоную асуджанасьць і мізэрнасьць. Вежа ў Дэлянэ нагадвае забойцу ў масцы цыркавога клоўна – яе галавакружны сьмех зацягвае і ўжо не адпускае…
…Відаць, Цішка Гартны стаў першым беларускім аўтарам, які прысьвяціў Эйфэлевай вежы столькі ўвагі. Наступныя пакаленьні будуць пісаць пра яе так, быццам робяць на фоне сталёвай матухны фотаздымак. Сямейны, крывы і пасьпешлівы. Так і мроіцца паміж несьмяротных радкоў кранальныя подпісы: “Тут быў Пімен”, “Міша плюс Алесь = любоў” ці нешта падобнае. А што, паэты ня людзі?
Пімен Панчанка ў даўгім вершы пра свае падарожжы спачатку ўспамінае, як ён быў савецкім акупантам: Іран, Фінляндыя… Геаграфія пашыраецца – Панчанка прабіраецца па сьвеце, як жук. Яму што Эльбрус, што Эйфэль, што Капіталійскі ўзгорак – адна вышыня і адна пэрспэктыва.
абыякава піша паэт. Курган Славы ўсё роўна вышэйшы.
Панчанка з гордасьцю піша пра аб’ёмы, шырыню і ўмяшчальнасьць свайго сэрца, ён магутны, як гідраэлектрастанцыя:
Але ён “стаміўся езьдзіць і зьдзіўляцца”. Хоць, неахвотна прызнае клясык, “ёсьць на што глядзець”. Але ява яго ня надта цікавіць. Пімена Панчанку хвалююць сны. У Парыжы, піша ён, беларусу сьняцца “белізна бяроз і сосен медзь”. Паспрабуем разабрацца ў гэтым загадкавым сьне.