Горадам кніг – прачытаных і тых, што яшчэ прачытаюцца, перакладуцца, прыйдуцца да душы і расчаруюць.
Сталіцай сьвету. Калі паміж ёй і сталіцай РБ існуе нейкі нябачны мост – Сяргея можна назваць адным зь ягоных самых руплівых будаўнікоў. З гэтага моста можна пабачыць такія рэкі, якія зьменяць жыцьцё – калі, вядома, ты ўмееш чытаць.
Перачытваю Сяргеевы пераклады – а пераклаў ён багата і з розных моваў. Віяна, Борхеса і Орўэла па-беларуску я чытаў яшчэ да нашага зь ім знаёмства, а потым будзе ж фантастычна цікавы Ергавіч, якога Сяргей фактычна адкрыў беларускаму чытачу. Нячаста бывае, каб файныя аўтары трапілі да беларусаў без усялякай братняй дапамогі з Усходу… Сяргей перакладаў По і Павіча, Мілаша і Мэрымэ, Керэта і Тугласа (у нас дагэтуль малавядомага).
І Мапасана, апавяданьні якога па-беларуску дзякуючы Шупу прымусілі мяне ў свой час палюбіць гэтага старамоднага, напаўзабытага “Гі дэ” і адкрыць яго для сябе наноў. Хто цяпер чытае Мапасана? Я. Сяджу, чытаю – і мне робіцца па-сапраўднаму страшна: магічны лёд літаратуры сьціскае сэрца, а значыць, і гэты цуд адбыўся. Чытаць – значыць паміраць.
Самае файнае ягонае апавяданьне зь пераствораных Сяргеем – для мяне, вядома, “Тамтэй”. Слова на Сяргееву замову прыдумаў Алесь Разанаў. Па-француску гэтую таямнічую істоту, што мучае галоўнага героя, завуць Le Horlà. Ёсьць розныя вэрсіі, чаму Мапасан так назваў свайго злога духа: магчыма, гэта проста “па-за тут”, а можа, імя пайшло ад hors la loi, па-за законам, а магчыма, ад нарманскага слова, якое азначае “чужынец”. Расейцы так і пераклалі: Орля. Але Тамтэй – вусьцішней і страшней…
Тамтэй прыходзіць па начах у сны апавядальніка і спрабуе яго задушыць. Садзіцца і смокча з рота жыцьцё, як п’яўка. Раніцай апавядальнік бачыць, што графін з вадой пусты. Што зь ім адбываецца? Галоўны герой піша дзёньнік – ён вельмі хоча разабрацца ва ўсёй гэтай жудасьці, што вядзе яго да вар’яцтва, і пазбавіцца ад Тамтэя.
Ён едзе на некалькі дзён у Парыж – і парыская мітусьня і парыская нуда, здаецца, вылечваюць яго ад жудасных сноў. Парыж у апавяданьні як падробны лек, ён бязрадасны, напышлівы, фальшывы і нейкі сутаргавы:
Прынцыпы, ідэі, законы, грамадзтва – усё гэта выклікае ў героя пагарду. Ён сам ня можа прызнацца сабе, што са зьяўленьнем Тамтэя зрабіўся іншым, зусім іншым: ідэі і законы – усё гэта друз, намі кіруюць не часовыя чалавечыя ўстанаўленьні, а тое цёмнае, што варушыцца ўнутры нас… Герой разважае пра Дзень рэспублікі і натоўп, які нічога ня ведае пра сілу свайго Тамтэя:
Але варта герою вярнуцца ў свой прыморскі горад, як Тамтэй зноў нагадвае пра сябе. У выніку малады чалавек чытае ў газэце, што ў Бразыліі ад падобнай пошасьці людзі масава зьяжджаюць з глуздоў. Ці не з бразыльскага карабля, што прышвартаваўся ў гавані гораду, дзе жыве герой, трапіў да яго Тамтэй?
Каб пазбавіцца ад Тамтэя, герой падпальвае свой дом.
Але Тамтэй не гарыць у агні. Тамтэй “падуладны толькі Часу”.
Апавядальнік разумее гэта і сканчае жыцьцё самагубствам.
Гэтае апавяданьне Мапасан напісаў у 1887. Тэксту давялося чакаць роўна стагодзьдзе, каб зьявіцца нарэшце па-беларуску.
Калі я думаю пра ўсё гэта, дык разумею, як жа нас мала – тых, хто здольны ацаніць гэты факт.