Можа, сам Парыж і ёсьць такім помнікам? Наўмысна створаным, каб нагадваць пра мізэрнасьць амбіцый і спакушаць іх уяўнай веліччу? Але гэта ўжо я задаю пытаньне аўтару – парушаючы правілы гульні.
Гэта вялікі, злосны і прыгожы тэкст.
І празрысты. Калі абмінаць усе сэксуальныя памкненьні аўтара, што часам апаноўваюць яго ў самых нечаканых месцах, калі ветліва не рэагаваць на іх і ісьці далей, пакідаючы аўтара зь імі сам-насам і даганяючы на наступнай вуліцы – можна прайсьці зь ім скрозь увесь горад і пабачыць самае Галоўнае. Эсэ Глобуса – найлепшы антыгід па Парыжы ў беларускай літаратуры.
34. Акудовіч. Балота. Дыскурс
Парыж зьніштажае вырадкаў. А яго самога зьніштажаюць філёзафы. У тым ліку – беларускія. За што яны яго так? Было б за што – і праўда зруйнавалі б. Але, на шчасьце, Парыж руйнуецца толькі ў галовах. Зрэшты, прасьцей зруйнаваць Эйфэлеву вежу, чым нешта крэпка заселае ў беларускай галаве.
Улетку 2004 году, у Дзень узяцьця Бастыліі, у Менску была прэзэнтаваная адна з самых знакамітых беларускіх кніг пачатку новага стагодзьдзя – “Разбурыць Парыж” Валянціна Акудовіча, самага паэтычнага беларускага філёзафа і самага правакатыўнага нашага мысьляра. Ад пачатку Валянціну Акудовічу прапаноўвалі назваць кніжку “Разбурыць Вільню” або “Разбурыць Маскву” (быццам гэта гучыць больш паліткарэктна!), але ён не пагадзіўся: калі я кажу Парыж – значыць, маю на ўвазе Парыж. І не памыліўся ў сваёй упартасьці: ні ад Вільні, ні ад Масквы не было б такога эфэкту. Дый гаворка ў эсэ зусім не пра горад. А пра каго і што?
Ды пра нас. Пра нашае сёньня і заўтра.
Мала якая з кніг, напісаных па-беларуску, здолела столькі зьмяніць і перакуліць у сьвядомасьці нацыянальна сьвядомых людзей.
“Разбурыць Парыж” – назва двух “няспраўджаных эсэ”, як іх называе сам аўтар. У першым, “Беларусь як постмадэрновы праект Бога”, Акудовіч Парыжу амаль не чапае, ён дасьледуе (мысьліць) ідэю Беларусі і дыскурс Беларусі – рэчы, на ягоны погляд, узаемавыключныя.
Дыскурс Беларусі нічым наперад не зададзены, апрача самой наяўнасьцю дыскурсу. Ідэя Беларусі – сума знакаў і сымбаляў. Акудовіч – фэнамэноляг і постмадэрніст, ён адпрэчвае лёгацэнтрызм (усе гэтыя помнікі беларускай ідэі, на якія нацыяналіст глядзіць, задраўшы ўгару галаву), сьвяшчэнныя герархіі зь іх вэртыкалямі ўлады. Дыскурс Беларусі – гэта вольнае ад сымулякраў беларускае балота, якое ня мае цэнтру, не абмежаванае берагамі, поўнае выспаў і выспачак (амаль янкамаўраўскіх – калі перачытваеш эсэ, успамінаеш палескіх рабінзонаў зь іх жабамі). Балота, на якім квітнее жыцьцё. Беларуская фэнамэналёгія Акудовіча цалкам народная – і тут першы намёк на тое, што Парыж трэба разбураць. Мы жывем, верачы ў эўрапейскія ідэалы, у ладныя, высокія, бронзавыя парыжы вялікай культуры, якія ўзносяцца да нябёсаў – і нам так хочацца ўзьнесьціся разам зь імі! Але – не бяруць… Чаму? У пошуках – але не адказу, а пратэкцыі! – можна прабавіць стагодзьдзе, а мо і два. А тут пад нагамі, сярод балотаў, свае фэномэны і свая культура – ня менш цікавая, каштоўная і самадастатковая.
А як іначай? Як пазбавіцца ад Сымулякра, які “гіганцкім бяльмом засланіў нашыя вочы ад белага сьвету”? Што там, у белым і ясным сьвеце фэномэнаў, а ня знакаў і сымбаляў вялікай Ідэі? А вось што: