Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30

Але нават па-за парыскімі рэстаранамі і могілкамі Барадулін не забываецца пра Сталіцу сьвету, мераючы яе меркай іншыя гарады. Вось ён дае інтэрвію ў Варшаве:

“ – Спадар Рыгор, Вы ўзгадвалі калісьці, што Вашае першае замежнае падарожжа было ў Польшчу, дакладней, у Варшаву. А я хачу ў Вас запытацца, ці вельмі зьмянілася Варшава?

“ – Што ў ёй мне падабаецца, гэта тое, што яе можна назваць славянскім Парыжам”, — бадзёра адказвае паэт. І з ходу дэклямуе нешта псэўдамадэрнісцкае: “Панна Варшава ня раз вырашала, якія туфелькі ёй даспадобы, якой дарогай ісьці да свабоды. Плыла між чаротамі льдзінкай падталай, зачароўвала Напалеона таліяй. Як Елена з Парысам, панна Варшава какетавала з Парыжам. Падымала кілішак на ножцы гранёнай, цягнік варожы перакуліўшы, гладзіла ствол варанёны…”

Але журналісты не адстаюць:

“ – Вы сказалі, што Варшава гэта славянскі Парыж. У Парыжы ёсьць шмат такіх месцаў, дзе сустракаюцца творцы, дзе сустракаюцца артысты, дзе сустракаюцца мастакі. На пляцы Пігаль сустракаюцца паэты ў розных кавярнях. Ці Вы маеце такое месца ў Варшаве, дзе вяртаецеся ў думках, а нават на яве, калі бываеце ў гэтым горадзе?

“Я другі раз у Варшаве”, – змрочна адказвае Барадулін. – “Мне хацелася б зазірнуць у кожную кавярню й кожную мясьціну, дзе сустракаюцца артысты, мастакі. У думках я ва ўсіх кавярнях”.

Апошнія словы выклікаюць у мяне павагу. Я таксама хачу быць ва ўсіх парыскіх, менскіх, віленскіх, гамбурскіх і праскіх кавярнях адначасова – о, што гэта было б за жыцьцё! але і плаціць па рахунку давядзецца адразу ва ўсіх, і ад гэтага робіцца неяк не па сабе.

25. Барадулін. Пахмельле. Трава

Пра Парыж Барадулін напісаў столькі, колькі, мабыць, ніводзін іншы беларускі паэт яго генэрацыі. Парыж натхняў Барадуліна – і потым, паводле аўтарскага прызнаньня, доўга выходзіў зь яго – як самагон. Разгортваеш трэці збор твораў недзе на сярэдзіне – і быццам на бульвар Saint-Germain выйшаў. Барадулін шукае Парыж у Вушачах, а Вушачы ў Парыжы, у Барадуліна ў Парыжы сябры, і сам ён з Парыжам запанібрата, як і належыць роўнаму з роўным. Барадуліну ў Парыжы – хораша. Здаецца, ня надта і хочацца адсюль зьяжджаць, і сны сьняцца не пра жалейкі з васількамі, а пра сэксакарыятыды. Ён частуецца смажанымі каштанамі, на дварэ, здаецца, дзевяноста першы, і пісаць яму хочацца неяк гэтак, па-свойму.

“ХОРАША!

Хораша пад вушацкую завіруху / грэцца ўтрапёным Парыжам. / Апячы далоні і вусны каштанамі з гарачай жмені жароўні. / Ядзэньне гэтае нагадвае пастухоўскі ласунак / з вогнішча ўвосень, / калі да чарнаты падгарыць бульбіна / і даўкай белай мякоці / не стае шэрых дажджынак солі.

Апячы ўпотайкі пажадныя думкі, / нібыта ня бачачы сэксакарыятыд, / што голалыгія і голарукія / падпіраюць вуглы дамоў і пад’езды, / а на адпаведным мейсцы / з чырвонага замяняльніка скуры / гараць лісьцінкі фігавыя, / як карты званковай масьці, / з выклікам пытаючыся, / чый козыр старэйшы.

Апячы душу сустрэчай / з маладымі сваімі гадамі, / п’ючы зь цяпер да канца парыжанкай / гарбату на бульвары Сэн-Жэрмэн / у кавярні, якую любіў Віктар Някрасаў / і дзе ён казаў пра сваё захапленьне / асобаю Васіля Быкава.

Апёкшыся радасьцю, / можна доўга дзьмухаць пасьля / на смутак паўсядзённасьці, / слухаючы ўвішную завіруху”.

У вершы “Традыцыі”, таксама парыскім, Барадулін прыгадвае свайго настаўніка Фадзея Францавіча Багдановіча, які

“утрапёна любіў свайго цёзку прозьвішчам,Максіма Багдановічалічыў ён паэтам над усімі паэтамі,хоць пад той часафіцыйна-праграмна лічылі ня так.Настаўнік нас папракаў,што граматыку ведаем кепска,а вось Максім Багдановічяк ня ўсе замежныя мовы ведаў,францускую, да прыкладу,як сваю беларускую.Дык вось,Фадзей (мы за вочы яго называліЧарадзей) Францавічпры выпадку і без такогане ўпускаў падкрэсьліць,што мае адносіны непасрэднада Францыі, бо ён жа Францавіч,і яшчэ абавязкова даводзіўвясёлае сьцьверджаньне Лёсіка,што мова нашая такая ж,як і француская(пра гэтае ж яшчэ казаўі Мацей Бурачок),у якасьці гарэзнага довадуЛёсік прыводзіў:Алена лён трэ,Іван цяля пасе…Фадзей Францавіч у дадатакнезразумела тлумачыў, што выраз:«каб цябе пранцы»дужа пашыраны у паўсядзённай,бытавой лексыцы,мае таксама францускі корань…Сёньня хаджу па вулках Парыжу,спрабую грасіраваць рэ,паўтараю сабе пакрысе:Алёна лён трэ,Іван цяля пасе…”

Далей ідзе эканамічны аналіз ільнагадоўлі, разважаньні над станам беларускай мовы і – прызнаньне ўласнай недасканаласьці:

“І ні тут, у Парыжы,ні ў стольным Мінскунічога сказаць не магу —цяляты язык ад’елі.Алёна лён трэ,Іван цяля пасеу граматыцы Лёсіка…”

Амаль унікальны выпадак: Парыж не замінае Барадуліну любіць радзіму. Паміж Ушачай і Парыжам ён намацвае тонкую, але дужа трывучую нітку, што злучае Сталіцу сьвету і беларускую вёску. У ніткі ёсьць назва – Эўропа, І Барадулін кажа пра гэта: нясьмела, але ўголас. Гэта тая нітка, якую будуць спрабаваць парваць усе, з абодвух бакоў. А яна ніяк ня рвецца – быццам і ня нітка, а тоўстая карабельная ліна. Барадулін знайшоў Эўропу – і, здаецца, сам зьдзіўлены свайму адкрыцьцю.

Верш “Францускі сьмех” Барадулін прысьвячае Анры Дэлюі. “Усё, ад парфумы францускай да францускіх уцех, вядома бадай што любой бабулі, а што такое францускі сьмех, не адкажаце, бо ня чулі”. Мараль такая: калі вы ня чулі францускага сьмеху —

“Значыць, ня чулі сьмеху ніколі!”

Вось гэта нізкапаклонства перад Захадам! Перад ягонай белазубай фальшу! Як такое цярпяць патрыёты – цяжка сабе ўявіць. І гэта тыя самыя патрыёты, якія зрабілі з Барадуліна такога сабе сьвятога Грэгуара, заступніка Беларусі. Зрэшты, патрыёты чытаюць толькі тое, чым здольны жывіцца іхны патрыятызм. Астатняе выходзіць праз кішэчнік. Кішэчнік – самы патрыятычны орган.