Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30

– Праўду кажучы, нічога дрэннага няма, – прамовіў ён.

– Вось бачыш, – сказаў Віктар. – Нездарма, кажу, паны ядуць. Я чытаў, што ў Парыжы, у рэстаранах, сытыя буржуі вялікія грошы плацяць за гэтую страву. А нам плаціць ня трэба”.

Вось ён, Парыж. Парыж сытых буржуяў, якія, трасучы пузамі, марнуюць свае крывавыя франкі на тое, чаго на Палесьсі заваліся. У пэўную пару, канечне.

“– Затое нам, галодным, трэба, можа, па сотні такіх жаб. А дзе іх гэтулькі набярэш? Гэта старая, а маладыя яшчэ ня вывеліся.

– Тады будзем есьці ўсю, – сказаў Віктар. – Якая розьніца паміж заднімі, пярэднімі нагамі, сьпіной?

Ён узяў яе ў рукі, але кінуў:

– Не, яшчэ не магу, не настолькі прагаладаўся.

– А каб у кнізе было напісана, што ядуць усю, то зьеў бы? – спытаў Мірон.

– Напэўна, – засьмяяўся Віктар”.

Такая яна, сіла мастацкага слова. А калі б у кнізе было напісана, што можна зьесьці брата свайго, што і тут няма розьніцы – ці ўстрымаўся б Віктар ад спакусы? Ці ўжо сядзеў бы перад вогнішчам, абсмоктваючы Міронавы лапкі і адчуваючы, як прыемная цеплыня напаўняе страўнік і сілы вяртаюцца ў малады арганізм? Як жа шмат залежыць ад таго, якія кнігі мы чытаем. І як шмат трэба было прадугледзець першай чалавечай Кнізе. Усе дробязі і нюансы рэцэптуры…

“Пасьля таго яны нават спэцыяльна хадзілі лавіць жаб, але зноў злавілі толькі адну. На гэты раз зьелі ўжо і пярэднія кумпякі, і сьпіну…

І нічога дрэннага ня здарылася.

– Мусіць, усё залежыць ад погляду і прывычкі, – разважаў Мірон. – Мусульмане не ядуць сьвініны, у нас не ядуць каніны, некаторыя ядуць саранчу…

– Я ж тое самае і кажу! – падхапіў Віктар. – У кожным разе, праз тое, што гэта агідна, паміраць ня варта. Але на адной жабе далёка не паедзеш. Хоць абы-якую жывёліну здабыць – усё зьеў бы”.

І паглядзеў на Мірона неяк дзіўна… Але не, гэта нам падалося. Сябрукі выпраўляюцца насустрач новым прыгодам.

Цікава, ці змаглі б мы з табой есьці жабяціну? У такой сытуацыі, як Віктар зь Міронам, мабыць, змаглі б. Уяўляю, як я ў сваім клятчастым чорна-белым фартуху, тым самым, у якім прэзэнтаваў “Белую муху, забойцу мужчын”, смажу для нас жабіны лапкі, завіхаюся каля пліты, правяраю, ці мяккае мяса… Уяўляю, і неяк зусім ня хочацца абедаць. Хоць “Мы з табой на гэтым жабу зьелі” – гучала б салідна.

Экзатычных страваў, якія мне давялося пакаштаваць у жыцьці, так мала, што і гаварыць пра гэта ня варта. Дробязь адна. Мяса сайгака ў астраханскім стэпе, акула ў партугальскай рэстарацыі ў Гамбургу… Хіба гэта экзотыка? Вось сабаку зьесьці ў Пхэньяне – гэта сапраўды заслугоўвала б павагі. Або тую самую саранчу дзесьці далёка, дзе сьвеціць іншае сонца… Як і кожны прагрэсіўны чалавек і вольны творца-экспэрымэнтатар, я скончаны кансэрватар што да ежы. А ты яшчэ большы: як жа цяжка бывае цябе накарміць пякуча-кісла-салодкімі ўсходнімі прысмакамі, мая Ю. А хочацца. Зь літаратурай неяк прасьцей: мае героі “Пасьлямовы перакладчыка” проста пасярод Нямеччыны ядуць каціныя хвасты, тушаныя з гароднінай, і потым беларускага пэрсанажа, калі ён пра гэта даведваецца, доўга і жарсна ванітуе проста пасярод кухні.

Між іншым, мы з табой і сапраўды жывем у сталіцы смажанай жабяціны – у Парыжы. Тэорыі рабінзона Віктара пра буржуйскасьць гэтай стравы, з аднаго боку, цалкам адпавядаюць рэчаіснасьці: жабіны лапкі, з часныком, пятрушкай і ў масьле – гэта і праўда дэлікатэс. Які са значна большай ахвотай жаруць турысты, чым самі французы. Ня быць у Парыжы і не паесьці жабаў? Ды лепш тады зусім ня ехаць!.. “Яны на смак, як кураціна”, – кажуць абазнаныя грамадзяне, і па іхных вачах відаць, што ніводнай жабы яны ў жыцьці так і ня зьелі. Паводле статыстыкі, толькі двое з васьмі французаў каштавалі жабіны лапкі. Гэты малы адсотак, вельмі малы. Нехта моцна недапрацоўвае ў сваёй адпаведнасьці нацыянальным стэрэатыпам.

Вядома, есьці жабак чалавек пачаў не ад добрага жыцьця. Кажуць, што пачалося гэта ў часы Стогадовай вайны, калі ў Заходняй Эўропе быў голад, выкліканы ня толькі вайсковымі паборамі, пажарамі і рабаўніцтвам, але і вялікімі неўраджаямі (у нейкай ступені яны і паслужылі прычынай баявых дзеяньняў). Зрэшты, усё ўмоўна: жабак і сьлімакоў галодны чалавек еў і дагэтуль, і так было паўсюль, і ў часы Стогадовай вайны іх жэрлі ня толькі ў Францыі. Але нацыянальныя стэрэатыпы ствараюцца палітыкамі, а не людзьмі і ня жабамі.

Трэцяя сусьветная даўно ідзе, кажуць палітычныя аналітыкі. Аднак сярэдняму эўрапейцу пакуль што хапае ежы: яму яе нават зашмат, інакш бы яе не выкідвалі на памыйкі, кожны дзень, тысячамі кіляграмаў. Калі ж жабак усё ж так хочацца, што ажно няўсьцерп – што ж, месцы ёсьць. Самае вядомае – парыская рэстарацыя “La Grenouille” (што так і перакладаецца: “Жабка”). Яна знаходзіцца на 28 Rue des Grands Augustins, проста ў цэнтры гораду. Гэта дужа дарагая рэстарацыя. Ходзяць чуткі, што там наліваюць віно ў слоікі з-пад гарчыцы і просяць пакінуць у падарунак нейкую рэч гардэробу. І гэта яшчэ самыя нявінныя сюрпрызы. Але мы, кансэрватары, ня любім сюрпрызаў. Мы ямо кансэрваваную гародніну і пачуваемся шчасьлівымі. Як палескія жабкі, якім пашчасьціла ўцячы.