Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30

Верш “Салют Парыжу” ахвяраваны мастаку Барысу Забораву, “гуляку і філёзафу закаханаму, транжыру і жмоту, гультаю і працаўніку”:

“На Элізэйскіх выпасах да тварутабе, пастух вачэй і душ, Парыж.Прыняць хацеў бы, як заслугу, кару.Тваю насьмешку ўбачыць марна маруЯ – ўшацкай аральлі азяблы глыж”.Гуляючы з шыпячымі, Барадулін піша пра Нотр-Дам:“…Як нацельны крыж,На шыі ў цябе, Парыж,Жыве, памножаныКрыжыкамі, крыжамі,Пераліваючыся вітражаміЗ вусьця мінуласьціУ вусьціш наступнасьці,Каб не разьмінуласяСмутнасьць з сутнасьцю”.

Здаецца, усё ж разьмінуліся. Ну, нічога. Любімая беларускай літаратурай арніталягічная тэма праскоквае чыжыкам у вершы “Абацкія вераб’і”, а потым надыходзіць чарга батанікі.

“Няма замежнае травы,трава ў Вушачы і ў Парыжыня дбае аб сваім прэстыжы,ды ведае свае правы —не прызнаваць мяжы нідзе,расьці служанкай цемры з праху,рунець бязь літасьці, бяз страхуна радасьці ці на бядзе”,

– піша Барадулін і мае прыемна-касмапалітычную рацыю.

Францускі салавей у яго картавіць, парыжанкі блішчаць ільдзінкамі, а манпарнасаўская вежа гарыць канцэртнай сукняю. Вось гэта размах. Пра Паўночны вакзал і Барбэс Барадулін ня піша – не дайшоў, відаць, ці не давялі. Ці ня ўразіўся? А можа, проста не заўважыў? Зрэшты, таму Парыжу было далёка да сучаснай стракатасьці. Не каля вакзалаў і не ў кебабніцах, а “ў Лацінскім квартале дагарала лацінка вітрын” – відавочна, што збольшага Барадулін гуляў уздоўж “мутнавокай Сэны” (як ён называе яе ў вершы “Адвячорак, які заўсягды са мною”).

…Але расстацца ім час наступае, відна, ужо доля такая ў іх: Барадуліна і ягонага Парыжу.

“Адзьё, Парыж! Бывай, Парыж.Наўрад яшчэ цябе пабачу.Табе ў вякі,А мне ў Вушачу.У кожнага свой шлях…”

Шлях, можа, і свой, але куды там. Не, расставацца рана, Парыж так проста не адпускае. Дый постскрыптум жа не напісаны.

“P.S. ПАРЫСКАЕ ПАХМЕЛЬЛЕНасьцярожанасьць настаўляе каўнер.Страх у турму ідзе без канвою.На стале бутэлька шампанскага,Як АпалінэрЗ забінтаванаю галавою…”

Барадулін піша, што выдыхае Эўропу. Відаць, Вушачы – гэта ў Азіі. Ды не… Проста трэба было памянуць Міхася Стральцова. І зноў згадаць Апалінэра – ужо безь бінтоў.

“ПАМІНАНЬНЕ МІХАСЯ СТРАЛЬЦОВА

Калісьці любілі мяне мерцьвякі —Усьлед паўтараю за Апалінэрам.Іх цені яшчэ не зьніцелі, які—я сьніліся птушкамі досьвітку шэрым—і, межы сумежыўшы ўсе, да ракіВа ўрочышчы ценяў прыпалі з даверам……Мглісты Міхась, як з сузор’я Стральца,Глядзеў на мяне з-пад нябёс Нотр-Дама.І я, як жывому, яму абяцаўадведаць забытыя сны нашы да ма—разоў, і паднесьці напіцца з карца,Зь якога паіла крыніца, як мама… “

Вось бы Парыж аб’яднаць з Вушачамі… Так марыць Барадулін – але нельга, тады было нельга, і цяпер забаронена, Эўразьвяз будзе супраць.

“І хацелася мнеПеранесьці, як хату,Вушачу ў ПадсуседзіПарыжу,Каб вяз,Бацькаў вяз на палях ЭлізэйскіхЗелянеўся на яблычны Спас”.

Барадулін памятае ўсё. І нават больш. Верш пра срачку, пад назвай “Запомнілася”, ён прысьвячае Карласу Шэрману:

“Гляджу на афішы, і забірае ахвотаЗабраць дадому,Каб прымацаваць на фіранцыГэтаеНа фоне нацыянальнага сьцягаКаляровае фотаНайлепшае срачкі ФранцыіТысяча дзевяцьсот дзевяноста першага года”.

І толькі цяпер, пасьля найлепшай срачкі Францыі, Парыж з Барадуліна і праўда:

“ВЫХОДЗІЦЬ…

Туга, як пад венікам мыш,Чакае тае хвіліны,Каб зноўку сасьніўся ПарыжЛятучы, як рой чмяліны.Каб вуліцу перайшла,Як рэчаньку, парыжанка,Пакуль набірае цяплаУ хаце свая ляжанка.Хай пал прабяжыць наўздрыж,Нібы той цягнік з адхону…Выходзіць зь мяне Парыж,Як градусы з самагону”.
* * *

У суботу ты вярнулася са сваёй Швэцыі. Самалёт прыляцеў са спазьненьнем. За гадзіну я двойчы абышоў тэрмінал 2 аэрапорту Руасі імя Шарля дэ Голя – і нідзе не знайшоў кветак. Хадзіў і думаў, як ты парадуешся, што я сустракаю цябе з пустымі рукамі. Па тэрмінале нясьпешна прагульваліся апранутыя ў хакі вайскоўцы з аўтаматамі; апусьціўшы іх дуламі ўніз, яны насьцярожана ўзіраліся ў твары пасажыраў – і пасажыры адводзілі вочы. Я то абганяў аўтаматчыкаў, то адставаў, то зноў ішоў зь імі ўпоравень, я нагадваў сам сабе няўклюднага шпіёна, які выдае сябе з галавой. Так, была нейкая недарэчнасьць у тым, што я бегаю і шукаю кветкі, а за мной увесь час рухаюцца гэтыя суворыя ўзброеныя хлопцы. Чым яны дапамогуць, калі ў тэрмінале раптам выбухне бомба, я ня ведаю.

Але людзям робіцца неяк спакайней, калі яны бачаць тых вайскоўцаў. Мы ўсе разумеем правілы гульні. Мне прыйшло ў галаву, што поўная адсутнасьць кветак у аэрапорце неяк зьвязаная з надзвычайным становішчам: каму ў такі час патрэбныя паўмёртвыя расьліны зь цяпліцаў. Толькі цяплічным людзям, якія звыклі, што дзяржава іх абароніць. Калі іх пакінуць у адзіноце – што яны будуць рабіць? Вянуць?

26. Жабы. Дзеці. Рабінзоны

У 1932 годзе беларускі пісьменьнік Янка Маўр апублікаваў сваю знакамітую прыгодніцкую аповесьць “Палескія рабінзоны”.

Цяпер сказалі б: раман; цяпер іншыя часы, і рабінзоны іншыя, і стаўленьне да іх не такое ўжо паважлівае. Мішэль Турнье яшчэ ў мінулым стагодзьдзі выдаў свайго “Пятніцу”, дзе разглядае рабінзанаду з гледзішча посткаляніялізму. Дый іншыя аўтары не адстаюць: у свой час стала бэстсэлерам кніжка “Сэксуальнае жыцьцё Рабінзона Круза”. Здаецца, таксама француская.

Часы даўно зьмяніліся, і шмат што ў гісторыі Янкі Маўра падаецца цяпер не такім ужо пацешным. Яе героі, Мірон і Віктар, звычайныя савецкія хлопцы, выпраўляюцца на вакацыях у вандроўку. Выпадкова яны трапляюць у самую лясную глухмень, на бязьлюдныя палескія выспы падчас паводкі, і ня могуць выбрацца з гэтай пасткі. Вакол лес і вада, бабры і балоты, вакол – пачатак трыццатых. Купалаўскія камунары-мэліяратары яшчэ не дабраліся да гэтага кутка запаведнай прыроды. Хлопцы змагаюцца за выжываньне, мужна пераадольваюць усе нягоды, паралельна знаёмячыся з флёрай і фаўнай роднага краю. Двух Рабінзонаў не бывае – нехта абавязкова мусіць быць чорным дзікуном, а нехта белым і мудрым. Хто зь іх Рабінзон, а хто Пятніца? Янка Маўр як савецкі пісьменьнік бурыць усе законы жанру: яны абодва белыя. Белыя гетэрасэксуальныя мужчыны ў найлепшую пару жыцьця.

Фаўна роднага краю прыносіць сюрпрыз за сюрпрызам. Самы галоўны сюрпрыз: чалавечыя істоты, якія, як высьветлілася, пасяліліся непадалёку. Ды гэта і не зусім людзі: польскія шпіёны, кантрабандысты і дывэрсанты. Нечым яны вельмі нагадваюць дзікуноў-канібалаў у Дэфо: гэткія самыя тупыя і крыважэрныя. Гэтыя нелюдзі мала таго што арганізавалі ў бабровай хатцы склад – яны яшчэ і бяруць у палон савецкага памежніка. Вось сволачы. Але палескія рабінзоны ўсё бачаць і чуюць! Мірон і Віктар вызваляюць няшчаснага і арыштоўваюць мярзотных удзельнікаў антысавецкага супраціву, перадаючы іх органам правасудзьдзя.

Так, сярод герояў аповесьці няма ніводнай жанчыны. Янку Маўру неяк не прыйшло ў галаву разнастаіць фаўну свайго твора такімі рэдкімі істотамі, якія, тым ня менш, дагэтуль сустракаюцца раз-пораз на тэрыторыі РБ. Ва ўсім тэксьце аповесьці няма практычна ніводнага жаночага пэрсанажу, нават ва ўспамінах герояў яны адсутнічаюць: толькі аднойчы Віктар прыгадвае сваю бабулю, якая натрапіла на соннага зайца. Другім пэрсанажам, які можна ўмоўна аднесьці да жаночых, ёсьць дамскія шаўковыя панчохі, якія хлопцы знаходзяць у схованцы кантрабандыстаў. “Вось калі б можна было іх зьесьці”, – марыць Мірон, як сапраўдны фэтышыст.