Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30

“Мінск, – паўтараю я. – Мне патрэбны адзін білет да Мінску”.

“Я разумею. Але дзе гэта?” – зазірае ён мне ў вочы.

Я тлумачу. Ён уважліва слухае. Відаць, што ён ня надта мне верыць. Пракуранаму фрыку ў чорным паліто, якому няма з кім пагаварыць на ягонай кепскай ангельскай.

Я не здаюся.

Я дакладна ведаю, што існуе цягнік Парыж-Масква, які пасьлязаўтра ўначы спыняецца ў Менску ледзьве не на паўгадзіны.

Касір уздыхае. Касір шукае.

Уяўны глёбус Францыі ў ягонай галаве натужна круціцца. Мільгаюць гарады. Францыя агромністая. Цэлая плянэта, асьветленая сонцам францускай мовы. Касір спакойны і засяроджаны. Ці мала якія бываюць краіны і гарады, што ня трапілі на глёбус Францыі.

Ён парыжанін. Ён не абавязаны ведаць усё. Калі ты жывеш у горадзе, куды імкнуцца дурні з усяго сьвету, міжволі пачнеш лічыць сябе разумным.

Я хачу сказаць яму, што мне падыдзе квіток і да Брэсту, але маўчу, баючыся, што толькі ўскладню сытуацыю.

Касір шукае. Ён кліча на дапамогу калегу, а потым гугл. Менск і праўда існуе, што мяне вельмі цешыць. Не існуе толькі цягнік.

Далей мы шукаем разам. Высьвятляецца, што гуглу ён не паверыў і шукае Менск у Расейскай Фэдэрацыі.

Некалькі хвілін мы разьбіраемся ў хітраспляценьнях гісторыі і эўрапейскай палітыкі. Але цягнік сышоў. Ён наогул ходзіць раз на тыдзень, гэты загадкавы цягнік Парыж-Масква, цёмны цягнік бяз вокнаў, які ня робіць прыпынкаў у няісных і падазроных месцах. І нават калі пакласьці на рэйкі ўсю беларускую літаратуру, ён праедзе скрозь яе, як нож скрозь масла.

Я выходжу ў парыскія прыцемкі. Ніякага Менску няма, але Вільня недзе яшчэ стаіць. У аэрапорце страйк, усе мае рэйсы адмененыя. Адсюль прасьцей дабрацца да сапраўднай Мэкі, чым да крывіцкай – але заўтра я выйду ў Віленскім аэрапорце і толькі надпіс на цыгарэтным пачку нагадае, што на глёбусе Літвы прытуліўся ў куточку нейкі Парыж.

* * *

Цяпер я ведаю: каб Парыж прыняў цябе, трэба дачакацца ад яго адпаведнага знаку.

Кожнаму ён даецца ў свой час. Я дачакаўся гэткага знаменьня празь месяц пасьля прыезду сюды.

Усё аказалася па-парыску проста і геніяльна.

Усяго і трэба было, што выйсьці да Цэнтру Пампіду, туды, дзе галубы вартуюць сусьветнае мастацтва, і прысесьці на адну з бэтонных тумбаў, разгарнуўшы на каленях мапу. Занурыўшыся ў намаляваныя лябірынты, я чуў, як над галавой паволі раскрываецца неба, але не надаў увагі велічнай працяжнасьці гэтага гуку. Аблокі над Парыжам як па нечым загадзе як адзін зірнулі ў мой бок і па бліскучай, адсырэлай па краях мапе прабеглі ўрачыстыя водсьветы. Крыкі чаек сьціхлі. Я не зьвярнуў на ўсё гэта ніякай увагі, я думаў пра тое, што сяджу тут як сапраўдны парыжанін, я падаваўся сам сабе такім разумным, спрактыкаваным і элегантным, што хацелася паглядзецца ў люстэрка. Вытанчаным рухам я дастаў запальнічку і закурыў, іранічна паглядваючы на турыстаў, якія з жывёльнай нецярплівасьцю тоўпіліся каля ўваходу ў музэй. Я адчуваў сваю перавагу над імі – што ўзяць з гэтых мітусьлівых істотаў, якія заўтра зьедуць, нахапаўшыся парыскіх недаўгавечных вяршкоў. Пасьлязаўтра гэтыя ўзьбітыя вяршкі ападуць, застанецца сэлфі з Монай Лізай і куча патрачаных грошай, пра якія яны будуць шкадаваць у сваіх нікому не цікавых гарадах. Іншая справа я: я тут свой, гэта наш Парыж, і мы проста велікадушна даем вам ім пакарыстацца.

Поўны пачуцьця ўласнае значнасьці, я загарнуў мапу, падняў галаву і ўсьміхнуўся. І варта было ўсьмешцы зьявіцца на маім твары, як неба даслала мне знак. Проста на мае калені, з горніх вышыняў амытага дажджом парыскага неба, горды тутэйшы голуб-анёл скінуў свой лёгкі груз. Груз пляснуўся на новыя нагавіцы, пакінуўшы на іх чорна-бела-зеленаватую пляміну, падобную да ордэна ня надта ганаровага легіёну. Давялося шукаць сурвэтку.

Турысты спачувальна сачылі, як я старанна счышчаю з нагавіцаў гэты пасланы мне дзівосны знак. Але пляміна не зьнікала – наадварот, я яшчэ больш размазаў яе па нагавіцах. Кожнаму, хто бачыў мяне, было ясна, які жарт згуляў толькі што са мной мой Парыж. Пляма чарнела, а галубы весела пазіралі на мяне з шклянога даху.

І раптам радасьць і гордасьць напоўніла маё вялікае, як вакзальная камэра захоўваньня, сэрца. Я спасьціг высокую задуму гэтага места і ўсьміхнуўся.