У сваім новым рамане Людміла Рублеўская ператасоўвае віртуальную рэальнасць і гістарычныя падзеі і ставіць герояў перад выбарам: змірыцца, стаць часткай сістэмы альбо ўпарта абараняць выспу ўнутранай свабоды.
Маладая дызайнерка Вірынея праштрафілася перад начальствам і адпраўлена працаваць у маленькую транспартную газетку. На станцыі метро яна выпадкова заўважае ўласнага мужа, які нібыта загінуў сем год таму. Але дэтэктыўная інтрыга – толькі фон, на якім даследуецца цэлая эпоха. Рэпрэсіі 1930-х гадоў, ганебная «справа ўрачоў», карная медыцына, спецбальніца, схаваная ў пушчы, якая робіцца прытулкам для «ворагаў народа»… І немагчымая гісторыя кахання, якая адбываецца ў сталінскіх засценках, у лагерах ГУЛАГа, у хрушчоўскую «адлігу» і нават у XXI стагоддзі.
Дзе заканчваецца віртуальная рэальнасць, удзельнікам якой чытач раптам становіцца, ён не зразумее да апошняй кропкі.
v 1.0
Людміла Рублеўская
Пантофля Мнемазіны
© Л. І. Шніп, 2018
© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Раздзел першы
Прывід з унітазам
Вы разбіраецеся ў пагонах?
Я – не.
Таму цяпер і сяджу ў закутку, дзе на адным маніторы бачу, як людзі ідуць па лесвіцы ўніз, на другім – уверх.
Як на малюнку аўстрыйскага мастака Эшэра, які любіў маляваць неіснуючыя канструкцыі, па якіх то жамяра поўзае, то чалавечкі.
Ну скуль мне было ведаць, што маленькае фота дзядзькі не з тымі пагонамі запхне мяне ў гэты закуток, да гэтай дурной працы, нібыта спецыяльна прыдуманай мне ў пакаранне.
А ўсяго толькі ў ведамаснай транспартнай газетцы, дзе я працавала дызайнерам, трэба было размясціць чарговую гутарку з Вельмі Важным Начальнікам, адначасова і ваенным, і транспартным. Раз-два, фоткі з інтэрнэту спампавала… Як па мне, дык усе там на адзін твар: квадратныя сківіцы, халодныя вочы, на фізіяномію зірнеш – да варажэі не хадзі, ногі ў кірзавых ботах.
Але фота, якое я на аўтамаце паставіла на паласу, аказалася старое, і ў дзядзькі на пагонах блішчэла на адну зорачку меней, чым ён цяпер мае.
– Толькі і адчапіліся, калі запэўніў, што віноўныя паляцяць з працы са свістам, – начальнік мой, Вячаслаў Мацеевіч па мянушцы Доктар Зло, стамлёна выціраў змакрэлы лоб папяровай сурвэткай з выявамі калядных аленяў. – Вядома, што з цябе, дзеўкі, узяць. Сітуацыя дурная. Звальняць не буду, але перасядзі, пакуль усё супакоіцца, на другой пасадзе, далей ад рэдакцыі, каб на вочы нікому не траплялася.
Вось і не трапляюся. Я цяпер незаўважная, як шашаль у бярвенні.
Месца маёй высылкі – у вольным кутку службы бяспекі. Ахоўнікі вестцы, што цяпер у іх пад бокам будзе шыцца нейкая дызайнерка, асабліва не ўзрадаваліся. Тым болей міла шчабятаць не ўмею, на заляцанні рэагую, як воцат на лыжку соды.